Воскресенье, 7 декабря 2025

Вучні і педагог гімназіі падзяліліся меркаваннямі пра адкрыты ўрок ад Прэзідэнта

639

Працягваем друкаваць меркаванні пра адкрыты ўрок, які Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка правёў 1 верасня. На гэты раз імі дзеляцца пружанскія гімназісты і іх педагог.

Юлія Карасёва, вучаніца 11 класа:

— Падчас адкрытага ўроку Прэзідэнт заявіў, што заўсёды гатовы выслухаць ідэі моладзі. І гэта вельмі імпануе. Гаварылі пра адносіны Беларусі і Расіі, пазіцыю, якую займае дзяржава ў дачыненні да сусветных падзей, і пра тое, што заснавана яна на багатым вопыце мінулых пакаленняў і подзвігу продкаў. Увогуле, слухаць Кіраўніка дзяржавы было цікава. І тое, што ўрок доўжыўся не звыклыя 45 мінут, зусім не напалохала. Наадварот, дало магчымасць больш даведацца пра гісторыю, знайсці адказы на хвалюючыя пытанні. Ведаеце, для мяне было гонарам прысутнічаць на такім уроку, няхай сабе гэта адбывалася і дыстанцыйна.

Увогуле, вучыць і вучыцца зараз трэба будзе многа. Планы на гэты год грандыёзныя: хачу добра скончыць школу і паступіць у сталічны медуніверсітэт. Разумею, што мы будзем першым пакаленнем школьнікаў, якім замест ЦТ трэба будзе здаваць цэнтралізаваны экзамен. Аднак конкурс і прахадны бал у тую навучальную ўстанову, дзе хачу вучыцца далей, упэўнена, будуць высокімі. Гэта крыху палохае, але родныя, блізкія і настаўнікі, упэўнена, абавязкова падтрымаюць. Галоўнае — добрая база ведаў і сур’ёзны настрой.

Таццяна Захарчанка, вучаніца 11 класа:

— Гэта было незвычайна і сапраўды вельмі цікава — з першых вуснаў паслухаць пра гістарычнае мінулае і сучаснае развіццё краіны. Спадабалася тое, што ўрок не стаў маналогам ці сумнай лекцыяй — гэта быў дыялог на роўных. Прэзідэнт адкрыта размаўляў з вучнямі, студэнтамі, педагогамі, прадстаўнікамі духавенства і не толькі. Падымаліся актуальныя для грамадства пытанні, у тым ліку, што вельмі блізка для нас, пытанні адукацыі. У словах Кіраўніка дзяржавы адчувалася неабыякавасць да лёсу маладых беларусаў — нашага лёсу.

Думаецца, што падобныя ўрокі трэба праводзіць штогод. Цікава было б пабываць на такім мерапрыемстве непасрэдна ў Палацы Незалежнасці. А сёлета, у Год гістарычнай памяці, урок быў вельмі актуальны. Асабіста мне адгукнуліся тэмы Вялікай Айчыннай вайны і гістарычнага развіцця краіны.

Гэты навучальны год — апошні для мяне ў сценах гімназіі. Вельмі хочацца паспяхова закончыць школу, паступіць на абраную спецыяльнасць і далей прыносіць карысць Радзіме.

Вольга Дземасюк, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце гімназіі г. Пружаны, настаўнік пачатковых класаў:

— Падчас уроку падымалася многа цікавых і актуальных тэм. Асабіста мне запала ў душу выступленне протаіерэя Фёдара Поўнага. Ён казаў, што паняцці патрыятызму, маральнасці і духоўнасці неразрыўна звязаны. Гэтую пазіцыю я цалкам падтрымліваю.

Вельмі хочацца, каб гэта зразумелі і нашы вучні, асабліва выпускнікі. Каб усвядомілі, што патрыятызм — гэта не толькі пра веданне гісторыі, сімволікі сваёй краіны. Гэта пра тое, каб быць карысным людзям. Па меншай меры тым, побач з кім мы жывём, — сваім бацькам, сябрам, ветэранам, якіх рэгулярна наведваюць нашы вучні, дзецям, якім не хапае бацькоўскай цеплыні…

Некаторыя прадстаўнікі моладзі зараз ставяцца да жыцця з пазіцыі спажыўца, чакаюць усяго ад бацькоў, грамадства і дзяржавы. Патрыятызм жа — гэта не прыслужванне, а бескарыслівае служэнне народу. Гэта мы, педагогі, абавязкова пастараемся данесці да маладога пакалення. Хочацца навучыць хлопцаў і дзяўчат, перш за ўсё, аддаць, прынесці карысць ад сэрца і без прымусу.

Меркаваннямі цікавіўся Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік