Разрозненасць, абыякавасць, эгаізм… — кожны дзень многія людзі спяшаюцца па сваіх справах, не заўважаючы адзін аднаго і думаючы толькі пра сябе… Каб хоць неяк змяніць свет у лепшы бок, некалькі гадоў таму супрацоўнікі цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі распрацавалі адукацыйны праект “Талерантнасць… Пачні з сябе”, накіраваны на фарміраванне талерантнага грамадства, здольнага зразумець і прыняць людзей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця такімі, якімі яны ёсць. Вынікі праекта былі падведзены на інклюзіўным канцэрце, які адбыўся днямі ў гарадскім Палацы культуры.

— Ажыццяўляючы розныя дабрачынныя і інклюзіўныя акцыі, трэнінгі і семінары, Тыдні міласэрнасці і інтэграваныя фестывалі, спецыялісты цэнтра даказалі, што актыўна жыць у свеце непадобных людзей і ідэй — гэта цэлае мастацтва. Прыемна, што за два гады нашай плённай працы ў лепшы бок змяніліся адносіны грамадства да “асаблівых” людзей, павялічылася колькасць дзяцей і дарослых у валанцёрскіх атрадах, гатовых удзельнічаць у розных дабрачынных імпрэзах, – зазначыла на адкрыцці канцэртнай праграмы дырэктар карэкцыйнага цэнтра Наталля Пятроўна Красевіч.

Лепшым доказам яе слоў стала перапоўненая вялікая зала Палаца культуры: сваіх “асаблівых” сяброў і іх настаўнікаў прыйшлі падтрымаць вучні ўсіх гарадскіх школ, а таксама дзеці з Ліноўскай, Кляпацкай, Ружанскай, Шарашоўскай, Параслянскай і іншых устаноў адукацыі раёна. На працягу ўсяго мерапрыемства сярод гледачоў і выступоўцаў панавала цёплая, дабразычлівая атмасфера, усе музычныя нумары былі прасякнуты дабром, шчырасцю і любоўю.

Вельмі кранальным атрымаўся танец “Анёлы” ў выкананні педагогаў цэнтра, якія такім прыгожым чынам выказалі сваю пастаянную гатоўнасць аберагаць сваіх любімых “асаблівых” выхаванцаў ад бяды і непрыемнасцей.
Пра тое, што не толькі педагогам цэнтра, а ўвогуле ўсім людзям не трэба шукаць нагоды для цёплых слоў, прыгожа спявалі гімназісты на чале з дырэктарам установы А.К. Момлікам. Песня “Свет” у іх выкананні выклікала вялікую хвалю апладысментаў у публікі. Застаецца спадзявацца, што лейтматыў-запавед песні “той, хто азарае жыццё іншых, не такіх, як усе, людзей, сам ніколі не застанецца без святла” дарослыя і дзеці будуць выконваць усё сваё жыццё.
Мы ўсе розныя, з рознымі магчымасцямі, аднак звязаныя адзін з адным нябачнымі сувязямі, і ў нашых сілах зрабіць наш свет дабрэйшым, каб наступныя пакаленні захапляліся намі, а не пракліналі. Менавіта гэтую думку імкнуўся данесці да аўдыторыі Мікіта Несцярчук, “асаблівы” вучань 1-га класа інтэграванага навучання і выхавання, які адкрыўся сёлета ў СШ № 3. Хлопчык у інваліднай калясцы на мяжы сваіх магчымасцяў прачытаў вялікі верш “Давайце будзем нанова сябраваць” і сваёй мужнасцю і сілай духу расчуліў да слёз і без таго расхваляваную публіку.

Услед за мужным хлопчыкам разам з настаўніцай карэкцыйнага цэнтра Аленай Іванаўнай Лухверчык выступала маленькая дзяўчынка Калерыя Буланькова, за жыццё якой, як вядома, з самага нараджэння змагаліся лепшыя медыкі краіны, а за яе папраўку маліліся неабыякавыя вернікі амаль усіх храмаў раёна. Калерыя выстаяла і сёння замілоўвае сваім зычным галаском адданых прыхільнікаў, сярод якіх, прызнаюся, і я.
Не менш хвалюючых эмоцый у атмасферу свята дадаў танец “Птушка шчасця” ў выкананні такіх жа, як і Мікіта, дзетак у калясках. Разам з імі кружылі па сцэне настаўнікі карэкцыйнага цэнтра. Гледачы, зачараваныя дзействам, адорвалі выступоўцаў шчырымі ўсмешкамі і апладысментамі, адкрыта транслюючы свае годныя думкі пра тое, што “асаблівыя” людзі вартыя такіх жа правоў, як і ва ўсіх людзей.

Сваім арыгінальным творчым уяўленнем пра шчасце і дабрыню, якія выратуюць свет, з публікай дзяліліся вучні СШ № 3, а таксама Ліноўскай, Кляпацкай, Шарашоўскай і Ружанскай школ, якія наладзілі цудоўныя танцавальныя праграмы. Шчаслівыя дзеці танцавалі ад душы ў асяроддзі не менш шчаслівых і прыгожых дарослых. А “асаблівыя” дзеці з удзячнасцю акуналіся ва ўзнятую танцорамі хвалю пазітыўных эмоцый.
Праз песню “Усе колеры жыцця для цябе” па-віншавалі сваіх сяброў і валанцёры атрада “Ад сэрца да сэрца” СШ
№ 5, без якіх сёння не абыходзіцца ні адно значнае дабрачыннае мерапрыемства ў горадзе. Нядзіўна: дзяўчыты і юнакі добра ведаюць прапісную ісціну, што чалавек, які робіць іншым дабро, сам адчувае сябе шчаслівым… У азнаменаванне гэтага простага чалавечага шчасця, пабудаванага на адданым сяброўстве, якое заўсёды нараджаецца незалежна ад фізічных магчымасцей і розных жыццёвых сітуацый, усім гледачам напрыканцы мерапрыемства раздалі чырвоныя ніткі…
… Адкрыю адзін сакрэт. Перад канцэртам мне давялося зазірнуць у кнігу “добрых спраў”, якую сумеснымі намаганнямі напісалі ўсе госці і ўдзельнікі “талерантнай” імпрэзы. Справа ў тым, што перш, чым пераступіць парог канцэртнай залы, кожны жадаючы змог напісаць у кнізе пра дабро, якое ён зрабіў за апошні час. Адныя ў цяжкія хвіліны падтрымліваюць сяброў і проста так, без прычыны дораць падарункі. Іншыя заўсёды ўдзельнічаюць у дабрачынных акцыях і імкнуцца не рабіць нікому зла. Хтосьці заўсёды падвозіць тых, хто падарожнічае аўтастопам, і ўсім падае міластыню. Ёсць такія, хто апякае старых і хворых суседзяў і носіць ім прадукты харчавання, хтосьці, у сваю чаргу, клапоціцца пра бяздомных катоў і сабак… Дадаюць чужому дзіцяці грошай у магазіне, паколькі таму не хапае на марожанае, уступаюць месца ў аўтобусе, раздаюць праз сацыяльныя службы адзенне і абутак ці проста дапамагаюць сябрам адолець страхі… Давайце і мы з вамі, паважаныя чытачы, будзем імкнуцца штодня папаўняць агульную “скарбонку добрых спраў”. Глядзіш, — і свет стане дабрэй…
Алена ЗЯЛЕВІЧ, фота аўтара.