Вялікай павагай у ААТ «Ружаны-Агра» карыстаюцца Віталь Мікалаевіч і Вольга Мікалаеўна Яцукі, якія шчыруюць на МТК «Калазубы»: муж — аператарам па штучным асемяненні жывёл, а жонка — жывёлаводам.
Па словах Віталя, вынік яго работы бачны толькі праз дзевяць месяцаў, калі можна палічыць прыплод. Вось тады і высвятляецца, ці адказна паставіўся да свайго ўчастка работы аператар па штучным асемяненні жывёл, ці выканаў пастаўленую задачу. Да гэтага часу Віталь на выдатна спраўляўся са сваімі абавязкамі, таму пажадаем яму і надалей не зніжаць зададзеных тэмпаў і дзяліцца сваім запалам на рабоце з іншымі працаўнікамі сельгаставарыства.
Пад пільным наглядам Вольгі — цяляткі ад трох да дванаццаці месяцаў. Догляду патрабуюць як дзеткі малыя. Каля іх чэрстваму чалавеку працаваць нельга, тут патрэбна і пяшчота, і цярпенне, і любоў да сваіх гадаванцаў. Гэтага жанчыне не займаць. А яшчэ Вольга заўважае: калі з ахвотай кожны дзень ідзеш на работу — значыць ты на сваім месцы і жыццё ў гэтым сэнсе ўдалося.
Па словах мужа і жонкі, іх работа на комплексе ўзаемазвязана: спрацаваў добра муж — ёсць каго даглядаць жонцы, у сваю чаргу, цяляткі падраслі, узнавілі дойны статак — цяпер чарга за мужам. А пра тое, каб надакучыць адзін аднаму, і размовы няма: і дома, і на рабоце пануе падтрымка і разуменне.
А дома Віталя і Вольгу чакаюць… тры кароўкі і цялушка. Вось і атрымліваецца: адпачываць асабліва няма і калі. Але муж і жонка ад гэтага не засмучаюцца, бо для іх работа — гэта не абавязак, а, у першую чаргу, рухавік жыцця, тое, што прыносіць задавальненне і ўпэўненасць у заўтрашнім дні. Няхай жа сямейную пару Яцукоў заўсёды суправаджае ўдача ва ўсіх новых пачынаннях.
Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік