Среда, 22 марта 2023

Восем сюрпрызаў на 8 Сакавіка падрыхтавалі для пружанскіх жанчын ААТ «Пружанскі малочны камбінат», Палац культуры і кіраўніцтва раёна (+многа фота)

567

Правераная прыкмета: калі горад напаўняецца водарам кветак, а на вуліцах усё часцей сустракаеш жанчын з цюльпанамі ці мужчын з торцікам — хутка 8 Сакавіка. Сапраўды, у гэты дзень мы, мужчыны, імкнёмся зрабіць нашым родным, мілым, пяшчотным і непаўторным мноства сюрпрызаў, уразіць іх, сказаць самыя цёплыя словы. Якраз такім прыемным сюрпрызам і падарункам ад кіраўніцтва і калектыву ААТ «Пружанскі малочны камбінат», гарадскога Палаца культуры і кіраўніцтва раёна стала святочная праграма. Яна разгарнулася ў галоўнай культурнай установе горада акурат напярэдадні самага жаночага дня ў годзе.

І сюрпрызаў падчас яе было якраз восем. Менавіта столькі налічылі карэспандэнты «раёнкі».

Першы аказаўся вельмі смачным: аддзел маркетынгу Пружанскага малочнага камбіната арганізаваў дэгустацыю сваёй прадукцыі. На працягу гадзіны ва ўсіх жадаючых была магчымасць пакаштаваць цвёрдыя і плаўленыя сыры, якія сёлета заваявалі найвышэйшую ацэнку міжнароднай выставы «Прадэкспа-2023» у Маскве. Было прадстаўлена і масла — шакаладнае, а таксама сметанковае з журавінамі.

Пружанцы, якія прыйшлі на дэгустацыю, выказалі нямала добрых слоў у адрас камбіната, а яго прадстаўнікі ледзь паспявалі папаўняць столікі смачнай прадукцыяй.

Між тым, Палац культуры запаўнялі аматары не толькі малочнай прадукцыі, зробленай у Пружанах, але і добрых песень з нацыянальным каларытам, вясёлых танцаў. Менавіта такім — музычна-танцавальным — стаў другі падарунак ад Пружанскага малочнага камбіната. Павіншаваць нашых жанчын з 8 Сакавіка прыехаў заслужаны калектыў Рэспублікі Беларусь, дзяржаўны ансамбль народнай музыкі «Свята» Белдзяржфілармоніі. Запрасіла артыстаў у наш горад менавіта кіраўніцтва «малочкі».

Як пасля раскажа мастацкі кіраўнік Вячаслаў Статкевіч, Пружаншчына калектыву вельмі падабаецца: не далей, як летась былі з канцэртам у Клепачах, віншавалі работнікаў «Жураўлінага» з прафесійным святам. «У вас заўсёды жыло народнае слова, народная музыка. Цэняць пружанцы і народнае мастацтва. І нам прыемна, што ёсць такія арганізацыі, як малочны камбінат, якія могуць наладзіць сапраўднае свята для людзей. Жадаю ўсім жанчынам шчасця, здароўя, няхай кожны дзень пачынаецца з усмешкі, радуйцеся жыццю і ніколі не забывайцеся пра бацькоўскі куточак. А Пружаншчына няхай квітнее», — сказаў Вячаслаў Статкевіч у інтэрв’ю пасля канцэрта.

Цёплыя словы гучалі і падчас святочнага мерапрыемства. Падарунак нумар тры — віншаванне ад старшыні Пружанскага райвыканкама Міхаіла Грышкевіча. Кіраўнік раёна адзначыў, што жанчына ва ўсе часы была і застаецца крыніцай прыгажосці і натхнення. «Нашы жанчыны бяруцца за любую, нават самую складаную справу, раздзяляюць з намі, мужчынамі, адказнасць за сям’ю і дзяцей», — падкрэсліў Міхаіл Грышкевіч.

Асаблівыя словы падзякі ён накіраваў, канечне, кожнай з матуляў і адзначыў, што падтрымка шматдзетных сем’яў заўсёды будзе прыярытэтам дзяржаўнай палітыкі. У пацверджанне гэтых слоў Міхаіл Міхайлавіч уручыў ордэны Маці. Упершыню (і гэта ўжо чацвёрты сюрпрыз) іх атрымалі ажно шэсць жанчын. За нараджэнне і выхаванне пяці і больш дзяцей высокай узнагародай адзначаны аператар машыннага даення ААТ «Жураўлінае» Ганна Гаўрылюк і аператар лініі ў вытворчасці харчовай прадукцыі ГВУП«Белавежскія віны» Таццяна Журык. Атрымалі ўзнагароды работніца Сухопальскай СШ Людміла Мазіна і хатняя гаспадыня з Пружан Ірына Міхалюк. Адразу два ордэны — у аператараў машыннага даення філіяла «Айчына» ААТ «Белавежскі»: яны ўручаны Святлане Перапёлкінай і Святлане Пацяйчук. Як пасля высветліцца, у апошняй ажно сямёра дзяцей! Увогуле, аграгарадок Смаляны Святлана Пацяйчук называе «шматдзетнай вёскай». Кажа, што ўзнагарода — прыемная падзея. «Беларуская жанчына і мама сёння — гэта не проста захавальніца сямейнага ачага, гэта галоўны чалавек у сям’і. Часта на жанчыне якраз усё і трымаецца. Вялікі дзякуй, што пра нас памятаюць, дзякуй за ўзнагароду», — падзялілася эмоцыямі Святлана Валянцінаўна.

Хіба мог абысціся канцэрт-падарунак ад «малочкі» без песні «Краіна малака»? Яна і стала пятым сюрпрызам. Сапраўдны гімн усіх малочных вытворцаў Беларусі выканала вядучы інжынер па якасці, уладальніца Гран-пры рэспубліканскага конкурсу сцэнічнага мастацтва «MILK FEST-2022» сярод спецыялістаў малочнай галіны Наталля Феранец.

За ім — шосты і, бадай, самы прыемны і запамінальны для жанчын у зале: кожная з іх атрымала кветкі з рук удзельнікаў народнага ансамбля танца «Спадчына». Магчымым такі падарунак стаў дзякуючы прафсаюзным пярвічкам арганізацый раёна.

Са сцэны і далей гучалі цудоўныя беларускія песні, якія змяняліся заліхвацкімі танцамі і музычна-харэаграфічнымі нумарамі. Дарэчы, заслужаны калектыў, што называецца, ідзе ў нагу часам. Традыцыйныя матывы баяна, цымбалаў і скрыпкі сёння тут пераплятаюцца з гукамі дудкі, бас-гітары і электрапіяніна. Здзівілі салісты «Свята» сваімі галасамі, жартамі. Галоўнае — даказалі, што беларуская песня карыстаецца папулярнасцю і адклікаецца ў сэрцах людзей.

Які ж сёмы сюрпрыз? Вячаслаў Статкевіч запрасіў на сцэну Наталлю Трус. Так-так, тую самую, якую пружанцы памятаюць маленькай дзяўчынкай — удзельніцай канцэртаў і пераможцай шматлікіх конкурсаў. Аказалася, што цяпер яна — выконваючы абавязкі дырэктара ансамбля.

І восьмым сюрпрызам сталі фінальная песня і кветкі артыстам ад старшыні райвыканкама Міхаіла Грышкевіча і дырэктара ААТ «Пружанскі малочны камбінат» Аляксандра Лося. Такім чынам, святочная праграма атрымалася душэўнай, напоўненай мноствам радасных момантаў і станоўчых эмоцый. Яшчэ раз віншуем са святам усіх жанчын і вельмі спадзяёмся, што падобныя сюрпрызы надалей будзе ладзіць не толькі «малочка», але і іншыя буйныя прадпрыемствы і арганізацыі раёна.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбомы са святочнай праграмы: https://vk.com/album-23306785_291731846 і https://ok.ru/budni/album/956810696584