
Перафразоўваўшы знакаміты выраз «хочаш міру — рыхтуйся да вайны», які прыпісваюць і рымскаму гісторыку Карнелію Непату, і ваеннаму пісьменніку з Рыма Публію Флавію Вегецыю Рэнату, і нават філосафу Платону, адзначым, што любая дзяржава павінна ўмець абараняцца.
Прытрымліваецца гэтага і наша краіна. Таму яшчэ ў 2011 годзе ў Беларусі пачалі арганізоўвацца органы тэрытарыяльнай абароны, ад Генеральнага штаба Узброеных сіл Рэспублікі Беларусь да фарміраванняў пры кожным сельвыканкаме. Такія структуры ёсць і ў Пружанскім раёне.
Каб не страціць сваю мабільнасць, арганізаванасць, уменне валодаць зброяй і інш, праводзяцца вучэнні. Адно з такіх, а менавіта па агнявой падрыхтоўцы пад кіраўніцтвам старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча прайшло на днях на тэрыторыі 210 авіяцыйнага палігона.
Унікальную магчымасць азнаёміцца не толькі з узорамі стралковага ўзбраення, але і паспрабаваць яго ў справе атрымалі прадстаўнікі райвыканкама, прадпрыемстваў і арганізацый раёна. Трапны агонь нашых тэрытарыяльных стралкоў даказаў, што абарона Пружаншчыны — у надзейных руках.
Падчас правядзення вучэння не абышлося без прыемных момантаў. Так, ваенны камісар раёна Кірыл Шаўчэнка ўручыў юбілейны медаль «80 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гадоў» старшыні райвыканкама Міхаілу Грышкевічу. Ключы ад службовага жылля з рук кіраўніка вертыкалі ўлады раёна атрымаў начальнік 210 авіяцыйнага палігона палкоўнік Мікалай Іваноў.
Дэманстрацыю ваеннай тэхнікі арганізавалі ваеннаслужачыя 250 асобнага батальёна аховы і абслугоўвання.
Як сказаў пры падвядзенні вынікаў стрэльбаў палкоўнік Мікалай Іваноў, мэта заняткаў дасягнута, удзельнікі замацавалі атрыманыя веды на практыцы, што дасць магчымасць трымаць гатоўнасць тэрытарыяльных войскаў Пружанскага раёна на належным узроўні.
Падрыхтаваў Віктар Ільюшчанка
Фота прадастаўлена ваеннаслужачымі палігона
