ААТ «Пружанскае» — адзіная гаспадарка ў раёне, якая спецыялізуецца на вырошчванні агародніны. Апошнія гады пад агароднымі культурамі тут занята паўсотні гектараў. Сёлета вырошчваліся традыцыйныя морква, буракі і капуста.
Вырошчванне агародніны і асабліва яе ўборка — справа працаёмістая. Праўда, тут людзей ужо замяняюць машыны: таварыства некалькі гадоў таму набыло камбайн для механізаванай уборкі морквы і буракоў. Але і ручной працы хапае, нават пры тым, што сёлета ўраджай агародніны не надта радуе.
Калі морква і буракі на больш нізкіх месцах яшчэ ўрадзілі, дык капуста ўвогуле не ўдалася. Гэтай культурай занялі плошчу 12 гектараў, але лета аказалася засушлівым, і капуста, якая любіць вільгаць, проста не здолела як след развівацца. Як лічыць аграном Л.М.Гец, менавіта з-за гэтага гаспадарка панесла прамыя страты.
Апошнім часам у гаспадарцы займаюцца і вырошчваннем бульбы. Сёлета бульбяныя плантацыі займалі два гектары. Атрымана 51 тона клубняў пры ўраджайнасці 255 цэнтнераў з гектара.
Паўстае пытанне пра збыт вырашчанай прадукцыі. Частка яе цяпер за-кладваецца ў стабілізацыйны фонд, прадаецца на восеньскіх кірмашах. Сарты бульбы «брыз» і «зорачка», якія высаджваліся сёлета, добра раскупляюць у Брэсце.
Трапляе вітамінная прадукцыя ў школы і дзіцячыя садкі горада. Перапрацоўчым прадпрыемствам яна пакуль не вельмі патрэбна, так што частка агародніны будзе захавана да вясны ў сховішчы з рэгуляваным мікракліматам. Хаця падобная тэхналогія каштуе нятанна, усё робіцца для таго, каб на стале жыхароў раёна зімой не было недахопу ў патрэбных і карысных вітамінах.
На здымку: на ўборцы сталовых буракоў паблізу вёскі Семянча-1 працуюць А.Я.Шафарэнка, Д.Д.Сянько і А.М.Удавінец.
Мікола АРХУЦІК