Вторник, 13 мая 2025

Віншуем пераможцаў рэдакцыйнага конкурсу «А ці даўно з газетай Вы?»

4 914

У чарговым рэдакцыйным конкурсе “А ці даўно з газетай Вы?” з падарункамі ад ААТ “Ружаны-Агра” прыняло ўдзел менш чытачоў, чым у двух папярэдніх. Падалося, што паспытаць удачу на гэты раз вырашылі толькі тыя, хто чытае “Раённыя будні” не адно дзесяцігоддзе. Амаль усе лісты пачыналіся са слоў: “Газету чыталі яшчэ мае бацькі”, альбо: “Пазнаёміліся з газетай, калі яна выходзіла пад назвай “Зара камунізму”.


“Газету я выпісваю даўно, колькі памятаю. Мне ўжо 92 гады і я працягваю чытаць яе з былой цікавасцю”, — напісала нам Сафія Максімаўна Кунда з в.Юхнавічы.
Галіна Канстанцінаўна Немцава даслала наступны ліст: “Я нарадзілася ў 1927 годзе, з газетай сябрую з 1948-га. Нават дапамагала яе распаўсюджваць. Сама я расіянка, але вывучыла беларускую мову праз ваша выданне і даўно чытаю газету ад першай да апошняй старонкі”. Аказваецца, мову вывучылі з дапамогай “раёнкі” многія людзі. “Мая жонка з Башкартастана. На Пружаншчыну мы пераехалі 35 гадоў назад. Дзякуючы “вашай-нашай” газеце, жонка навучылася чытаць на беларускай мове”, — напісаў нам Віктар Міхайлавіч Шалятун.
Дарэчы, гісторыі знаёмства з нашым выданнем розныя. Акрамя чытачоў, хто літаральна вырас на чытанні раённых навін, ёсць і тыя, хто атрымаў падпіску ў падарунак! Наша чытачка Наталля Бушук піша: “Прыемным і нечаканым падарункам на юбілей ад сяброўкі стала падпіска на газету. У той момант я хварэла на каранавірус, і ўся сям’я была на ізаляцыі. Каб мы не засталіся без мясцовых навін, сяброўка выпісала нам выданне”. А вось Антаніне Леанідаўне Кісялевіч з Аранчыц у свой час на 45-годдзе такі падарунак зрабіла свацця, і вось ужо 15 гадоў газета – яе верная сяброўка і дарадчыца.

Не абышлося і без вершаваных радкоў:
З “раёнкай” з даўніх пор сябрую.
Ведайце, я не жартую!
Кожны дзень яе чытаю,
Пра навіны разважаю…
Што ў краіне, за мяжой,
Што ў раёне, пра надой.
І пра “Агра” справаздачу,
Іх галоўную задачу.
Віншаванні я прымаю, пажаданні адпраўляю.
Смачна ежу гатаваць,
Дзе набыць і як прадаць.
Нам “раёнка” дапаможа!
Не выпісваць мы не можам!
Напісаў наш чытач з Калядзіч Аляксандр Мікалаевіч Талашкевіч.

Калі меркаваць па вашых допісах, то большасць удзельнікаў конкурсу цікавіць інфармацыя сельскагаспадарчай накіраванасці.
Вось што піша Ніна Аляксандраўна Давідзюк з вёскі Ялова: “Мяне, жыхарку сельскай мясцовасці, вельмі радуюць поспехі ў сельскай гаспадарцы. Трое маіх дзетак працуюць у гэтай сферы і праз газету я даведваюся пра іх дасягненні. А наогул збіраю і захоўваю цікавыя публікацыі ажно з 1982 года”. А Надзея Лаўрэнаўна Рында з вёскі Юндзілы не проста пільна сочыць за сельскагаспадарчымі зводкамі, але і параўноўвае сучасныя вынікі з тымі, што былі ў 1965 годзе. Людміла Анатольеўна Роўгач з Ружан вельмі ганарыцца, што менавіта ААТ “Ружаны-Агра” рыхтуе падарункі для такога цудоўнага конкурсу.

Ну, а другімі па колькасці ўзгадванняў у вашых лістах сталі гістарычныя артыкулы, у тым ліку за аўтарствам Веры Церахавай і Ірыны Сядовай. Цікава, што сама Вера Віктараўна Церахава прызналася, што ў газеце асабліва любіць чытаць вершы мясцовых аўтараў. Да яе меркавання далучылася і наша чытачка з Пружан Людміла Рыгораўна Коваль: “Вельмі прыемна было, калі газета надрукавала вершы майго аднакласніка Віктара Шуткевіча”.
Асаблівы дзякуй, паважаныя чытачы, за цёплыя словы ў адрас нашых супрацоўнікаў. Да глыбіні душы кранае і тое, што многія з вас памятаюць і любяць былых карэспандэнтаў. Ганна Аляксееўна Ліцкевіч са Стараволі піша: “Самы яркі ўспамін звязаны з газетай – гэта калі я выйграла галоўны прыз – мяшок цукру. А прывёз мне яго мой былы аднавясковец, ваш фатограф Аляксандр Мелеш”.
Прыемна, што ўжо для многіх чытачоў прыемным успамінам сталі прызы нашых конкурсаў.
Падрыхтавала Кацярына Пашкевіч.
Пераможцы конкурсу сярод падпісчыкаў нашай газеты, уладальнікі мясных падарункаў ад ААТ «Ружаны-Агра»

  1. Валянціна Іосіфаўна Якута, аг.Лінова
  2. Аляксандр Мікалаевіч Сушчук, г.Пружаны
  3. Ірына Пятроўна Аўдзей, в.Сланімцы
  4. Валянціна Сцяпанаўна Рынкевіч, г.Пружаны
  5. Васіль Уладзіміравіч Сарока, г.Пружаны
  6. Людміла Іванаўна Абрамчык, в.Чапялі
  7. Вольга Сцяпанаўна Цабрук, в.Навасёлкі
  8. Любоў Ціханаўна Якубеня, в.Паўлава
  9. Зоя Міхайлаўна Сушчук, г.Пружаны
  10. Наталля Іванаўна Каравай, аг.Вялікае Сяло
  11. Людміла Андрэеўна Баханкевіч, г.Пружаны
  12. Вера Віктараўна Крэчка, в.Магілёўцы
  13. Аляксандр Аляксандравіч Раманчанка,
    г.Пружаны
  14. Сафія Аляксандраўна Папко, г.Пружаны
  15. Людміла Віктараўна Пабегус, аг.Стараволя
  16. Алена Яўгенаўна Берняковіч, г.Пружаны
  17. Васіль Уладзіміравіч Букраба, в.Ялова
  18. Валянціна Уладзіміраўна Солдак,
    в.Гарадзечна
  19. Святлана Леанідаўна Сарока, в.Носкі
  20. Барыс Яфімавіч Калмакоў, г.Пружаны
  21. Людміла Сяргееўна Касьян, аг.Шані.
    Віншуем усіх пераможцаў!
    Мясныя наборы мяркуецца даставіць рэдакцыю ў другой палове дня ў панядзелак, 12 ліпеня.
    Пытанні па атрыманні падарункаў можна ўдакладніць па тэл. рэдакцыі 9-12-36, 9-14-74.