Калі выбіралі на гарадскіх могілках месца для магілы Міхаіла Лукіча Кулешы, наглядчык прапанаваў куточак каля самай агароджы. Маўляў, хто ён такі? Усяго толькі адзінокі стары настаўнік. “Гэта — чалавек-легенда”, — пачуў у адказ.
Імя настаўніка хіміі СШ №2 Міхаіла Кулешы шмат гадоў было, што называецца, на слыху ў пружанцаў. Але не памятаю, каб наша “раёнка” расказвала пра гэтага ўнікальнага чалавека. Перашкаджала яго ўласная сціпласць або нейкія іншыя моманты? Напэўна, “моманты” ўсё ж былі: біяграфія педагога не вельмі адпавядала тагачаснаму эталону, не хапала ў ёй партыйна-патрыятычнага складніка. У той жа час, ён і без гучных артыкулаў ведаў, што сапраўдная цана яго працы – трывалыя вучнёўскія веды.
Сорамна цяпер: што перашкаджала цікаўнаму журналісту паразмаўляць са славутым настаўнікам? Ды не, такія мы, “заднім розумам” моцныя. Паспрабую хоць крышачку рэабілітавацца зараз.
Пачнём з архіва раённага аддзела па адукацыі, дзе захаваліся некаторыя дакументы. Яны сведчаць, што Кулеша Міхаіл Лукіч нарадзіўся ў 1908 годзе ў Пружанах, у сялянскай сям‘і, з’яўляецца беларусам. Скончыў Пружанскую гімназію, а ў 1938 годзе — прыродазнаўча-матэматычны факультэт Віленскага ўніверсітэта.
1 верасня 1944 года, адразу пасля вызвалення Пружан ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, адкрыліся школы, і Кулеша два гады ўзначальваў РСШ №2. Потым яшчэ два гады быў дырэктарам беларускай СШ №1. Другі перыяд яго дырэктарства ў рускай сярэдняй школе №2 прыпадае на 1950-1951 навучальны год. На пачатку 1950-х некалькі гадоў Міхаіл Лукіч працаваў у Хараўской СШ, а потым зноў вярнуўся ў СШ №2 і заставаўся тут у якасці настаўніка хіміі ажно да ліпеня 1990 года.
У 1967 годзе атрымаў значок “Выдатнік народнай асветы”, у 1975 і 1982 – Ганаровыя граматы Міністэрства асветы БССР, у 1984 яму прысвоілі катэгорыю “настаўнік-метадыст”.
З характарыстыкі: “Дысцыплінаваны, сумленны педагог, які працуе творча. Глыбока і ўсебакова ведае свой прадмет. Добрасумленна і ўдумліва рыхтуецца да ўрокаў. Яго ўрокі эмацыянальныя, выклікаюць цікавасць да вучобы, выхоўваюць патрэбу ў ведах, насычаны прыкладамі з навакольнага жыцця, носяць праблемна-даследчыцкі характар… Лабараторныя і практычныя работы ўключаюць у сябе элементы творчага пошуку. Умела ажыццяўляе міжпрадметныя сувязі. Навучанне і выхаванне зліваюцца на яго ўроках у неперарыўны працэс.
Яго вучні з‘яўляюцца пераможцамі раённых, абласных і ўдзельнікамі рэспубліканскіх і ўсесаюзных алімпіяд па хіміі. Яны пацвярджаюць свае адзнакі пры паступленні ў ВНУ. Многія сталі спецыялістамі-хімікамі, вучонымі.
Сістэматычна працуе над павышэннем свайго ідэйна-палітычнага ўзроўню і педагагічнага майстэрства. У цяперашні час працуе над праблемай арганізацыі сучаснага ўрока хіміі.
Нязменны кіраўнік раённага метадычнага аб‘яднання настаўнікаў хіміі. Кіраўнік пастаянна працуючага семінара для настаўнікаў-неспецыялістаў, якія выкладаюць хімію…”
Але нават самая грунтоўная характарыстыка не перадае манеру вядзення ўрока, рысы характару настаўніка, не дае ўяўлення пра яго асобу. Зрабіць гэта дапамогуць былыя калегі і вучні.
Былая настаўніца пачатковых класаў СШ №2 Ангеліна Іванаўна Самусь:
Я вучылася ў рускай школе ў М.Л.Кулешы, а потым мы працавалі разам. Калі пайшла на пенсію ў 1987-м, ён працягваў працаваць яшчэ некалькі гадоў. Тады ўжо толькі астраномію выкладаў, а не хімію.
Кур‘ёзны выпадак памятаю. Аднойчы Міхаіл Лукіч захварэў і звярнуўся ў паліклініку па бальнічны. Адтуль патэлефанавалі ў школу: няўжо сапраўды чалавек у такім шаноўным узросце працуе? Думалі, склероз у дзядулі.
З ім прыемна было працаваць: інтэлігентны вельмі, падцягнуты, заўсёды прамая спіна, ідэальная выпраўка, усмешка на твары. Ён шмат чаго ведаў і акрамя свайго прадмета, творчы вельмі чалавек быў. Ужо гадоў 40 яму было, калі вырашыў вучыцца на піяніна іграць. Ноты сам вывучыў. І ўсё ў яго атрымлівалася.
Ірына Аляксееўна Лемяшэўская:
—Ён быў не толькі маім настаўнікам, але і класным кіраўніком. Наогул, у яго вучыліся і чатыры мае браты, так што ў нашай сям‘і, можна сказаць, прозвішча Кулешы было заўсёды на слыху. І ведаеце, мы ўсе пры паступленні ў вышэйшыя навучальныя ўстановы здавалі хімію. Без рэпетытараў выдатна ведалі прадмет. Адзін толькі брат выбраў тэхнічную спецыяльнасць, а мы ўсе астатнія — медыцынскія.
Гэта быў чалавек высокай культуры і ў той жа час просты, сціплы. Вельмі акуратны, да педантызму. Я была старастай класа, і нейкія справаздачы тады трэба было пісаць. А як пісаць? Ён нас вучыў. Мы прыходзілі да яго дахаты: я, камсарг, яшчэ нехта з дзяўчат. Гэта шчасце было, калі запрашаў нас у выхадны. Я з вечара рыхтавалася: белы каўнерык і манжэты ад школьнай формы мыла, напрасоўвала.
У яго пакоі вельмі сціплая абстаноўка была, піяніна ў прасценку паміж двума вокнамі стаяла, стол, этажэрка… І заўсёды пахла чыстым дрэвам ад памытай падлогі (нефарбаваную падлогу венікам тады шаравалі дабяла).
Калі сказала Міхаілу Лукічу, што не змагу быць урачом, на фармацэўта пайду вучыцца, ён адобрыў. Сказаў, што правільна раблю. Маўляў, самымі адукаванымі людзьмі заўсёды былі аптэкары. І запатрабаванымі пры любой уладзе. У прыклад прывёў аптэкара Кшывапішу, што “за польскім часам” быў уладальнікам пружанскай аптэкі (у будынку яе зараз размясціўся “Прэстыж”): да яго людзі ішлі не толькі па лекі, але і па параду або калі трэба заяву якую напісаць. Дарэчы, калі я ўжо сама працавала ў аптэцы, то звярталася да Міхаіла Лукіча з просьбай перакласці інструкцыі да замежных прэпаратаў. Ён выдатна ведаў нямецкую і польскую мовы.
Мой брат Яўген стаў прафесарам медыцыны, жыве ў Маскве. А калі яго сын таксама сабраўся паступаць у медыцынскі, то прыязджаў рыхтавацца па хіміі да Кулешы. Міхаіл Лукіч любіў потым сказаць: вось, да вясковага настаўніка з Масквы вучыцца прыязджаюць.
Урач-пенсіянер Міхаіл Міхайлавіч Чарнуха, жыхар г.Брэста:
—Я быў старастам класа, і мы рабілі шмат хімічных доследаў, праводзілі паказальныя ўрокі для настаўнікаў раёна. А прыкладна ў 1959 годзе (або якім годам пазней, тады яшчэ не адкрылі новы будынак школы па вуліцы Шырмы, а мы вучыліся ў будынку на Піянерскай, насупраць райаддзела міліцыі) Кулеша арганізаваў хор. Бралі ўсіх жадаючых — і я пайшоў. Міхаіл Лукіч мяне праслухаў, кажа: “Слыху няма, але для фігуры будзеш”. Мы выступалі ў Доме культуры – былым касцёле, спявалі песню “Летите, голуби, летите»…
Любоў Іванаўна Каўганка:
—Малодшы брат Міхаіла Лукіча — Аляксей Лукіч быў зусім іншым і знешне, і па характары. Ён таксама быў педагогам у СШ №2, толькі выкладаў фізіку. Яго жонкай стала мая хросная Ганна Пятроўна Пышка, таму я пэўны час мела зносіны з гэтай сям‘ёй. Браты былі вельмі дружнымі. Калі Аляксей пераехаў ва ўласны дом на вуліцы Маякоўскага, амаль насупраць нашага, Міхаіл кожны вечар прыходзіў да яго на вячэру. Па ім суседзі маглі гадзіннікі звяраць: у адзін і той жа час ён ішоў па вуліцы Свабоды. І вячэра, наколькі памятаю, была аднолькавая: падагрэтае на вадзяной лазні малако са свежым абаранкам.
Таісія Антонаўна Сакалова:
—У Міхаіла Лукіча было цяжка вучыцца: ён арганізоўваў заняткі, як у інстытуце. Чытаў лекцыі, прычым не па падручніку, таму абавязкова трэба было весці канспект. А ў канцы цыкла лекцый трэба было па гэтых канспектах адказваць. Памятаю, як вытанчана двума пальцамі ён трымаў крэйду, як выгаворваў вучню, які карава фармуляваў фразы: “Трэба вучыцца размаўляць правільна”. Аднойчы ён ва мне расчараваўся. Я заўсёды была добрай вучаніцай, а тут не адказала ўрок. Кулеша паставіў “тройку” і сказаў: “Больш пытаць цябе да канца чвэрці не буду”. І слова стрымаў. Нават класны кіраўнік прасіла, але дарма. У мяне перад “тройкай” стаялі лепшыя адзнакі, таму за чвэрць атрымалася “чацвёрка”, і я да сённяшняга дня памятаю гэты выпадак.
А Аляксей Лукіч быў просты, “неінтэлігентны”, хаця таксама патрабавальны настаўнік. У Пружанах, дарэчы, братоў называлі Кулеша-“белы” і Кулеша-“чорны”…
Адразу пасля вайны і руская, і беларуская школы размяшчаліся ў драўляным будынку, а ў цагляным быў вайсковы шпіталь. Потым ён выехаў, і будынак пачалі рамантаваць. Браты Кулешы прымалі ўдзел у гэтым рамонце. Памятаю, як яны хадзілі ў той час у такіх сандалетах ці басаножках на драўлянай падэшве. Падчас вайны і пасля яе, калі абутку сапраўднага не было, насілі падобныя “стукалкі”. Мясцовыя майстры надразалі падэшву і замацоўвалі скураной палоскай, каб пальцы згіналіся. А верх рабілі брызентавы ці яшчэ які. Для дзяўчат у драўлянай танкетцы рабілі ўстаўкі-палосачкі розных колераў. У мяне таксама такія былі.
Любоў Мікалаеўна Шарашовец:
—Я ведала М.Л.Кулешу ў яго апошнія гады жыцця як рэпетытара. Гэта былі 1994-1995 гады, пра яго забыліся ўжо як пра педагога. Брат пайшоў з жыцця, і, напэўна, зносін яму ў той час не хапала. Таму з вялікім задавальненнем займаўся са мной, рыхтаваўся да майго прыходу. Хаця, зразумела, у суразмоўцы яму я, дзесяцікласніца, ніяк не падыходзіла. Расказваў, праўда, як пехатою ішоў з Вільнюса да Варшавы – бег ад ваенных дзеянняў (нават не ведаю, падчас якой вайны гэта было), як падчас вучобы ва ўніверсітэце зарабляў урокамі.
Ён жыў з сястрой Ганнай, у іх захоўваўся дома такі ўклад старажытны, нібы ў 19-м стагоддзі. На парозе 21-е стагоддзе, а тут ледзь не з паклонамі адзін да аднаго звяртаюцца. Ганна Лукінічна нібы нянька ў брата была. Яна мне прызнавалася, што ў свой час “была лянівая, да вучобы няздатная”, ды і ў бацькоў грошай не было ўсіх дзяцей вучыць. Таму яна і старэйшы брат Пётр заставаліся “на гаспадарцы”, а Міхаіл з Аляксеем — таленавітыя, вучыліся. Дарэчы, Міхаіл Лукіч, ужо калі яму было за 80 гадоў, пачаў вывучаць англійскую мову самастойна. Аднекуль яму прывозілі самавучыцелі.
Памятаю, што быў вельмі педантычным, трэба было выконваць шэраг яго патрабаванняў: запісваць у сшытку задачы па вызначанай форме, падкрэсліваць менавіта так, як ён казаў. І, зразумела, спазняцца нельга было катэгарычна.
Ён не быў напышлівым, але мог сказаць, напрыклад: “Вельмі няправільны адказ”. Трымаў дыстанцыю. Але я яго застала ў тую пару, калі гэтая дыстанцыя сціралася. У нас былі больш даверлівыя адносіны.
Міхаіл Лукіч Кулеша пайшоў з жыцця ў 1996 годзе. Аб даце яго смерці можна прыкладна меркаваць па спачуванні ад калектыву СШ №2, якое з‘явілася ў раённай газеце за 15 чэрвеня: на сціплым надмагільным помніку пазначаны толькі гады нараджэння і скону. Нашчадкаў у яго не засталося (лёс распарадзіўся так, што ў гэтай галіны роду Кулешаў – трох братоў і сястры – не было дзяцей), і, здавалася, імя легендарнага педагога паціху сыходзіць у нябыт. Але і сёння не-не ды пачуеш у размове з пружанцамі: “Я хімію ведаю, я ж вучыўся ў Кулешы”…
Ірына СЯДОВА.