Воскресенье, 28 мая 2023

Возвращение «Ружанской брамы»

1 353

Пасля трохгадовага перапынку Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў ізноў стаў цэнтрам свята, якое збірае не толькі жыхароў пасёлка, але і турытсаў з розных куткоў Беларусі.

Сёння можна толькі меркаваць, ці мелі б сучасныя Ружаны такую вядомасць, калі б у 1598 годзе мястэчка не купіў канцлер Вялікага Княства Літоўскага Леў Сапега?

Але гэтым мясцінам пашанцавала. Знакаміты дзеяч зрабіў велізарны ўклад у іх развіццё, дзякуючы яму, тут пабывалі кароль польскі і  вялікі князь літоўскі Уладзіслаў IV Ваза са сваёй жонкай Цэцыліяй Рэнатай Аўстрыйскай, а таксама апошні кароль Рэчы Паспалітай Станіслаў Аўгуст Панятоўскі. Сучаснікаў можа толькі парадаваць, што і праз некалькі стагоддзяў сюды прыязджаюць высокія госці, таленавітыя людзі, якіх збірае «Ружанская брама».

Упершыню гэтае свята, закліканае папулярызаваць аб’екты гісторыка-культурнай спадчыны, адбылося ў чэрвені  2011 года. Чарговая «Ружанская брама» — ужо пятая па ліку. Яна адрознівалася ад папярэдніх. Перш за ўсё, больш сціплым маштабам: дзейства, якое звычайна разгортвалася на некалькіх пляцоўках, сёлета не выйшла за межы тэрыторыі палацавага комплексу. Ні пленэраў разьбяроў, ні міжнародных інфармацыйных праектаў, як у папярэднія разы, сёлета не ладзілася. Тым не менш, цікаўнасць да «брамы» ад гэтага не паменшала. Па самых сціплых падліках тут сабралася больш за тры з паловай тысячы чалавек.Памятаю спрэчкі наконт таго, ці патрэбна побач з канцэртнай пляцоўкай размяшчаць маштабны выязны гандаль. Але ж не ўсе збіраюцца тут дзеля «хлеба» — большасць прыходзіць па «відовішчы». Балазе апошняга на «браме» заўсёды хапае. Па традыцыі на сцэне выступілі лепшыя калектывы аматарскай творчасці Брэстчыны і не толькі. Адкрылі канцэртную праграму ўдзельнікі абласнога песеннага форуму «З любоўю да песні», які ў гэтыя выхадныя праходзіў на Пружаншчыне. Эстафету ў  іх пераняў фолк-калектыў з Расіі «Партызан FM».Публіка вельмі горача вітала гасцей, якія на працягу гадзіны радавалі цудоўным выкананнем. Не менш апладысментаў дасталася і ансамблю «Крэсіва» з Брэста, а таксама вядомаму беларускаму гурту «Без білета».  Кульмінацыяй стала тэатралізаванае прадстаўленне. Як адзначалася, Леў Сапега вядомы найперш як аўтар трэцяга Статута ВКЛ. Менавіта зацверджанне гэтага дакумента са шляхецкім балем і ляглі ў аснову сюжэта пастаноўкі, у якой гісторыя злілася з сучаснасцю: «гістарычны персанаж» і старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Крэйдзіч паставілі свае подпісы ў  сімвалічнай кнізе «Ружанская брама».

 

«Ружанам пашанцавала адзін раз і на шмат соцень гадоў, — зазначыў Міхаіл Мікалаевіч. — Сёння Ружанскі палацавы комплекс Сапегаў з’яўляецца візітоўкай пасёлка і адметнасцю Пружаншчыны. Невыпадкова Ружаны з’яўляюцца самым перспектыўным месцам для развіцця ўязнога турызму не толькі ў раёне, але і ў вобласці».

Але «Ружанская  брама»  гасцінна расчыніла дзверы яшчэ да таго, як на сцэнічную пляцоўку пачалі падымацца артысты. Амаль палову ўнутранага двара палацавага комплексу занялі забаўляльныя дзіцячыя пляцоўкі і  «Горад майстроў», дзе дэманстравалі свае вырабы рамеснікі. Зазірнуўшы сю-ды, магу сказаць адно: беларускія  ўмельцы здольны здзіўляць! Акрамя традыцыйных вырабаў з бісеру, разна-стайнай біжутэрыі, абярэгаў, вышыванак і карцін, тут можна было набыць эксклюзіўныя жаночыя сумачкі з пальмавага ліста і саломы, прыгожыя разныя шкатулкі з дрэва, ганчарныя вырабы… У жадаючых была магчымасць паўдзельнічаць у майстар-класах, якія праводзілі рамеснікі, і нават асабіста адчаканіць на памяць сувенірную манету.

А  Дзмітрый Мамацюк прывёз з Брэста экспазіцыю ваеннай формы. Экспанаты, у якіх можна было сфатаграфавацца: а гэта форма перыяду Вялікай Айчыннай вайны і савецкіх часоў, — плён трыццацігадовых пошукаў  брэстчаніна.

Без перабольшвання, павышаную цікаўнасць выклікаў сярэднявечны цір сталічнага клуба гістарычнай рэканструкцыі «Гівойт». Апантаныя адной ідэяй,  яго члены займаюцца адраджэннем матэрыяльнай і духоўнай культуры Вялікага Княства Літоўскага ХІV — XVI стагоддзяў, у тым ліку, даспехаў, касцюмаў і прадметаў быту ужо амаль дзесяць гадоў. Гасцям «Ружанскай брамы» яны паказалі баі, забавілі ў конкурсах па перацягванні каната, утрыманні мяча, ігрой на валынцы і барабане, танцамі — усё ў духу Сярэднявечча. Паводле слоў кіраўніка клуба Уладзіміра Лічко,  Ружаны і палацавы комплекс, дзе яны пабывалі ўпершыню, спадабаліся. 

Сёлета «Ружанская брама» праводзілася ў ходзе ініцыятывы «Павышэнне турыстычнага патэнцыялу пасёлка Ружаны» ў рамках праекта «Садзейнічанне развіццю на мясцовым узроўні ў Рэспубліцы Беларусь», які фінансуецца Еўрапейскім Саюзам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН (ПРААН). Заяўнік гэтай ініцыятывы — Ружанскі сельвыканкам.

Незадоўга да свята ў Ружанах прайшоў семінар, дзе сабраліся прадстаўнікі арганізацый і ўстаноў, зацікаўленыя ў павышэнні турыстычнай прываблівасці гарадскога пасёлка. Нягле-дзячы на тое, што на сённяшні дзень тут адноўлены ўязная брама, палацавыя флігелі, функцыянуе музей, для прыцягнення патоку турыстаў трэба зрабіць яшчэ многае. І, як зазначылі падчас семінару, поле для дзейнасці вялікае: гэта не проста папулярызацыя Ружан як турыстычнага цэнтра і аднаўленне руінаў палацавага комплексу. Гэта і пашырэнне магчымасцяў музея, павышэнне экскурсійнага абслугоўвання, адраджэнне мясцовых забытых відаў рамёстваў, паляпшэнне лагістыкі, добраўпарадкаванне пасёлка і вырашэнне іншых праблемных пытанняў.

Асноўныя мерапрыемствы мяркуецца пераўтвараць у жыццё на працягу бліжэйшых паўгода. Вядома, гэтага часу недастаткова, каб запоўніць шматлікія прабелы. Але хочацца спа-дзявацца, што пасля завяршэння ініцыятывы распачатую справу не закінуць, а «Ружанская брама» калі-небудзь выйдзе за межы раённага і абласнога свята.      

Марына ВАКУЛЬСКАЯ,  Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *