Вторник, 14 января 2025

Вода, которую мы пьем. Журналисты побывали на городском водозаборе и станции обезжелезивания

876

У чарговы раз адкрыўшы паштовую скрынку, дастаю адтуль перыёдыку і, як зараз заведзена, стос рэкламных буклетаў. Прызнаюся, што звяртаю ўвагу на тое, што ў іх напісана, вельмі рэдка. Але ж на гэты раз адзін рэкламны лісток зацікавіў мяне.
«Паважаныя жыхары горада! Неабходна самастойна клапаціцца аб сваім здароўі і сачыць за якасцю вады ў водаправодзе. Асабліва зараз, у летнюю спёку, калі павялічваецца попыт на ваду і камунальныя службы не паспяваюць ачышчаць гэту каштоўную вадкасць у неабходным для вашага горада аб’ёме. У выніку рэзка зніжаецца якасць вады, якая становіцца літаральна небяспечнай для людзей. Наша кампанія настойліва рэкамендуе паклапаціцца пра сябе і сваіх блізкіх, устанавіўшы надзейныя фільтры вады, якія каштуюць нядорага — усяго 1500 рублёў. Для сацыяльна не абароненых катэгорый прадугледжаны скідкі і растэрміноўка».
З аднаго боку, відавочна, што гэта — чарговы рэкламны ход, але ж у мяне ўзнікла сумненне: а раптам аўтары гэтага лістка маюць рацыю наконт складанасцей з водазабеспячэннем менавіта ў летнюю спёку? Таму мы, як кажуць, «карыстаючыся службовымі паўнамоцтвамі», папрасілі пружанскіх камунальнікаў прадэманстраваць, як працуе гарадскі водазабор і станцыя абезжалезвання менавіта ў гэты гарачы перыяд.
Начальнік участка водаправода Т.А.Юк адразу расказала, што аднойчы з прапановай па ўстаноўцы фільтраў тэлефанавалі і ёй.
— Спачатку мне расказалі, што з кранаў у нашых дамах цячэ сапраўдная атрута, якую мы вымушаны спажываць, гатаваць на ёй ежу, а тым самым, скарачаць жыццё і сабе, і сваім дзецям,— смяецца Таццяна Анатольеўна.— Прапанавалі заехаць з уласнай лабараторыяй і даказаць «на прыкладзе» свае высновы. А калі я папрасіла больш падрабязна патлумачыць, якім чынам будзе ажыццяўляцца гэты працэс, бо мне як работніку, які адказвае менавіта за стан цэнтралізаванага водазабеспячэння, гэта вельмі цікава, то на іншым канцы тэлефоннага провада проста адключыліся.
Паводле меркавання Т.А. Юк, кожнае слова ў рэкламным буклеце, ад пачатку і да канца — абсалютная хлусня. І каб пераканаць нас, Таццяна Анатольеўна прапанавала своеасаблівую экскурсію. Адразу адзначу, што паглядзець нам удалося далёка не ўсё, бо гарадскі водазабор і станцыя абезжалезвання — аб’екты стратэгічнай важнасці, трапіць на якія можна толькі адзінкавым спецыялістам, у лік якіх карэспандэнцкая група не ўваходзіць. Абмежаванні тут больш строгія нават за тыя правілы, што дзейнічаюць на харчовай вытворчасці, і пачынаюцца літаральна з парога.
— У нас не тое, што вынесці, нават занесці нельга,— тлумачыць Таццяна Анатольеўна.
Пропуск на тэрыторыю ажыццяўляецца толькі праз дамафоннае ўстройства і пост аховы. Далей таксама не менш строгія меры кантролю… Аналіз санітарнага стану вады праводзіцца двойчы на суткі па 18 паказчыках. Таму лабараторыя, як і станцыя ўвогуле, працуе кругласутачна. Дзякуючы такому адказнаму падыходу, на працягу многіх гадоў не была зарэгістравана наяўнасць у вадкасці небяспечных прымесяў.
Здабыванне вады вядзецца на шасці свідравінах, глыбіня якіх дасягае 280 метраў, дзе знойдзены самы якасны ваданосны слой. На гэтым этапе начальнік участка абвяргае адзін з тэзісаў рэкламнага буклета: прадуктыўнасць станцыі складае 10 тысяч кубаметраў вады, прытым што горад цалкам спажывае не больш за палову ад гэтага аб’ёму. І гэта толькі ў самы гарачы перыяд. Гэта значыць, што цэнтральны водаправод здольны перакрываць патрэбы горада. А запасаў вады ўвогуле столькі, што можна забяспечыць ёю тры такія райцэнтры, як Пружаны. Хаця ёсць адзін нюанс: ціск у трубах мае вызначаны ўзровень, і на яго рэзкія змены абсталяванне аператыўна зрэагаваць пакуль не ў стане. Таму, калі пачынаецца масавы паліў агародаў у прыватным сектары, ціск можа знізіцца і выклікаць сумненні ў спажыўцоў наконт дастатковасці водазабеспячэння. Паступова помпавае абсталяванне пераходзіць у павышаны рэжым работы і ціск аднаўляецца на вызначаным узроўні.

Завастрыла ўвагу Таццяна Анатольеўна і на якасці вады. Амаль па ўсіх паказчыках вадкасць, якая здабываецца з такой глыбіні, адпавядае нормам і з’яўляецца абсалютна бясшкоднай для чалавека. Акрамя толькі аднаго — утрымання жалеза: вызначаная норма перавышана амаль у шэсць разоў! Гэта і стала прычынай будаўніцтва станцыі абезжалезвання.
Ачыстка ажыццяўляецца без прымянення ўсялякіх хімічных сродкаў. Шляхам аэрацыі, або насычэння кіслародам, жалеза акісляецца і потым фільтруецца. У велізарных фільтравых ваннах таксама няма ніякіх шкодных дабавак, толькі крэмній, які пастаўляюць беларускія прадпрыемствы. Каменныя фракцыі маюць розныя памеры, за кошт чаго ачыстка мае некалькі ўзроўняў складанасці. Пасля вадкасць накіроўваецца ў спецыяльныя шматтонныя рэзервуары настолькі якаснай, што нават хларыраванне не прымяняецца. Дарэчы, увесь гэты працэс кантралюецца з дапамогай камп’ютарнага абсталявання, дзякуючы якому істотна пашырана аўтаматызацыя і зведзены да мінімуму чалавечы фактар.
Толькі невялікую долю праўды Таццяна Анатольеўна адзначыла ў словах пра «адсутнасць якаснай вады». Па-першае, металічны водаправод мае пэўны рэсурс, і паступова трубы замяняюцца, але не такімі хуткімі тэмпамі, як хацелася б. У выніку ў вадзе можа з’яўляцца механічнае забруджванне ў выглядзе металічнага асадку. Для таго, каб пазбегнуць гэтага, перыядычна камунальнікі праводзяць прамыўку гарадскога водаправода па вызначаных сектарах. Па-другое, нейкі працэнт жалеза ў вадзе ўсё-такі застаецца, бо, як пацвердзілі навукоўцы, дыстыляваная вада — шкодная для чалавека, бо ў ёй няма неабходных для нас мікраэлементаў. Праходзячы па трубах, вада пакідае жалезны асадак на іх сценках. А потым, калі назіраецца ваганне ціску, ён змываецца і трапляе ў краны спажыўцоў. Але ж і гэта адбываецца ў такіх нязначных аб’ёмах, што не нясе ніякай пагрозы.

А вось сапраўдную рызыку Т.А.Юк бачыць у іншым, пра што рэкламны буклет не гаворыць ні слова. Праблема ў тым, што недастаткова аддаць такую вялікую суму грошай толькі за фільтр: потым неабходна рэгулярна і даволі часта набываць расходныя элементы. У залежнасці ад аб’ёмаў спажывання вады, рабіць гэта трэба ў сярэднім раз на месяц, а часам і часцей.
— Аднойчы да нас звярнуліся са скаргай, што значна знізіўся ціск вады і такая сітуацыя назіраецца пастаянна. Калі праверылі сістэму, то вызначылі прычыну няспраўнасці — фільтруючая ўстаноўка, у якой даўно не мяняўся картрыдж, з-за чаго ўтварыўся нават застой вады. І ў ёй якіх толькі забруджванняў не было, нават бактэрыяльную небяспеку знайшлі. Дык ёсць сэнс аддаваць паўтары тысячы рублёў, каб потым спажываць ваду яшчэ горшай якасці?
На гэтае пытанне кожны з нас можа знайсці адказ самастойна, шкада толькі, што часта адбываецца гэта пад уплывам вось такой непраўдзівай інфармацыі, як у дадзеным выпадку.

На здымках: за работай абсталявання дыспетчары ажыццяўляюць літаральна пахвілінны кантроль; начальнік участка водаправода Т.А.Юк без усялякай апаскі і без дадатковай фільтрацыі п’е такую ж ваду, што атрымліваюць гараджане.
Алег Сідарэнка. Фота Сяргея Талашкевіча.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *