Воскресенье, 19 июля 2026

Візіт губернатара на Пружаншчыну

565

На пачатку бягучага тыдня наш раён з працоўным візітам наведаў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Пётр Пархомчык, які здзейсніў паездку па розных культурных і прамысловых аб’ектах Пружаншчыны.

Адразу губернатар пабываў у Ружанскім палацавым комплексе Сапегаў, дзе азнаёміўся з ходам рэстаўрацыі знакамітай славутасці раёна. «На сённяшні момант скончаны знешнія работы па аднаўленні Усходняга корпуса. Вядзецца распрацоўка праектнай дакументацыі на ўнутранае аздабленне. У планах кансервацыя галоўнага корпуса»,— расказала дырэктар палацавага комплексу Алена Кубарка.

Па словах Пятра Пархомчыка, зробленае ўражвае. «Задачы трэба будзе завяршыць»,— падкрэсліў старшыня аблвыканкама. Таму заклікаў актывізавацца ў гэтым накірунку, у тым ліку прыцягваць больш крыніц фінансавання.

Пасля гэтай сустрэчы губернатар наведаў шэраг прадпрыемстваў. Першай у спісе інтарэсаў аказалася Ружанская мэблевая кампанія. Пасля экскурсіі па вытворчасці Пётр Аляксандравіч зазначыў, што прадпрыемства вырабляе патрэбную прадукцыю, попыт на якую не зніжаецца і ўсё, што вырабляецца, паспяхова прадаецца. «Добра, што знайшлі іншыя рынкі збыту: Казахстан, Азербайджан, Узбекістан і Ра-сійская Федэрацыя. І беларускі спажывец выбірае гэту мэблю»,— звярнуў увагу высокі госць.

Са сваімі магчымасцямі губернатара Брэстчыны азнаёміў таксама Пружанскі завод радыёдэталяў, які рэалізуе інвестпраект для вырабу аснасткі для тэрмапластаўтаматаў. На прадпрыемстве, якое ўваходзіць у холдынг «Аўтакампаненты», праводзіцца тэхпераўзбраенне інструментальнага ўчастка з набыццём інавацыйнага абсталявання. Запланаванае мяркуецца завяршыць у 2027 годзе, а выйсці на праектную магутнасць — у 2028-м. Дэталі будуць выкарыстоўвацца на канвеерах аўтакампаній і вытворцаў бытавой тэхнікі ў Беларусі і Расіі.

Пётр Пархомчык адзначыў, што Пружанскі завод радыёдэталяў эфектыўна працуе. «Растуць аб’ёмы вытворчасці, пашыраецца наменклатура,— заўважыў кіраўнік вобласці.— Правільна выбудавана праграма дзейнасці. Але на дасягнутым нельга спыняцца, трэба рухацца наперад, і такія планы ёсць».

Інтарэс губернатара прыцягнулі таксама дасягненні ААТ «Пружанскі малочны камбінат» і «Пружанскі льнозавод», асабліва з нагоды рэалізацыі праграмы «Адзін раён — адзін праект». У прыватнасці, на «малочцы» Пётр Пархомчык пацікавіўся станам спраў з будаўніцтвам новага цэха па вырабу сыроў. Да рэалізацыі задуманага тут прыступілі летась, ужо заказана абсталяванне, тэрмін канчатковай рэалізацыі — першая палова 2027 года.

Не менш насычанай была экскурсія і па льноцэхах, дзе старшыня аблвыканкама азнаёміўся з магчымасцямі аднаго з лідараў адпаведнай вытворчасці ў Беларусі, яго здабыткамі і далейшымі планамі. Напрыканцы візіту Пётр Пархомчык яшчэ раз зрабіў акцэнт на далейшым развіцці прамысловасці раёна, рэалізацыі наступных інвестпраектаў.

Белта