Среда, 9 июля 2025

Вучань СШ № 5 Станіслаў Брадніцкі выйшаў у суперфінал рэспубліканскага тэлевізійнага праекта «Я ведаю!»

826

Для вучня 10 «А» класа СШ № 5 г. Пружаны Станіслава Брадніцкага школа сапраўды з’яўляецца другім домам: так шмат часу ён аддае ўстанове адукацыі. Але не падумайце, што хлопец застаецца на дадатковыя заняткі з-за непаспяховасці! Дзесяцікласнік можа здзівіць сваёй працаздольнасцю, актыўнасцю і дапытлівасцю нават самых вопытных педагогаў, а скарбонка яго дасягненняў сапраўды ўражальная.

Вучань 10 «А» класа СШ № 5 г. Пружаны Станіслаў Брадніцкі

Толькі ў гэтым навучальным годзе Станіслаў Брадніцкі заняў тры першыя месцы на раённым этапе алімпіяды – па матэматыцы, геаграфіі, французскай мове, трэцяе месца – па гісторыі. З пералічаных прадметаў юнаму эрудыту больш імпануе геаграфія, таму ён вырашаў працягнуць спаборніцтвы па гэтым прадмеце і паспяхова выйшаў на рэспубліку. На фінальным этапе алімпіяды дзесяцікласнік атрымаў Пахвальны водгук, да дыплома не хапіла аднаго бала. Вядома, падлетак спачатку засмуціўся, але ўжо паставіў сабе мэту на наступны навучальны год.

– Станіслаў вельмі мэтанакіраваны, адказны хлопец, які з энтузіязмам бярэцца за любую справу. Ён не толькі не прапускае ніводнага ўрока і факультатыва, але і наведвае ўсе мерапрыемствы, незалежна ад надвор’я ці настрою, – характарызуе вучня класны кіраўнік, настаўнік матэматыкі і інфарматыкі Дзмітрый Арабчык. – Наш калектыў шануе Стаса за дружалюбнасць, неабыякавасць, сціпласць. Хлопец з’яўляецца апорай для аднакласнікаў, якія нярэдка звяртаюцца па яго дапамогу.

Таксама дзесяцікласнік з’яўляецца актыўным удзельнікам інтэлектуальнай каманды «Бліцкрыг». Яго ўсебаковая развітасць і разумовыя здольнасці ўносяць важкі ўклад у шматлікія перамогі калектыву.

– Стас валодае лідарскімі якасцямі, што можна прасачыць падчас спрэчных момантаў у ходзе інтэлектуальных гульняў. Калі ён разумее, што ўпэўнены ў адказе на сто працэнтаў, з ім ніхто не зможа паспрачацца. Дарэчы, каманда гэта ўжо прыняла: дзеці ведаюць, што Стас не будзе рабіць здагадкі і біць неўпапад. Ёсць у яго пэўная рыса – непрыязнасць да пустаслоўя, – адзначыў настаўнік гісторыі Ілья Янушка, які трэніруе каманду «Бліцкрыг».

У Стаса, між іншым, вельмі абшырнае кола інтарэсаў. Ён многа чытае, цікавіцца творамі па-за межамі школьнай праграмы, займаецца спортам (у прыватнасці – стральбой), наведвае трэнажорную залу.

– Напэўна, у сёмым класе я зразумеў, што школа дае мноства магчымасцяў для рэалізацыі, заахвочвае да ўсебаковага развіцця, і пачаў прымаць удзел амаль ва ўсіх прапанаваных мерапрыемствах, – кажа хлопец. – Цяпер я жыву ў даволі хуткім тэмпе, але мне падабаецца, у такім рэжыме жыццё больш насычанае і яскравае. Заўсёды ёсць чым заняцца, патокам ідуць новыя ўражанні, сустрэчы, знаёмствы, і з-за разнастайнасці ўсяго гэтага я не стамляюся.

Нядаўна Станіслаў Брадніцкі прайшоў адбор у Нацыянальны дзіцячы тэхнапарк і ўжо цяпер знаходзіцца на змене, дзе паглыблена вывучае прыродныя рэсурсы.

– Сказаць, што Станіслаў разумнік – не сказаць нічога. Гэта вельмі адказны вучань, выхаваны і прыязны чалавек, – кажа намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Алена Аскерка. – Высокаінтэлектуальныя дзеці з’яўляюцца выключэннем з агульнай масы вучняў, а такія эрудыты, як Стас, увогуле сустракаюцца рэдка, таму нам з ім вельмі пашанцавала. Упэўнена, што Станіслаў выйдзе на шырокі шлях, і ў хуткім часе мы будзем чуць яго прамовы па тэлебачанні.

Станіслаў Брадніцкі і яго класны кіраўнік Дзмітрый Арабчык у студыі тэлегульні «Я ведаю!» разам з вядучымі Георгіем Калдуном і Юліяй Пярцовай.

Дарэчы, наконт тэлебачання… Герой нашага артыкула ўжо і гэты вопыт паспеў атрымаць. Станіслаў Брадніцкі прыняў удзел у рэспубліканскім тэлевізійным праекце «Я ведаю!» і… выйшаў у суперфінал! Калі раптам вы прапусцілі эфір, то зможаце знайсці яго на YouTube-канале «Тэлеканал Беларусь 1» і паглядзець на віртуозную гульню нашага земляка ў 21 выпуску 6 сезона праекта.

Калі глядзіш праграму «Я ведаю!», ствараецца ўражанне, што Станіслаў у нязвыклых абставінах пачуваўся максімальна спакойна і ўпэўнена. Ён быў нешматслоўны, канкрэтна і правільна адказваў на пытанні вядучага. Але хлопец кажа, што, канечне, хваляваўся.

– Наогул, у мяне ёсць пэўны страх перад сцэнай, – прызнаецца дзесяцікласнік. – Я баяўся «вылецець» у першым туры. Але ўзяў сябе ў рукі і аптымістычна паглядзеў на сітуацыю. Гульня была цікавая, я застаўся задаволены сваімі адказамі, а яшчэ і крутыя падарункі атрымаў. Такія ўспаміны дакладна застануцца на ўсё жыццё.

Суправаджаў і падтрымліваў падлетка ў цікавым падарожжы яго класны кіраўнік.

– Незнаёмая абстаноўка, калі на цябе глядзіць дзясятак камер, пільная ўвага да тваіх адказаў і разуменне, што ты ў галоўнай ролі… Канечне, гэтыя фактары ўплывалі на якасць гульні. Дзецям было маральна цяжка сутыкнуцца з такім маштабам упершыню. Шчыра кажучы, мне самому было няёмка і хвалююча. Я ганаруся Стасам, ён здолеў пераадолець эмоцыі, настроіцца на перамогу і паказаць выдатны вынік, – дзеліцца ўражаннямі Дзмітрый Станіслававіч.

Дарэчы, Стас ужо выступіў і ў фінальным этапе тэлевізійнай інтэлектуальнай гульні.  Эфір суперфіналу рэспубліканскага праекта «Я ведаю!» выйдзе 6 мая на тэлеканале «Беларусь 1». Які вынік паказаў вучань СШ № 5 у заключнай гульні? Пакуль Станіслаў і яго настаўнік Дзмітрый Арабчык захавалі інтрыгу, абмежаваўшыся невялічкім каментарыем, маўляў, выступілі годна. Што ж, будзем з нецярпеннем чакаць фінальнага выпуску праграмы!

Юлія Янушка. Фота Кацярыны Масік і Дзмітрыя Арабчыка