Любы вопытны садавод вам скажа, што галоўная работа ў садзе — гэта не збор ураджаю, а яго атрыманне. Менавіта ад таго, як ты будзеш абыходзіцца са сваімі дрэўцамі, колькі ласкі і цяпла ўдзеліш ім, залежыць колькасць і якасць пладоў, а самае галоўнае — таварнасць. І ўвага да сваіх гадаванцаў не павінна слабець на працягу дванаццаці месяцаў, бо на кожную пару года прыходзяцца свае работы па доглядзе. А яшчэ, як адзначае начальнік пладовага саду ААТ «Ружаны-Агра» Вольга Гайдук, для садавода абавязковы крытэрый — любіць усё жывое на зямлі, з павагай адносіцца да дароў прыроды.
Канечне, не ўсё залежыць ад чалавека. Надвор‘е часам уносіць свае карэктывы. Вось у бягучым годзе не зусім прыдатным выдаўся май, халодны і з замаразкамі да мінус 6 градусаў падчас цвіцення саду (калі крытычныя ўжо мінус 3 градусы), ды і лета не радавала, спякотнае і без дажджоў, перапады тэмператур таксама негатыўна ўплывалі на ўраджай. Але, па словах Вольгі Леанідаўны, ружанскія садаводы рукі не апускалі, а прыкладалі максімум намаганняў, каб падтрымаць жыццядзейнасць дрэўцаў, атрымаць годны ўраджай. У выніку сабралі 643 тоны сакавітых, духмяных і прыгожых яблыкаў (мы самі каштавалі, вельмі смачныя!). З гэтай колькасці заклалі 260 тон стабілізацыйнага фонду, якія будуць паступаць у продаж са снежня бягучага года па сакавік будучага. Акрамя гэтага, карысную прадукцыю ўжо цяпер можна набыць у фірменных магазінах сельгаставарыства. Пакаштуйце, будзеце задаволены!
А яшчэ Вольга Гайдук расказала карэспандэнтам «раёнкі» пра вялікі пералік работ, якія праводзяцца ў пладовым садзе на працягу года і па восені. Па-першае, садаводы гаспадаркі вырашылі сёлета правесці рэформу, а іменна, закладку новага саду, таму інтэнсіўна ідзе раскарчоўка плошчаў пад маладыя саджанцы. Сем гектараў ужо ачышчаны і падрыхтаваны да пасадкі, закуплены саджанцы сучасных сартоў, якія адрозніваюцца сваімі высокімі смакавымі якасцямі. Усё для паважаных пакупнікоў!
І догляд, пра які гаварылася вышэй. Пасля збору яблыкаў ўносяцца мікраэлементы пад запас ураджаю будучага года, у тым ліку і карбамід, які дапамагае раслінам фарміраваць прыгожую крону. На дадзены момант актыўна вядзецца пабелка яблынь, што ўберажэ іх кару ад маразоў, рэзкіх перападаў тэмператур у зімовы час і «апёкаў», калі сонца адбіваецца ад снежнага покрыва і наносіць дрэвам велізарны ўрон. Для добрай ураджайнасці ніяк не памяшае і ўнясенне арганічных угнаенняў. Увагу ружанскія садаводы ўдзяляюць і ўсталяванню апор пад яблыні, якія будуць папярэджваць паломкі дрэўцаў пры шчодрым ураджаі. Таксама праводзіцца барацьба супраць мышавідных грызуноў.
Самым галоўным відам работы ў садзе восенню Вольга Гайдук называе абрэзку дрэўцаў. Чым яна важная? Па-першае, істотна павялічваецца якасць ураджаю — яблыкі становяцца больш буйнымі, ярчэй афарбаванымі і смачнейшымі. Па-другое, падаўжаюцца тэрміны актыўнага плоданашэння яблынь, так як пры абрэзцы выдаляюцца хворыя і слабыя галіны, што папярэджвае развіццё хвароб і зніжае колькасць шкоднікаў. Як вынік, дрэўца аказваецца больш здаровым і не так хутка старэе. А яшчэ абрэзка спрашчае догляд і збор ураджаю, бо падчас выканання гэтай работы рэгулюецца вышыня кроны, значыць, збіраць ураджай прасцей, таксама зручней праводзіць хімічныя апрацоўкі. А ў канчатковым выніку павышаецца зімастойкасць і фарміруецца багаты ўраджай!
Чалавека, які не любіць прыроду, з лёгкасцю можа зламаць бяскрыўднае дрэўца, можна назваць чэрствым. Пладоваму саду ААТ «Ружаны-Агра» пашанцавала: тут працуюць душэўныя, апантаныя сваёй справай людзі, якія бачаць у яблыньках не толькі прыбытак, але і часцінку непаўторнай прыроды роднай краіны.
Вадзім Раўнейка. Фота Вольгі Гайдук