Воскресенье, 6 октября 2024

Водны палац прымаў спаборніцтвы па плаванні «Старты надзей». Золата — у Арыядны Варыцкай!

401

У спорце, як і ў жыцці, усё пачынаецца з дзяцінства. Менавіта тады фарміруюцца захапленні і цікавасць да пэўнага спартыўнага кірунку. Вось і ўдзельнікі абласных спаборніцтваў па плаванні «Старты надзей», магчыма, будучыя легенды беларускага плавання, робяць упэўненыя крокі ў абраным відзе спорту.

Усяго ў турніры, які прымаў наш Водны палац, паўдзельнічалі больш за 300 спартсменаў з 10 каманд. Яны з’ехаліся ў Пружаны з розных куткоў вобласці і прадстаўлялі Брэст, Лунінец, Пінск, Жабінку, Бярозу, Івацэвічы, Кобрын, Баранавічы і брэсцкі клуб «Аквастарс». Не абышліся «Старты надзей» і без удзелу мясцовых плыўцоў.

На дарожках у гэты дзень можна было ўбачыць хлопчыкаў і дзяўчынак 2008—2013-га г.н. Яны змагаліся на дзвюх дыстанцыях: 100 м батэрфляем і 200 — на спіне. Пераможцаў вызначалі па найлепшых выніках сярод усіх удзельнікаў кожнай з дыстанцый. Асобна ўзнагароджвалі хлопчыкаў і дзяўчынак.

Толькі каб атрымаць узнагароду, трэба старанна і не адзін год працаваць на трэніроўках і строга выконваць тэхніку плавання. У адваротным выпадку можна ўвогуле быць дыскваліфікаваным і страціць шанец удзелу ў медальных разборках. Пацвердзіў гэта трэнер Сяргей Качаноўскі з Пінска. Яго заўважаем у той момант, калі на дыстанцыі апынуліся плыўцы са сталіцы Палесся. У перапынках паміж заплывамі — некалькі мінут на гутарку з карэспандэнтамі. Высвятляецца, што трэнерам Сяргей працуе з 2017 года. Рыхтуе спартсменаў на базе СДЮШАР №1 Пінска. Гэтыя спаборніцтвы для яго падапечных — першыя ў 2023-м. За плячыма — вялікая колькасць стартаў і перамог. Нездарма сямёра з васьмі плыўцоў 2007—2008 г.н., якіх трэніруе Сяргей Качаноўскі, — кандыдаты ў майстры спорту. Гэтыя спаборніцтвы прынеслі пінчанам адразу два золаты. Наперадзе ў іх першынство ў Брэсце і алімпійскія дні моладзі ў Магілёве.

Рыхтуецца да новых спаборніцтваў і Ягор Карпушын з Брэста. Гэтага плыўца мы «злавілі» адразу пасля ўзнагароджання пераможцаў на дыстанцыі 100 м батэрфляем сярод хлопчыкаў 2008-2009 г.н. На гэты раз Ягор, які займаецца ў брэсцкім Палацы водных відаў спорту, справіўся з заплывам за 1 мінуту 00,83 секунды. Кажа, што на вяршыні п’едэстала быў і летась, толькі тады паказаў крыху лепшы час. Акрамя гэтага дыплома, у Ягора яшчэ серабро на 200 м на спіне. На спаборніцтвы ў Пружаны юнак прыязджаў ужо больш за 10 разоў. Чарговыя ўзнагароды размесціць у сваёй калекцыі. Месяц таму выступаў на «Гульнях сяброўства» ў Казані, увайшоў у дваццатку мацнейшых. Далейшае жыццё дзевяцікласнік плануе звязаць, канечне, са спортам.

А як паказалі сябе нашы? Адказ — годна. Чэмпіёнкай першага этапу сёлетніх «Стартаў надзей» сярод дзяўчат 2012 г.н. і маладзейшых стала Арыядна Варыцкая. Мінута 31,54 секунды — столькі спатрэбілася спартсменцы, каб пераадолець тую ж дыстанцыю, якая прынесла золата і Ягору. Першае месца для Арыядны, якая, будучы пяцікласніцай, мае трэці дарослы разрад, — гэта вынік сумеснай работы пад кіраўніцтвам трэнера Сяргея Каляды.

— У Сяргея Аляксандравіча займаюся ўжо чацвёрты год. Увогуле плаваннем — з першага класа. Пачынала разам з Аляксандрам Генадзьевічам Махначам. Вынік, які паказала зараз, лепшы для мяне на гэтай дыстанцыі, хаця як рыба ў вадзе адчуваю сябе на 50 м кролем, — расказала спартсменка.

Высветлілася, што Арыядна — вучаніца спартыўнага класа СШ №3. Памятаеце, мы расказвалі пра яго ў рамках старонкі «Газетка-дзетка»? Хлопчыкі і дзяўчаткі, якія вучацца ў ім, займаюцца лёгкай атлетыкай, плаваннем, хакеем і футболам. Фізкультуры ў раскладзе няма, замест яе — паўнавартасныя трэніроўкі. І хоць казаць, кім у дарослым жыцці стане Арыядна пакуль рана, пажадаем ёй не спыняцца на дасягнутым і штораз папаўняць скарбонку ўзнагарод. Верым, што наступныя старты прынясуць іх і іншым пружанскім плыўцам.

Уладзіслаў Шпарла. Фота Кацярыны Масік

Фотаальбом са спаборніцтваў: https://vk.com/album-23306785_290914735