Сябры, а вы ведаеце, чаму наш узорны ансамбль эстраднага танца «Рубікон» гарадскога Палаца культуры так называецца?

Не ведаеце? А мы ведаем. Таму што аднойчы ён «перайшоў сваю раку Рубікон»: прыняў канчатковае і беспаваротнае рашэнне – заўсёды перамагаць. І з тых часоў ад сваёй мэты не адмаўляецца. Што ні фестываль – то фурор! Што ні новая сцэна – то новыя прыхільнікі!
Вось і нядаўна на VIII міжнародным фестывалі-конкурсе «Новыя вяршыні», які адбыўся ў г. Мінску і сабраў сотні лепшых танцораў з усёй краіны, нашы выдатныя юныя танцоры сталі дыпламантамі І ступені ажно ў дзвюх намінацыях, а ў трэцяй атрымалі дыплом III ступені.

Акрамя таго, ансамбль зрабіў сапраўдны фурор на IV Міжнародным шматжанравым фестывалі-конкурсе творчасці «MILLENNIUM», які праходзіў у Брэсце.
— Мы сталі дыпламантамі II ступені ў намінацыі «Эстрадны танец»! Мяркуючы па ўзнятай хвалі апладысментаў і моры пазітыўных водгукаў, нумар «Сонны перапалох» вельмі спадабаўся і журы, і гледачам, — радуюцца юныя танцоры.
— А я радуюся за іх! – кажа кіраўнік калектыву Святлана Салавей. — Камандны танец быў выкананы на годным прафесійным узроўні, а гэта – лепшы доказ таго, як мае выхаванцы карпатліва працавалі. Ганаруся вамі, «рубіконцы»!
Алена ЗЯЛЕВІЧ