Суббота, 12 октября 2024

Вось якая кукуруза — царыца палёў! Наш рэпартаж з ААТ «Агра-Калядзічы»

370

Гаспадаркі раёна ўжо нарыхтавалі сенажу амаль на сто працэнтаў. Цяпер актыўна прыступілі да ўборкі кукурузы на сілас і зялёны корм.

Не перастаеш здзіўляцца таму, з якой заўзятасцю і ўпартасцю аграрыі нашага раёна з дня ў дзень займаюцца жнівом, не забываюць сеяць, а яшчэ паспяваюць і кармоў нарыхтаваць. Не гаворачы пра тое, што і выхадных цяпер не маюць. І ніхто з іх не скардзіцца на лёс. Бо разумеюць сельскія працаўнікі ўсю важнасць сваёй работы, таму і стараюцца ўсё рабіць якасна, проста на выдатна. А яшчэ ж са шчырай усмешкай сустракаюць карэспандэнтаў «раёнкі», як гэта было на бягучым тыдні ў ААТ «Агра-Калядзічы».

Чаго завіталі? У чарговы раз напісаць пра нашу сельскую гаспадарку, сустрэцца са шчырымі і працавітымі людзьмі, якімі і славіцца беларуская зямля. А падставай паслужыла ўборка кукурузы, якая з’яўляецца незаменным кормам у жывёлагадоўлі. Якраз і час для гэтай работы наступіў. Як адзначае галоўны аграном ААТ «Агра-Калядзічы» Сяргей Усік, гэта заканчэнне фазы малочнай спеласці, калі такой стадыі дасягае 2/3 зерня. І вільготнасць усёй расліны задавальняе — на ўзроўні 65 %. А пры закладцы сіласу будзе захаваны найбольшы аб’ём пажыўных рэчываў. Даглядаць жывёлу — значыць, у першую чаргу, карміць яе толькі якаснымі кармамі.

План раёна па ўборцы кукурузы — 19576 га. З іх 1450 га ў ААТ «Агра-Калядзічы». У таварыстве сельскагаспадарчая культура не першы год высокая як па вышыні (чатыры метры ў мінулым годзе — гэта вам той паказчык!), так і па ўраджайнасці — на чацвер бягучага тыдня трэцяе месца ў раёне з 330 ц/га.

Механізатар Сяргей Янушка і вадзіцель Арцём Ігнацьеў на палетку з кукурузай каля аг. Руднікі.

На палетку сельгаставарыства каля аг. Руднікі пагутарылі з непасрэднымі ўдзельнікамі ўборачнай кампаніі. Па словах механізатара кормаўборачнага камбайна «Ягуар» Сяргея Янушкі, работа спорыцца і тэхніка не падводзіць. За дзень удаецца ўбраць кукурузу ў сярэднім на 25 га. А ўвогуле было сказана так: калі праца прыносіць задавальненне, тады і жывецца добра, бачацца перспектывы на будучае, хочацца нарошчваць тэмпы ў рабоце. Поўнасцю салідарны з Сяргеем і вадзіцель МАЗа Арцём Ігнацьеў. Што можа быць лепш: круці баранку, матай кіламетры, дыхай свежым паветрам. Што дазваляе рабіць па 13-14 рэйсаў кукурузнай масы, дастаўляць у траншэі па 160 тон будучага сіласу.

У ААТ «Агра-Калядзічы» перад пачаткам уборкі падрыхтавалі сіласна-сянажныя траншэі, правялі іх чыстку і дэзынфекцыю. Ужо назапасілі 13 траншэй з сенажом і адну — з сіласам. З узгаданага палетка кукуруза дастаўляецца на МТФ «Руднікі», дзе разраўноўваннем і трамбоўкай сіласнай масы займаецца тры адзінкі тэхнікі. Пасля чаго траншэя будзе ўкрыта плёнкай, зверху пакладуць грузы. Усё па тэхналогіі, без усякай самадзейнасці.

Калі доўга мучыцца, то што-небудзь атрымаецца. Вельмі добра, што ў нашых аграрыяў усё наадварот: яны проста сумленна і без прымусу выконваюць сваю работу і атрымліваецца ў іх усё на выдатна.

Вадзім Раўнейка

Фота Алега Сідарэнкі