Пятница, 14 февраля 2025

Віншуем, вартавыя воднага балансу! З нагоды прафесійнага свята меліяратараў пагутарылі з дырэктарам «Пружанскага ПМС» Аляксеем Шахновічам

541

Сёння, 5 чэрвеня, сваё прафесійнае свята адзначаюць меліяратары.

Асноўная мэта меліярацыі – забеспячэнне высокай і ўстойлівай прадукцыйнасці сельскагаспадарчых зямель, стварэнне рацыянальнай структуры, уцягненне ў сельскагаспадарчы абарот невыкарыстоўваемых участкаў.

Ад работы, якую праводзяць меліяратары, напрамую залежыць ураджайнасць палеткаў нашых сельгаставарыстваў, а значыць, і іх прыбытак. І гэта не пустыя словы: за імі стаяць людзі, якія сумленна выконваюць пастаўленыя перад імі задачы.

Пра надзённае і не толькі з нагоды прафесійнага свята меліяратараў мы пагутарылі з дырэктарам ДУВП «Пружанскае ПМС» Аляксеем Шахновічам.

— Аляксей Аляксеевіч, меліярацыю, як ніякую іншую галіну, то ўзносяць на незвычайную вышыню, то падвяргаюць сумненню яе неабходнасць… Як Вы самі ацэньваеце карысць ад работы прадпрыемства?

— Зразумела, меліярацыя неабходна, нават думкі іншай не можа быць.

Калі казаць пра гэтую галіну эканомікі ў цэлым, то адзначу, што менавіта меліярацыя павышае эфектыўнасць выкарыстання зямельных і водных рэсурсаў і дае магчымасць атрымліваць высокія і ўстойлівыя ўраджаі сельскагаспадарчых культур. І калі некаторыя сцвярджаюць, нібыта мы толькі асушаем землі, а значыць, «шкодзім навакольнаму асяроддзю», то магу сказаць адно: пад гэтымі словамі няма абгрунтавання. Намі пастаянна кантралюецца напаўняльнасць водных артэрый, тым самым, баланс вільгаці падтрымліваецца на ўзроўні нормы.

Трактарыст Віктар Латыш і мантажнік Лявонцій Ганько сваю справу ведаюць выдатна.

— Раскажыце, калі ласка, якія работы былі праведзены прадпрыемствам у 2021 годзе.

— За 2021 год было асвоена 3 млн 619 тыс. руб., рэнтабельнасць склала 3,5 працэнта. Гэта не вельмі многа, але ўсё ж станоўчы вынік, тым больш, што маем жаданне дасягнуць большага.

Колькасць працуючых на нашым прадпрыемстве складае 76 чалавек. Такім людзям можна даручаць самую складаную работу. У 2021 годзе шмат займаліся добраўпарадкаваннем вадаёмаў і скошваннем расліннасці, аднаўлялі водаадводныя каналы. Таксама праводзілася рэканструкцыя меліярацыйнай сістэмы «Вярхоўе ракі Ясельда» ў ААТ «Жураўлінае», якая закончылася ў 2022 годзе з апераджэннем графіка (замест запланаваных 11 месяцаў справіліся за сем). Уведзены ўжо ў 2022 годзе 501 га рэканструкцый ў гэтай гаспадарцы. Такія ж работы праводзіліся на рацэ Лясная Левая ў ААТ «Мурава». Яшчэ значную ўвагу ўдзялялі рамонту меліярацыйных сістэм у сельгаставарыствах раёна (ААТ «Шані-аграпрадукт», «Ліноўскае», «Агра-Калядзічы» і інш.). Але гэта, зразумела, не ўвесь пералік зробленай намі работы. Працавалі і на шматкватэрных забудовах, і на дэмантажы збудаванняў, і на будаўніцтве сянажных траншэй — адным словам, стараліся брацца за любую работу, якая магла прынесці прыбытак нашаму прадпрыемству.

Асноўная работа ДУВП «Пружанскае ПМС» у гэтыя дні — ачыстка ад расліннасці водных сістэм. Юрый Лук’яновіч, Сяргей Папко і Анатоль Архуцік абкошваюць берагі ракі Ясельда.

— Са сказанага бачна, што ПМС як структурная вытворчая адзінка нашага раёна пастаянна шукае выйсце на спажыўца. Гэта прыемна. Аляксей Аляксеевіч, а як справы ў 2022 годзе?

— Сёлета нам патрэбна асвоіць амаль такія ж сумы: 3 млн 700 тыс. руб. З рэспубліканскага і абласнога бюджэтаў выдзелена 2 млн. 228 тыс. руб., адпаведна, цяпер трэба думаць, дзе знайсці астатнія грошы, амаль паўтара мільёна рублёў. Таму ў бягучым годзе прымаем актыўны ўдзел у тэндарах. Гэта дае магчымасць пашырыць геаграфію дзейнасці нашага прадпрыемства, у тым ліку павялічыць грашовы прыбытак. На дадзены момант займаемся работамі на Гродзеншчыне: рэканструкцыяй аўтамабільнага моста на р. Харужаўка ў Свіслацкім і на меліярацыйных сістэмах у Ваўкавыскім раёнах. Не спыняюцца, зразумела, работы і на Пружаншчыне, у першую чаргу, гэта — абкошванне вадаёмаў, каналаў, іх ачыстка. Прадпрыемства гатова ўзяцца за любую работу ў межах сваёй кампетэнтнасці і зрабіць яе хутка і якасна.

Іван Каралькевіч на трактары «Беларус-1221» з навясным абсталяваннем «АКН» займаецца абкошваннем канала за аг. Харава.

— Вы казалі пра чалавечы патэнцыял арганізацыі, надзейнасць людзей, якія працуюць у ПМС. Каго б маглі паставіць у прыклад іншым?

— У першую чаргу, варта назваць машыністаў экскаватара Юрыя Солада, Дзмітрыя Ліцкевіча, Уладзіміра Ігнашэвіча, машыністаў бульдозера Мікалая Суцько, Пятра Трафімчука, Уладзіміра Аўдзейчыка, трактарыста Дзмітрыя Навуміка. Не хацелася б пакінуць па-за ўвагай і вадзіцеляў Сяргея Цабрука, Паўла Пракурата, Леаніда Шанюка. Немалы ўклад у работу прадпрыемства робяць машыністы аўтакранаў Юрый Венска і Барыс Канцэвіч. Таксама мне хочацца выдзеліць ўчастак № 1 пад кіраўніцтвам Мікалая Мішчанчука, які выканаў работ за 2021 год на 2 млн. 700 тыс. руб. Усіх пералічыць проста немагчыма, але гэтыя людзі з‘яўляюцца прыкладам і стымулам для іншых.

На рэканструкцыі моста праз р. Харужаўка на экскаватары «Хундай 220» працуе Вячаслаў Кухараў.

— Аляксей Аляксеевіч, што б Вы пажадалі работнікам прадпрыемства напярэдадні свята?

— У першую чаргу, спакою на душы як за сваю сям’ю, так і за будучыню сваёй краіны — гэта цяпер вельмі актуальна. Волатаўскага здароўя, аптымізму, сіл для здзяйснення сваіх запаветных мар, жадання працаваць так, каб работай захапляліся навакольныя. Узаемаразумення, павагі калег, натхнення. І проста будзьце шчаслівыя!

Гутарыў Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік.