Установы адукацыі Пружанскага раёна далучыліся да рэспубліканскай акцыі «Мая сям’я – мая краіна», прымеркаванай да Дня Перамогі і Дня сям’і. У СШ № 3 г. Пружаны быў распрацаваны цэлы комплекс разнастайных мерапрыемстваў, актыўны ўдзел у якіх прынялі і дзеці, і дарослыя.
Напрыклад, вучань 9 «А» класа, член рэдкалегіі школьнай газеты «Пераменка» Арсеній Валасевіч у рамках акцыі «Я памятаю. Я ганаруся» правёў грунтоўную работу і стварыў тэматычную прэзентацыю пра свайго прадзеда, які прымаў удзел у Вялікай Айчыннай вайне. У падрыхтоўцы праекта хлопцу дапамагала кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні, настаўнік гісторыі Галіна Сідарэнка.
Прапануем вам матэрыял Арсенія Валасевіча пра свайго прадзядулю.
«Я хачу расказаць вам пра свайго прадзеда Васіля Ігнатавіча Валасевіча – удзельніка Вялікай Айчыннай вайны.
Ён нарадзіўся 5 красавіка 1919 года ў Пружанах у звычайнай беларускай сям’і. Маці была хатняй гаспадыняй, бацька – ганчаром. У Васіля было яшчэ трое братоў, два з якіх таксама ўдзельнічалі ў баявых дзеяннях.
Прадзед вырашыў заняцца рамяством, але ствараў ён не чыгуны, а колы для вазоў. У той час гэта быў даволі прэстыжны занятак.
У 1939 годзе пасля паходу Чырвонай Арміі адбылося ўз’яднанне Заходняй і Усходняй Беларусі. А ўжо 20 жніўня 1940 года Васіль Ігнатавіч быў прызваны на ваенную службу. Трапіў у склад 80-й стралковай дывізіі. Прысягу прыняў у тым жа годзе.
22 чэрвеня 1941 года пачалася Вялікая Айчынная вайна, у якой мой прадзядуля прымаў актыўны ўдзел. Служыў у 480-м асобным стралковым батальёне. У 1941 годзе выбыў з яго па хваробе. Пазней быў залічаны ў 36-ы разведвальны батальён. У снежні 1941 года быў залічаны ў 80-ю стралковую дывізію.
Ён таксама прыняў удзел у абароне Ленінграда, але там быў паранены і трапіў у палон. Гэта адбылося ў 1942 годзе. Згодна з дакументамі, яго аб’явілі зніклым без вестак, аднак пасля вайны Васіль Ігнатавіч вярнуўся на Радзіму, у горад Пружаны, дзе і пражываў далей.
За мужнасць і ваенную доблесць Васіль Ігнатавіч Валасевіч быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай Вайны ІІ ступені.
Пасля ваеннага ліхалецця прадзед працаваў будаўніком і дапамагаў аднаўляць разбураныя дамы.
У яго было трое дзяцей: два сыны – Павел і Анатоль – і дачка Таццяна.
12 ліпеня 1997 года Васіля Ігнатавіча Валасевіча не стала…
На жаль, я яго не памятаю. Але ведаю пра яго баявое і гераічнае мінулае і ганаруся тым, што належу да роду Валасевічаў! Буду свята шанаваць памяць аб сваім продку, які заваяваў перамогу і захаваў мір на зямлі! У імя тых, хто жывы, і тых, каго ўжо няма з намі, і тых, хто будзе потым!».
Фота Кацярыны Масік