Суббота, 15 марта 2025

Вучэнні па арганізацыі тэрытарыяльнай абароны прайшлі ў раёне (+відэа)

1 018

З 31 мая па 2 чэрвеня на тэрыторыі Пружанскага раёна праводзіліся мерапрыемствы па арганізацыі тэрытарыяльнай абароны.

Згодна з «Планам падрыхтоўкі да рашэння задач па прызначэнні органаў кіравання тэрытарыяльнай абароны і часцей тэрытарыяльных войскаў Брэсцкай вобласці», першая частка вучэнняў была прысвечана тэарэтычным заняткам. А ў апошні дзень прайшоў збор ваенных камісараў і кіраўнікоў раённых і гарадскіх выканаўчых камітэтаў рэгіёна з адпрацоўкай практычных пытанняў.

Як зазначыў першы намеснік старшыні аблвыканкама Валянцін Зайчук, гэта неабходна для абмену вопытам падрыхтоўкі аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, правядзення арганізацыйных мерапрыемстваў.

З аналізам сітуацыі выступіў абласны ваенны камісар Алег Канавалаў, які адзначыў станоўчыя вынікі аналагічных мерапрыемстваў мінулых гадоў, што прайшлі на Брэстчыне, у тым ліку і з удзелам Кіраўніка дзяржавы.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч падзяліўся вопытам стварэння і падтрымання ў належным стане аб’ектаў тэрытарыяльнай абароны, а таксама забеспячэння неабходным аснашчэннем вайсковых падраздзяленняў. Пасля чаго гатоўнасць Пружаншчыны да магчымага абвастрэння сітуацыі была прадэманстравана на рэальных прыкладах.

Удзельнікі збору наведалі аб’екты складзіравання маёмасці, дзе азнаёміліся з парадкам падбору рэчаў і правіламі іх захоўвання. Падрыхтоўку аб’ектаў жыццёва важнай інфраструктуры да магчымай небяспекі паказалі на прыкладзе Пружанскай ЦЭЦ. Пры гэтым прысутныя знаёміліся з арганізацыяй не толькі знешняга контуру абароны, але і створанымі для вайскоўцаў умовамі ўнутранай службы ў розных крызісных сітуацыях.

Трэба адзначыць, што на ўсіх этапах разглядаліся пытанні арганізацыі не наступальных дзеянняў, а менавіта абароны. Згодна з ваеннай дактрынай нашай краіны, Беларусь не прэтэндуе на землі суседзяў, але будзе жорстка абараняць сваю ад знешняй агрэсіі. Напрыклад, удзельнікам штабной трэніроўкі прадэманстравалі створаны на ўездзе на вул. Інтэрнацыянальную кантрольна-прапускны пост, у склад якога ўваходзілі прадстаўнікі сілавых структур райцэнтра. Намеснік начальніка райаддзела міліцыі Аляксандр Семаковіч расказаў пра асаблівасці арганізацыі КПП, нясення службы на ім і парадак дзеяння службоўцаў падчас узнікнення няштатных сітуацый.

Нягледзячы на праліўны дождж, быў прадэманстраваны сцэнарый затрымання дыверсійнай групы з аўтаматнай перастрэлкай і выбухамі гранат.

У другой палове дня ўдзельнікі збору здавалі залікі па стральбе з пісталета і аўтамата на базе Ружанскага палігона. Кожны павінен быў прадэманстраваць алгарытм дзеянняў са зброяй, а таксама паразіць мішэнь вызначаную колькасць раз.

Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік