Павел Афанасьевіч — адзін з самых юных патрыётаў Айчыны, якія ў самыя першыя дні Вялікай Айчыннай вайны сталі на шлях барацьбы з нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Ён стаў удзельнікам партызанскага руху.

У 1942 годзе, калі фашысты палілі вёскі Мокраўскага сельсавета і расстрэльвалі іх жыхароў, Павел быў прыняты ў рады Ленінскага камсамола, а пазней праз падпольны райкам камсамола партызанскага атрада імя Кірава накіраваны ў нямецкі гарнізон у якасці разведчыка. Ён выконваў абавязкі конюха, пастаянна рызыкаваў жыццём, але меў магчымасць перадаваць у атрад неабходныя дадзеныя пра дзейнасць гарнізона… Узнагароджаны медалямі «За баявыя заслугі», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.», ордэнам Айчыннай вайны II ступені.
Адразу пасля вызвалення Пружаншчыны Павел Новікаў працаваў сакратаром Хараўскога сельскага Савета, але хутка быў прызваны ў рады Савецкай Арміі. Адслужыў тэрміновую, працягнуў вайсковую службу ў якасці авіяцыйнага тэхніка, затым старшага памочніка начальніка ракетнага ўзбраення дывізіі. Пасля выхаду ў адстаўку працаваў інструктарам па грамадзянскай абароне Пружанскага райспажыўтаварыства, загадваў гаспадаркай абаронна-спартыўнага лагера.
На працягу многіх гадоў ветэран актыўна ўдзельнічаў у рабоце ветэранскай арганізацыі, вёў патрыятычную работу з моладдзю, ён — часты госць у школах раёна. А ў свой дзень нараджэння і сам прымаў гасцей. Сярод іх былі прадстаўнікі райваенкамата, раённага савета ветэранаў, тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, а таксама калектыву і пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі райспажыўтаварыства. Прагучала нямала слоў шчырай падзякі і добрых пажаданняў.
Са значнай датай Вас, Павел Афанасьевіч, здароўя Вам, бадзёрасці і яшчэ доўгіх гадоў жыцця пад мірным небам!
Таццяна Капіца