Традыцыйна ў Дзень Канстытуцыі свае першыя пашпарты атрымліваюць юныя беларусы. Урачыстая цырымонія ў рамках усебеларускай акцыі «Мы — грамадзяне Беларусі» прайшла і на Пружаншчыне.

Паўнапраўнымі грамадзянамі ў Беларусі становяцца ў 14 гадоў — менавіта ў такім узросце ў нас выдаюць пашпарт. Крысціна Уласюк, Таццяна Андросава, Варвара Хадыніцкая, Ульян Касюк, Руслан Шаўцоў, Аляксандр Волчак, Карына Наталіч і Дар’я Талашкевіч — восем юных пружанцаў атрымалі свае першыя нацыянальныя пашпарты ў вялікай зале райвыканкама. Уручыў ім дакументы старшыня райвыканкама Юрый Бісун.

«Сёння спаўняецца 27 гадоў з моманту прыняцця Асноўнага Закона нашай краіны, — нагадаў Юрый Юр’евіч гэтую старонку з гісторыі сучаснай Беларусі. — Час не стаіць на месцы, разам з ім развіваецца і наша грамадства. У Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь уносяцца змяненні, што дазваляе забяспечыць эфектыўную дзейнасць выканаўчай, заканадаўчай і судовай уладаў, а таксама Кіраўніка дзяржавы, якія працуюць у інтарэсах беларускага народа».

Павіншаваць хлопчыкаў і дзяўчынак з такой знамянальнай падзеяй у іх жыцці прыйшлі таксама прадстаўнікі грамадскіх арганізацый, бацькі, аднакласнікі.

Старшыня раённай арганізацыі ГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, звяртаючыся да галоўных герояў урачыстасці, пажадала юным беларусам быць працавітымі, добрымі, а галоўнае — азнаёміцца з Канстытуцыяй, друкаванае выданне якой ім падарылі. «У гэтым Законе прапісаны не толькі правы, але і высокія абавязкі грамадзян нашай краіны», — зазначыла Таццяна Канстанцінаўна.

Дзмітрый Касюк, які звярнуўся да галоўных герояў урачыстасці ад імя бацькоў, падкрэсліў, што дарослым сёння не сорамна за падрастаючае пакаленне беларусаў: разумныя, кемлівыя, цікаўныя, яны стануць годнай апорай не толькі для сваіх бацькоў, але і грамадства.

Выказаў спадзяванне, што моладзь зберажэ ўсе лепшыя традыцыі сваіх папярэднікаў, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч. «І паверце, не важна, кім вы станеце па прафесіі, куды больш важна, якімі людзьмі вы будзеце. Мне хочацца верыць, што старэйшаму пакаленню ніколі не будзе сорамна за вас», — сказаў Уладзімір Аляксандравіч, падкрэсліваючы важнасць патрыятычнага выхавання.

Здаецца, юныя пружанцы прынялі да ўвагі ўсе шматлікія пажаданні, якія ім адрасавалі дарослыя. Ва ўсякім разе, вучаніца СШ №5 Дар’я Талашкевіч — адна з тых, хто ў гэты дзень атрымаў пашпарт, — з высокай трыбуны паабяцала, што яе равеснікі будуць умацоўваць аўтарытэт і добрае імя Пружанскага раёна. «Мы добра ўсведамляем, што ад нашага пакалення залежыць будучыня краіны», — падкрэсліла яна.

Акрамя таго, у гэты дзень прымалі віншаванні і новыя члены Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Старшыня райкама ГА «БРСМ» Аляксандр Бабігорац уручыў каля дзясятка членскіх білетаў гэтага грамадскага аб’яднання.

Варта адзначыць, што святочнасці мерапрыемству надалі і юныя артысты — Уладзіслава Трапук, Ірына Курусь і Ульяна Кунда.
Марына Вакульская, Кацярына Масік (фота)