Суббота, 24 мая 2025

Владимир Желенговский: «Служу Богу и людям»

2 076

“Што добрага можа быць з Назарэта?” – дзве тысячы гадоў таму сцвярджалі ўпартыя іудзеі, што з недаверам сустрэлі вестку аб Месіі. “Які ж гэта святар, калі ён родам з Рубля?” – падобна ім, з насмешкай кажуць сёння некаторыя людзі аб святарах, ураджэнцах аграгарадка на Століншчыне.
— Годныя святары! І годная вёсачка! – адкажу я вам, сябры.
Упершыню вёска ўпамінаецца ў дакументальных крыніцах XV cт., праўда, пад старой назвай – Любра (Любер). Праз тры стагоддзі Любра пераўтварылася ў Рубель, які сёння славіцца на ўсю Брэстчыну сваімі працавітымі жыхарамі, агурочна-маркоўна-капуснымі плантацыямі, статкамі кароў і коней і… унікальнай драўлянай Свята-Міхайлаўскай царквой, пабудаванай у 1796 годзе, акурат перад увядзеннем сумнавядомай Брэсцкай уніі. Гэты помнік “палескага” барока цудам уцалеў падчас нямецкай акупацыі, калі больш за сем соцень сельскіх дамоў было тут спалена фашыстамі (Рубель нават увекавечаны ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”). Застаўся некранутым і ў “бязбожныя” 60-я гады: вернікі абаранілі ад закрыцця…
– Увогуле нашы рубельцы – людзі вельмі набожныя, – сцвярджае адзін з ураджэнцаў вёскі настаяцель мураўскага храма ў гонар Казанскай іконы Божай Маці іерэй Уладзімір Жалянгоўскі, з якім мы сустрэліся з нагоды яго 35-годдзя.


Малады святар, які служыць у храме пяць гадоў (па “святарскіх” мерках гэта не так многа), карыстаецца павагай у мясцовых жыхароў і насельнікаў навакольных вёсак, паколькі да ўсяго акармляе клятнянскі прыход у гонар святых мучаніц Веры, Надзеі, Любові і маці іх Сафіі. Дарэчы, менавіта яны, вернікі, і папрасілі журналістаў напісаць пра іх пастыра, якога, нягледзячы на малады ўзрост, называюць з пяшчотай “бацюшкай”.
Прызнацца, гэты зварот яму вельмі пасуе. Бацюшка Уладзімір – шматдзетны тата, разам з матушкай Аленай яны гадуюць ажно пецярых дзяцей, малодшаму Уладзіку толькі паўтара месяцы ад роду. Прызнацца, вельмі прыемна было, калі нас, журналістаў, сям’я святара сустрэла ў поўным складзе.

Дзіцячае «суквецце» Жалянгоўскіх з парога ўразіла сваёй прыгажосцю і талентамі. Старэйшая Волечка, названая так у гонар адной са сваіх бабуль, – музычна адораная дзяўчынка. Спявае, танцуе, а яшчэ, па прызнанні матушкі Алены, з’яўляецца першай памочніцай бацькоў.
– Калядныя пернікі і велікодныя кулічы з дапамогай дачкі атрымліваюцца значна смачнейшымі, – уміхаецца шчаслівая маці.
Сярэдняя дачка Ніна (таксама ў гонар бабулі) – рукадзельніца: любіць вышываць, вязаць і сваімі рукамі майстраваць розныя падарункі і сувеніры для родных і сяброў. Данік-гарэза — відавочна, будучая спартыўная зорка.
– Бывае, як павісне на турніку, то не даклічашся дамоў! – радуецца здароваму захапленню сына бацька.
А галоўная місія самых маленькіх – двухгадовай Сафійкі і хлопчыка Уладзіка – пакуль проста радаваць бацькоў сваімі сонечнымі ўсмешкамі і чыстымі анёльскімі позіркамі…
– Адчуваеце, колькі радасці яны выпраменьваюць? – задаюць рытарычнае пытанне бацькі. – Як ад яе можна адмаўляцца?! Гэта непарушны закон: не адмаўляцца ад дзетак, якіх Бог дае…
Як, здаецца, Жалянгоўскія паспяваюць такую вялікую чараду дзяцей годна гадаваць і яшчэ па гаспадарцы ўвіхацца (зараз, праўда, зіма, але бачна, што пад агарод у іх выдзелена нямала зямлі).
– А як інакш?! – шчыра здзіўляецца матушка Алена. – У вялікіх сем’ях не прынята сядзець склаўшы рукі!
Сама яна, як і айцец Уладзімір, вырасла ў шматдзетнай сям’і, дзе, акрамя яе, гадаваліся чатыры дачкі і сын, з юных гадоў цяжка працавала, дапамагала сваім бацькам.
– Так і гаспадар мой да любой працы прывучаны быў з дзяцінства – восем дзяцей у іх было!.. Добры, клапатлівы, прыстойны! За такім мужам і татам, як за каменнай сцяной! Паміж набажэнствамі паспявае ва ўсім мне па гаспадарцы дапамагаць. А галоўнае – менавіта ён падтрымлівае ў сям’і агеньчык веры! – заяўляе жанчына.

На пытанне, хто прывіў самому айцу Уладзіміру такую набожнасць, бацюшка адказвае: “Рубель і прывіў! З нашай вёскі, каб Вы ведалі, выйшла 360 святароў, якія цяпер служаць па ўсёй Беларусі і нават у Расіі і ва Украіне. Там, у Рублі, праз хату – сын ці зяць святар. Нядаўна ў гонар усіх святароў, выхадцаў з Рубля, каля Міхайлаўскай царквы была ўсталявана скульптурная кампазіцыя… Абыякавых да веры рублёўцаў не знайсці: усе дзеці наведваюць нядзельную школу, самыя здольныя спяваюць у хоры. Падрастаюць – і ў семінарыі паступаюць”.
Спрабую аспрэчыць:
– Дык, можа, даруйце, уся справа ў модзе?
– Паверце, усе шчыра вераць у Бога! – настойвае святар. – Старыя людзі ўзгадваюць паданне, што ў глыбокай старажытнасці, калі Рубель яшчэ зваўся Любрай, у тыя мясціны завітаў нейкі старац. Як аказалася, што да сустрэчы з рублёўцамі ніхто яму не даваў прытулку. За дабрыню вяскоўцаў старац прадрок: быць гэтаму месцу радзімай для святароў…
Сам айцец Уладзімір, вядомы “рублёўскім” лёсам, адразу пасля школы скончыў Віцебскае духоўнае вучылішча, потым адслужыў у арміі і ажаніўся з прыстойнай і працавітай дзяўчынай.
У 2010-м годзе ён быў рукапакладзены ў святара, чатыры гады нёс паслушэнства ў ваенным гарадку Заслонава (на Віцебшчыне) і вось ужо пяць гадоў служыць Богу і людзям у мураўскім храме.
– А яны нам ва ўсім дапамагаюць, за што мы вельмі ўдзячны!
На развітанне задаю святару апошняе пытанне:
– Як думаеце, сыны пойдуць па Вашых слядах?
– Як Бог дасць. На ўсё Яго святая воля…
Алена Зялевіч.