У Пружанах на сетках водазабеспячэння і каналізацыі горада працягваюцца рамонтна-аднаўленчыя работы. З-за аварыі ў сістэме водаадвядзення часова адключана падача вады.
Нагадаем, што працуе 11 пунктаў падвозу пітной вады.
Сітуацыю па водазабеспячэнні ў Пружанах пракаментавала камісія па надзвычайных сітуацыях пры Пружанскім райвыканкаме.
Як паведамілі ва УАЗ «Пружанская ЦРБ», у сувязі з сітуацыяй па водазабеспячэнні абмежаваны планавая шпіталізацыя і прыём аналізаў. Таксама толькі экстрана прымаюцца пацыенты стаматалагічнага профілю. Абмежаванні ўведзены да моманту цэнтралізаванай падачы вады. У медустановы пастаўляюць ваду тройчы на дзень, пры харчаванні пацыентаў выкарыстоўваецца аднаразовы посуд. Па стане на 17 студзеня ў галоўным корпусе ЦРБ былі ўстаноўлены 5 біятуалетаў.
Таксама біятуалеты ўстаноўлены ў школах горада, вучэбных будынках аграрна-тэхнічнага каледжа, на пляцоўках за Палацам культуры, каля Лядовага і Воднага палацаў, на стаянцы за будынкам райвыканкама, каля магазінаў «Палявы» і «Верас», каля Дома культуры ў пас. Сонечны. Схему размяшчэння глядзіце ў нашым Telegram-канале.
Як паведамляе Брэсцкі аблвыканкам у афіцыйным канаде ў Telegram, водазабеспячэнне павінны аднавіць да сённяшняга вечара. Спецыялісты ўсіх узроўняў і службаў задзейнічаны для правядзення аварыйна-аднаўленчых работ. Прычынай аварыі паслужыла паломка адной з заслонак запорнай арматуры.
Цяпер завяршаюцца рамонтныя работы. Бліжэй да вечара водаабсталяванне будзе запушчана.