Адміністрацыя Прэзідэнта працягвае праводзіць выязныя прыёмы грамадзян у рэгіёнах. Нядаўна ў Пружанскім райвыканкаме асабісты прыём грамадзян вёў начальнік галоўнага ўпраўлення кадравай палітыкі Адміністрацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Юрый Крывашэеў.
На сустрэчу з Ю.В.Крывашэевым прыйшлі восем чалавек. Тэмы пытанняў, якія ўздымаліся перад чыноўнікам, былі розныя: выдзяленне зямельных учаcткаў і сацыяльнага жылля, знос дрэў і рух велікагрузных машын па гарадскіх вуліцах. Па чатырох зваротах пэўныя даручэнні атрымалі прадстаўнікі раённай улады.
У прыватнасці, гараджанін папрасіў выдзеліць зямельны ўчастак для вядзення фермерскай гаспадаркі. Юрый Крывашэеў разам з кіраўніком раёна Міхаілам Крэйдзічам і спецыялістамі райвыканкама змаглі знайсці варыянт, які задаволіў мужчыну: па стане на 28 верасня прынята рашэнне райвыканкама аб магчымасці размяшчэння фермерскай гаспадаркі на зямлі ў раёне вёскі Палонна-Забалацце. Гараджаніну засталося прайсці дзяржаўную рэгістрацыю ўласнай гаспадаркі.
Сярод тых, хто звярнуўся да Ю.В.Крывашэева быў жыхар аднаго з аграгарадкоў раёна. Каменем спатыкнення паміж мужчынам і яго суседам стала дрэва, якое расце ў двары іх чатырохкватэрнага дома: густая крона надта зацямняе адну з кватэр. Яе гаспадар не знайшоў агульнай мовы з суседам, які пасадзіў дрэва, і вырашыў заручыцца падтрымкай улады. Але спрэчнае пытанне, кропку ў якім суседзі не могуць паставіць вось ужо каторы год, патрабуе дэталёвага вывучэння: якія меры будуць прыняты — залежыць ад вынікаў санітарнага даследавання.
Трое грамадзян прыйшлі на прыём да Ю.В.Крывашэева, бо не былі згодны з прынятымі судовымі рашэннямі. Але, акрамя як растлумачыць парадак абскарджання гэтых рашэнняў, інакш дапамагчы ім было немагчыма.
Для кожнага з тых, хто прыйшоў на прыём да прадстаўніка Адміністрацыі Прэзідэнта, узнятыя праблемы былі актуальнымі і набалелымі. І, паводле слоў Юрыя Васільевіча, ніводнае з агучаных пытанняў не застанецца без увагі, бо па выніках іх рашэння людзі мяркуюць аб эфектыўнасці ўлады.
Марына ВАКУЛЬСКАЯ, Сяргей ТАЛАШКЕВІЧ (фота).