Пры падвядзенні вынікаў дзейнасці структурных падраздзяленняў УП «Белтэхагляд» за мінулы год кіраўніцтва рэспубліканскай арганізацыі палічыла ўзорнай работу інжынера па допуску транспартных сродкаў станцыі дыягностыкі аўтапарка №11 І.В.Патапчука.
Як зазначыў начальнік філіяла «Брэсттэхагляд» А.Ю.Праневіч, Ігар Вітальевіч — адзін з лепшых работнікаў у вобласці, у якога стабільна самыя высокія паказчыкі па правядзенні агляду і выдачы дазволаў на ўдзел у дарожным руху. І чарговая ўзнагарода (шостая за паўтара дзесяцігоддзі) поўнасцю заслужана спецыялістам. Тым больш, што прыпала яна якраз на дзень нараджэння: І.В.Патапчуку споўнілася 55 гадоў.
Практычна ўся працоўная дзейнасць Ігара Вітальевіча звязана з аўтамабілямі. Нарадзіўся ён у Пружанах, дзе скончыў СШ №3 і мясцовы сельгастэхнікум. Падчас службы ў арміі трапіў у батальён міліцыі, таму пасля дэмабілізацыі пайшоў на службу ў праваахоўныя органы, у падраздзяленне Дзяржаўтаінспекцыі.
— Пачынаў служыць на пасадзе інспектара ДПС, за чатыры гады прайшоў прыступкі да начальніка раённага аддзялення,— расказвае віноўнік урачыстасці.— Таму маю права сказаць, што ведаю работу супрацоўнікаў ДАІ на ўсіх узроўнях.
На працягу 15 год І.В.Патапчук кіраваў аддзяленнем ДАІ, менавіта з гэтай пасады ў званні маёра ў 2006 годзе ён выйшаў на заслужаны адпачынак.
На гэты раз Ігар Вітальевіч працаўладкаваўся на станцыю дыягностыкі, дзе і зараз уносіць пасільны ўклад у парадак на дарогах.
Як зазначае спецыяліст, атрыманая ўзнагарода — вынік дзейнасці ўсяго калектыву станцыі дыягностыкі, у тым ліку і яго напарніка А.П. Дубейкі, разам з якім яны вызначаюць тэхнічны стан машын, праводзяць праверку нумарных агрэгатаў, згодна з адпаведнай дакументацыяй і многае іншае.
Трэба дадаць, што сын Ігара Патапчука Віталій пайшоў па слядах бацькі і зараз таксама служыць у дарожнай інспекцыі. Нядаўна ён узначаліў Камянецкае АДАІ і за кароткі тэрмін заслужыў падзяку ад кіраўніцтва раённай міліцыі.
Што цікава, свой вольны час І.В.Патапчук бавіць далёка ад аўтамабіляў і нават цывілізацыі. Ён — заўзяты паляўнічы, а яшчэ нямала часу праводзіць на ўласнай дачы, дзе з задавальненнем даглядае сад. На думку юбіляра, гэта самы выдатны адпачынак.
Алег СІДАРЭНКА