Понедельник, 2 декабря 2024

Восеньскі прызыў: жыхарам раёна былі ўручаны ваенныя павесткі

758

Двойчы на год, вясной і восенню, арганізуецца прызыў у беларускую армію юнакоў, якія на гэты момант дасягнулі вызначанага ўзросту. Менавіта для іх Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь падпісвае ўказ аб пачатку прызыву на службу. Вясной бягучага года адна частка хлопцаў ужо была размеркавана па вайсковых часцях. Надышоў час восеньскага этапу.

Бягучай восенню з нашага раёна ў войскі адравіцца 71 прызыўнік. Хаця і сёлета не абышлося без «ухілістаў»: у дачыненні да трох маладых людзей з-за адсутнасці без уважлівых прычын будзе прыменена адміністрацыйная адказнасць.

Па добрай традыцыі Дзень прызыўніка ў Пружанах прайшоў ва ўрачыстай абстаноўцы, каб провады ў армію пакінулі ў юнакоў выдатныя ўспаміны. Павесткі хлопцы атрымлівалі ў вялікай зале гарадскога Палаца культуры з рук в.а. ваеннага ка-місара раёна Сяргея Канановіча, намесніка старшыні райвыканкама Руслана Супрыновіча, начальніка райаддзела аховы Сяргея Ільяшэвіча і старшыні раённай арганізацыі ДТСААФ Валерыя Гарахавіцкага.

Кожны з выступоўцаў пажадаў будучым салдатам належным чынам асвойваць навуку абаронцы Айчыны, знайсці нямала таварышаў і вярнуцца з карысным багажом уменняў. А таксама трымаць гонар раёна, тым больш што давядзецца ім служыць у Брэсце, Гродне, Бярозе, Слоніме і іншых гарадах па ўсёй рэспубліцы.

Паміж афіцыйнымі часткамі вясёлыя песні дарылі прызыўнікам салісты пружанскай самадзейнасці.

Алег СІДАРЭНКА. Фота Кацярыны МАСІК