Суббота, 14 декабря 2024

Встречаем наших паралимпийцев!

1 292

У бразільскім Рыа-дэ-Жанейра з 7 па 17 верасня праходзілі Паралімпійскія гульні-2016. Беларускія паралімпійцы прывезлі з далёкага Паўднёва-Амерыканскага кантынента 10 медалёў, з якіх 8 — залатыя. У агульнакамандным заліку наша каманда заняла 19 месца.

_dsc9868_izmen.razmer

У складзе беларускай паралімпійскай каманды выступаў і наш зямляк інструктар-метадыст ДЮСШ №1 г.Пружаны Андрэй Муха. У кіданні кап’я ў  катэгорыі F12/13 наш зямляк паказаў сёмы вынік.

Нядаўна Андрэй з Рыа-дэ-Жанейра вярнуўся ў Пружаны. А ў мінулую сераду спартсмена ўшаноўвалі ў райвыканкаме. На сустрэчу прыйшлі работнікі райвыканкама на чале з яго старшынёй М.М.Крэйдзічам, калегі па працы з ДЮСШ №1, блізкія і знаёмыя людзі.

Першым узяў слова старшыня райвыканкама М.М.Крэйдзіч. У сваёй прамове ён павіншаваў А.Муху з паспяховым выступленнем на Паралімпійскіх гульнях у Бразіліі.

—І нават сёмае месца — гэта добры вынік, — сказаў кіраўнік раёна.

Міхаіл Мікалаевіч зазначыў, што імя Андрэя цяпер стала вядома не толькі ў нашай краіне, але і далёка за яе межамі. А разам з гэтым ён праславіў і нашу Пружаншчыну. Старшыня райвыканкама пажадаў Андрэю далейшых спартыўных поспехаў і ўручыў каштоўны падарунак.

Завуч ДЮСШ №1 У.І.Мелеш зазначыў, што канкурэнцыя на Паралімпійскіх гульнях была даволі высокай, і сёмае месца Андрэя з’яўляецца годным вынікам. У кідальнікаў кап’я ўзрост 30 гадоў не з’яўляецца крытычным. Уладзімір Іванавіч упэўнены, што ў нашага паралімпійца наперадзе яшчэ шмат перамог на самым высокім узроўні.

Выступіў і сам віноўнік урачыстасці. Андрэй падзякаваў кіраўніцтву райвыканкама за арганізаваную сустрэчу і сказаў, што нават у далёкім Рыа-дэ-Жанейра адчуваў падтрымку землякоў.

20160928_7807_izmen.razmer

Наш карэспандэнт сустрэўся з Андрэем Мухам і папрасіў яго падзяліцца сваімі ўражаннямі ад удзелу ў Паралімпійскіх гульнях.

— Андрэй, паездка ў Рыа для цябе стала нечаканасцю?

— Я бы так не сказаў: рыхтаваўся да Паралімпійскіх гульняў на працягу ўсяго гэтага года. У сакавіку выступіў на этапе сусветнага гран-пры ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах, дзе заняў трэцяе месца, а ў чэрвені ў Італіі на чэмпіянаце Еўропы паказаў сёмы вынік.

Вядома, нервовае напружанне і чаканне старту Паралімпіяды прысутнічала.

— З якімі  пачуццямі  вярнуўся на Радзіму?

— Пачуцці дваякія. З аднаго боку, у гэтых спаборніцтвах я ўстанавіў уласны рэкорд у інва-спорце — 56 метраў 32 сантыметры. Але ж адчуваў, што магу кінуць і далей. У адной са спроб кап’ё паляцела на 59 метраў, але, на жаль, я зрабіў заступ і гэты вынік не быў  залічаны. Таму прысутнічае і нейкая незадаволенасць сваім выступленнем.

— Андрэй,  што больш за ўсё цябе ўразіла падчас знаходжання ў Рыа-дэ-Жанейра?

— Канешне, гэта славуты стадыён «Маракана», дзе адбываліся адкрыццё і закрыццё гульняў. Уражвае і сама сталіца Бразіліі, дзе сучасная забудова сусед-нічае з беднымі  фавеламі, сустракаюцца нават дамы без дахаў і вокнаў. Бачылі мы і Меку Бразіліі — статую Хрыста Збавіцеля, пабывалі на пляжах Атлантыкі.

— Як ты ставішся да ўчынку Андрэя Фомачкіна, які ўзняў расійскі трыкалор падчас урачыстага адкрыцця Паралімпійскіх гульняў?

— Наша каманда салідарна з расійскімі паралімпійцамі. Сярод іх у мяне шмат знаёмых, з якімі разам трэніруемся і выступаем. Таму адхіленне ра-сійскай каманды ад гульняў — гэта, па-мойму, ужо палітыка. Усе члены нашай беларускай дэлегацыі па-ставілі свае аўтографы на расійскім сцягу, які перададзены ў Паралімпійскі камітэт Расіі.

— Андрэй, чытачам было б цікава даведацца, як ты прыйшоў у спорт?

— У 1992 годзе пайшоў у першы клас СШ №3. І амаль адначасова пачаў займацца ў ДЮСШ №1 — спецыялізаваўся на скачках у даўжыню, вышыню і трайным скачку. Першым маім трэнерам быў В.С.Зуй.

Пасля заканчэння школы год адвучыўся ў аграрна-тэхнічным каледжы, а ў 2004 годзе стаў студэнтам факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Падчас вучобы захапіўся шматбор’ем і кіданнем кап’я.

Працаваў дырэктарам нашага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба «Мухавец» і трэнерам па хакеі, гуляў за зборную Пружанскага раёна па валейболе.

— Андрэй, а якія ў цябе планы на будучыню?

— Бліжэйшы сур’ёзны старт адбудзецца ўжо ў наступным годзе на чэмпіянаце свету ў Лондане. А наогул, будзем рыхтавацца да Паралімпійскіх гульняў-2020 у Токіа.

Гутарыў Мікола Архуцік.

Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *