У пружанскім музеі праходзіць шмат цікавых навукова-пазнавальных мерапрыемстваў. Кожны раз, наведваючы яго, мы даведваемся пра нешта новае. Так адбылося і ў гэты раз, калі вучні прышкольнага лагера “Сонейка” СШ № 1 г.Пружаны імя ЧБВА прыйшлі сюды на музейна-педагагічны занятак.
Навуковы супрацоўнік Валянціна Пятроўна Нідзелька падрыхтавала для дзяцей цікавы расказ пра посуд (на здымку). З задавальненнем вучні глядзелі прэзентацыю. Даведаліся шмат цікавага пра тое, калі ўзнік і з чаго рабілі першы посуд, як выглядалі старажытныя міскі і лыжкі, убачылі нават відэлец, якім карысталася візантыйская каралева.
Цікавым быў расказ і пра гліну. Дзецям паказалі крынкі і спарышы, кашнікі і чыгункі, іншыя ўзоры глінянага посуду, якія знаходзяцца ў выставачнай зале музея. Потым мы адгадвалі загадкі, слухалі вершы пра посуд і адказвалі на пытанні і нават малявалі.
Скончыўся занятак прыгожым вершам пра сяброўства каструлі, чайніка патэльні, міскі, лыжкі, нажа, відэльца і талеркі. Сапраўды, усе прадметы на кухні галоўныя, без іх немагчыма прыгатаваць смачную ежу.
Ала Краўчук