У дзяржаўнай установе адукацыі «Сярэдняя школа №1 імя Чырвана-сцяжнай Беларускай ваеннай акругі» г. Пружаны прайшло ўрачыстае мерапрыемства, падчас якога супрацоўнікі ваеннага камісарыята Брэсцкай вобласці перадалі раённаму цэнтру дапрызыўнай падрыхтоўкі два макеты аўтамата Калашнікава.

Удзел у падзеі прыняў і ваенны камісар Брэсцкай вобласці палкоўнік Алег Канавалаў, які адзначыў важнасць работы цэнтраў дапрызыўнай падрыхтоўкі і своечасовага папаўнення іх матэрыяльна-тэхнічнай базы.
— Ваш цэнтр быў адным з першых, які адкрылі на Брэстчыне. Іх асноўная задача — забеспячэнне навучэнцаў якасным узроўнем ваеннай падрыхтоўкі, выхаванне патрыятызму. Навучанне ў падобных цэнтрах спрашчае далейшае праходжанне хлопцамі ваеннай службы. Ды і для ўсіх набытыя навыкі часта становяцца неабходнымі ў жыцці, — адзначыў Алег Анатольевіч.
Дырэктар школы Святлана Станкевіч падзякавала за такі падарунак і выказала надзею, што дадзеныя макеты паспрыяюць умацаванню ведаў і навыкаў у навучэнцаў цэнтра, дапамогуць палепшыць вынікі на спаборніцтвах ваенна-патрыятычнай накіраванасці. Святлана Мікалаеўна таксама ўручыла гасцям падарунак — кнігі аб Пружанскім раёне.
Словы падзякі ваеннаму камісарыяту Брэсцкай вобласці выказаў і намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч.
— У нашым раёне ў апошні час праводзіцца вялікая работа па ваенна-патрыятычнай падрыхтоўцы, акрамя раённага цэнтра, працуюць і клубы адпаведнага накірунку. І падобная работа дае свой плён. Пра гэта сведчаць і вынікі, якія паказваюць школьнікі ў розных конкурсах і спаборніцтвах, у тым ліку і ваенна-патрыятычных. Так што разам будзем і далей рухацца наперад, — адзначыў Руслан Васільевіч.

Школьнікам было прапанавана правесці разборку і зборку вучэбных аўтаматаў, з якой яны справіліся паспяхова.
Руслан Басак.
Фота аўтара
