Четверг, 12 февраля 2026

Вольга Кумакова: «Кніга дапамагае думаць і не здавацца»

539

У дзяцінстве яна хацела стаць рэжысёрам лялечнага тэатра: думала, што адбярэ ў злога Карабаса-Барабаса ўсіх лялек, пяшчотна возьме іх за нітачкі і прыдумае ім новую гісторыю. Потым марыла аб журналісцкай сцежцы: пачала пісаць вершы, прозу, публікавацца ў розных выданнях. Паспяхова скончыла музычную школу па класе фартэпіяна. Аднак, калі прыйшла пара канчаткова вызначыцца з выбарам прафесіі, вырашыла стаць… бібліятэкарам.


-Такому выбару вельмі ўзрадавалася мая бабуля, якая ўсё жыццё працавала ў бібліятэцы, і, вядома ж, мама. Менавіта яна прывіла мне такую павагу да кніг, — расказвае намеснік дырэктара Пружанскай цэнтральнай бібліятэчнай сістэмы Вольга Вадзімаўна Кумакова. – Пачалося з таго, што ў нашай сям’і ніхто і ніколі не адчуваў дэфіцыту друкаваных выданняў. Кнігі розных жанраў, літаратурныя зборнікі, навукова-папулярныя часопісы былі ўсюды: у шафах, на паліцах, у тумбачках і нават у скрынках пад ложкам. Як бы ні было цяжка сям’і ў фінансавым плане, мама не здраджвала сваёй звычцы з кожнай зарплаты купляць мне ў кнігарні (памятаю, тады яна знаходзілася ў будынку, дзе зараз размяшчаюцца Пружанскія электрасеткі) новую кнігу. Я зачытвалася і ўлюблялася ў новых герояў…

Таму нядзіўна, што паспяховая выпускніца СШ № 4 адразу пасля заканчэння школы вырашыла паступаць у Магілёўскі бібліятэчны каледж (цяпер — каледж мастацтваў).
— Я вельмі ўдзячная цудоўным выкладчыкам каледжа, якія заклалі ў маю свядомасць асновы бібліятэчнай справы. Пазней я замацоўвала свае веды ў Беларускім дзяржаўным універсітэце культуры і мастацтваў, — кажа мая суразмоўца.

У памятным для ўсіх пружанцаў 2003 годзе Вольга Кумакова атрымала сваё першае месца працы — у чытальнай зале пружанскай бібліятэкі, якой на той момант кіравала Ніна Васільеўна Паўлюковіч.
— Спецыяліст з вялікай літары, знаўца сваёй справы. Строгі, патрабавальны, але справядлівы кіраўнік, яна дапамагла мне вельмі хутка ўцягнуцца ў працу. А тады, заўважу, чытальная зала ўяўляла сабой сапраўдны “мурашнік”. Атмасфера была цудоўная. Студэнтаў і вучняў у горадзе было шмат, яшчэ больш запытаў ад іх. І кожны з іх мне трэба было без прамаруджвання апрацаваць…


Прыемныя карэктывы ў працоўную біяграфію бібліятэкара Кумаковай унёс дэкрэтны адпачынак, пасля якога ў 2008 годзе Вольга Вадзімаўна перавялася ў дзіцячую бібліятэку, дзе ў поўнай меры і раскрыўся яе творчы патэнцыял. Акрамя выдачы кніг, жанчына з задавальненнем вяла лялечны гурток і арганізоўвала розныя мерапрыемствы.


— Так і здзейнілася дзіцячая мара: лялькі ў маіх руках рухаліся і гаварылі па маіх жа сцэнарыях, — усміхаецца Вольга Вадзімаўна.
Праз два гады таленавіты і адказны малады спецыяліст была запрошана ў аддзел маркетынгу цэнтральнай бібліятэкі. А літаральна праз год, пасля рэарганізацыі ўстановы, В.В.Кумакова стала намеснікам дырэктара. Але, нягледзячы на змены ў характары дзейнасці, актыўнага супрацоўніцтва з чытачамі не спыніла.

Вольга Вадзімаўна працягвае пісаць цікавыя сцэнарыі для разнастайных мерапрыемстваў, якія праходзяць у бібліятэцы. Дарэчы, яе метадычныя распрацоўкі неаднаразова друкаваліся ў вядомых беларускіх і расійскіх спецыяльных выданнях, такіх як “Бібліятэка прапануе” і “Чытаем, вучымся, гуляем”.


Бібліятэкар прымае актыўны ўдзел і ў праектнай дзейнасці. У прыватнасці, сёлета Вольга Вадзімаўна стала аўтарам і куратарам праекта “Ствары свой дом мары — прыроду зберажы”.


Адметна, што ў сваёй працы Вольга Кумакова арыентуецца пераважна на падлеткаў і моладзь. І, мяркуючы па вялікай колькасці юных сяброў і наведвальнікаў бібліятэкі, вынік яе работы ёсць. Паспяхова працуе Вольга Вадзімаўна і з асаблівай публікай — інвалідамі і дзецьмі з сацыяльнага прытулку. І прызнаецца, што вельмі прыемна бачыць іх захопленымі і з усмешкамі на тварах.

Ад сябе адзначу, што выступленне Вольгі Вадзімаўны ў якасці вядучай на мерапрыемствах бібліятэкі — гэта заўсёды асаблівы знак якасці любой імпрэзы. Актыўная, добразычлівая, вясёлая — жанчына імгненна настройвае гасцей на пазітыўны лад. Побач з ёй сумаваць не даводзіцца.


Ды і сама бібліятэкар, па ўласным прызнанні, ніколі не сумуе. Па-ранейшаму шмат чытае, вывучае навінкі, з апошніх аўтараў вылучае Гузель Яхіну, Рэбэку Куанг і Карэн Уайт.


— Таксама люблю перачытваць класіку, да такой адношу, у прыватнасці, цудоўны раман Ірвіна Шоу “Багач, бядняк”. З задавальненнем гляджу экранізацыі вядомых кніг і заўсёды параўноўваю іх з арыгіналамі. Шчыра кажучы, рэдка рэжысёрам удаецца перасягнуць аўтара ў эмацыйнай насычанасці твора.

Да творчай разнастайнасці ў жыцці і пазнавальнасці Вольга Вадзімаўна прывучае і сваіх дзяцей. Старэйшы яе сын Максім вучыцца ў 9-м класе, іграе на скрыпцы і плануе паступаць у музычны каледж, але, нягледзячы на занятасць, вельмі шмат чытае. Любіць кнігі і чацвёртакласнік Ваня.
— Традыцыйна па вечарах мы з сынамі знаёмімся з тым ці іншым творам, вывучаем характары герояў, — прызнаецца бібліятэкар. — Нядаўна, напрыклад, чыталі кнігу “Пітэр Німбл і чароўныя вочы” Джонатана Аксье. Мае дзеці ведаюць, што ў кнігах можна знайсці адказы на ўсе хвалюючыя пытанні. Кнігі дапамагаюць думаць, лёсы герояў прывучаюць не адчайвацца ў цяжкіх сітуацыях і ніколі не здавацца.
Алена Зялевіч, Сяргей Талашкевіч (фота).