Устаноўчая канферэнцыя Пружанскага раённага аддзялення «Беларускай партыі «Белая Русь» прайшла ў мінулую пятніцу ў гарадскім Палацы культуры.
Яе ўдзельнікамі сталі актывісты — прадстаўнікі прадпрыемстваў і арганізацый горада і раёна. Удзел у форуме прыняў намеснік старшыні Пружанскага райвыканкама Руслан Супрыновіч.
З парадкам дня прысутных азнаёміла Таццяна Кашкан, старшыня раённага аддзялення РГА «Белая Русь». Таццяна Канстанцінаўна адзначыла, што 2 мая 2023 года «Беларуская партыя «Белая Русь» была зарэгістравана Міністэрствам юстыцыі. Цяпер ідзе працэс пабудовы рэгіянальных структур — стварэння раённых і абласных аддзяленняў.
— Менавіта наша грамадскае аб‘яднанне ў свой час выступіла з ініцыятывай арганізаваць новую палітычную структуру. У ролі заснавальнікаў ад Пружанскага раёна выступілі 53 чалавекі. Цяпер яны — члены новастворанай партыі. Я віншую ўсіх нас з гэтай падзеяй і спадзяюся, што работа партыі будзе актыўнай і выніковай, на карысць роднай краіне, — зазначыла яна. — Заўважу, што само грамадскае аб‘яднанне не пераўтвараецца ў партыю: яна стала самастойнай палітычнай сілай.
На задачы, што ставіць перад сабой новаствораная партыя, звярнуў увагу Руслан Супрыновіч:
— Партыя «Белая Русь» ствараецца для кансалідацыі нашага грамадства, дапамогі дзяржаве, выканаўчай уладзе, Прэзідэнту ў вырашэнні шэрагу праблем і пытанняў. І задачы яе адпавядаюць курсу, узятаму нашай краінай: падтрыманне міру і стабільнасці ў краіне, забеспячэнне годных умоў працы і рэалізацыі магчымасцей кожнага грамадзяніна, сацыяльных гарантый.
Таксама Руслан Васільевіч патлумачыў шэраг арганізацыйных момантаў.
Падчас устаноўчай канферэнцыі быў выбраны савет раённага аддзялення партыі, у які ўвайшлі дзевяць чалавек.
Старшынёй савета Пружанскага раённага аддзялення Брэсцкай вобласці Беларускай партыі «Белая Русь» аднагалосна абралі Віталія Матвіенку, начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама. Яго намеснікамі сталі Аляксандр Усік, дырэктар філіяла РУП «Брэстэнерга» «Пружанскія электрасеткі» і Дзмітрый Пстыга, намеснік дырэктара абласной праектна-вышукальнай станцыі хімізацыі сельскай гаспадаркі.
Як зазначыў Віталій Іванавіч, прымаючы віншаванні з аказаным яму даверам, пасада старшыні — гэта, перш за ўсё, адказная праца, якая чакае цяпер, гэта канкрэтныя задачы, пастаўленыя ўрадам і грамадствам, якія трэба вырашаць.
На канферэнцыі былі выбраны члены кантрольна-рэвізійнай і назіральнай камісій, а таксама дэлегаты на Брэсцкую абласную канферэнцыю.
Раённае аддзяленне будзе валодаць правам юрыдычнай асобы.
Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік