Ёй не было і 18 гадоў, калі пачалася Вялікая Айчынная вайна. Вёску Ціхаволя Свіслацкага раёна на Гродзеншчыне, дзе жыла сям‘я Дацкевічаў, фашысты спалілі, жыхароў яе выселілі «ў нікуды». Вера была старэйшай з шасці дзяцей у сям‘і, на яе плечы і лягла асноўная дапамога бацькам па доглядзе малодшых, па выжыванні ў неверагодна складаных умовах.
— У той дзень прыехала некалькі нямецкіх машын з салдатамі, — успамінае Вера Антонаўна. — Жанчын з малалетнімі дзецьмі рассаджвалі па гэтых аўтамабілях. Астатнія павінны былі ехаць на ўласных падводах. Пакуль чакалі апошніх, запалала вёска. Немцы гранатамі і агнямётамі падпальвалі дамы. Як запалкі, успыхвалі адна за другой саламяныя стрэхі, утвараючы адзінае вогненнае полымя. Як жалобная працэсія, рушылі падводы. Кідаючы позіркі назад, людзі хрысціліся…
Але неўзабаве дзяўчыне давялося зведаць яшчэ большыя выпрабаванні: яна аказалася сярод тых, хто трапіў у спісы на вываз для работы ў Германіі. Да сялянскай працы ёй было не прывыкаць, але тут была не проста цяжкая, праца паднявольная, удалечыні ад родных. Гэта яшчэ больш засмучала.
На багатага баўэра працавалі не толькі беларускія нявольнікі: разам гнулі спіну ў полі рускія, украінцы, палякі — усе былі роўнымі перад агульнай бядой. І агульная радасць панавала, калі прыйшло вызваленне. У адну цудоўную раніцу аказалася, што нямецкія гаспадары і іх памагатыя збеглі, а ў населены пункт уваходзяць савецкія танкі.
Як давялося дабірацца дадому — гэта асобная гісторыя. А калі знайшла сваю сям‘ю, аказалася, што тут папаўненне: нарадзілася самая малодшая сястрычка. Працы не ўбавілася, але была яна напоўнена сэнсам: дзеля дабрабыту сваёй сям‘і, дзеля ўзнаўлення разбуранай вайной роднай вёскі. У 1950 годзе Вера Антонаўна выйшла замуж за працавітага сціплага хлопца Міхаіла Болбата, разам з мужам да самай пенсіі працавала ў мясцовым калгасе «Пагранічнік». Дом у роднай Ціхаволі сям‘я пабудавала, калі ўжо падрасталі трое дачок.
У працы і клопатах непрыкметна праляталі гады. Выраслі і разляцеліся з бацькоўскага гнязда дзеці. Але неўзабаве пайшоў з жыцця муж, і праз нейкі час жанчына адчула сябе вельмі адзінокай у сваім доме. Так у 1987 годзе Вера Антонаўна Болбат перасялілася на Пружаншчыну, у пасёлак Клепачы, дзе з сям‘ёй пражывае дачка Галіна. Тады гэта быў саўгас «Савецкі», які актыўна развіваўся, рос, а вуліцы звінелі дзіцячымі галасамі.
Жанчына зноў адчула сябе патрэбнай: гадавала ўнучак (дарэчы, зараз у яе шасцёра ўнукаў і восем праўнукаў), дапамагала па гаспадарцы.
Зяць Дзмітрый Казлоўскі ў артыкуле «Пражыць жыццё недарма», змешчаным у «раёнцы» ў маі 2018 года, з цеплынёй і пяшчотай расказаў пра сваю цешчу, якая стала патрэбным і паважаным членам сям‘і: «Зімовымі вечарамі бабуля Вера даставала калаўрот і прала. З шарсцяных нітак вязала ўсёй нашай сям’і цёплыя рукавіцы, шкарпэткі, камізэлькі, укладаючы ў іх сваю любоў і душэўную цеплыню. Час няўмольна бяжыць. Але кожны дзень патрэбна прымаць з удзячнасцю. Кожны ў сваім жыцці нясе свой крыж. Галоўнае, як сцвярджае Вера Антонаўна, — быць патрэбным і карысным людзям».
А недзе ў 1991 годзе яна… адчула патрэбу выказаць свае пачуцці і эмоцыі ў вершах. У свой час толькі два гады Вера Антонаўна змагла правучыцца ў польскай школе, але недахоп адукаванасці замянілі жыццёвыя ўніверсітэты. Ды, уласна кажучы, яны часам даюць чалавеку больш, чым дыпломы аб адукацыі.
Шчырыя і мудрыя радкі ўражваюць:
«Благодари за молодость прошедшую,
За счастливые, светлые дни,
За любовь, за славу и за ласку
Благодари!
Они у тебя были.
И вот встречай подругу-старость.
Не с радостью, но всё же принимай.
Ты не брани, что жизнь была не лёгкой,
Подчас катилась горькая слеза:
Ты видишь солнце, и луну, и звёзды,
И внуков ясные глаза…»
«Спасибо, жизнь,
за молодость, за ласку,
за то, что подарила ты мне седину.
Спасибо и за дни ненастные.
Спасибо, что ещё живу…».
Свае вершы чытала Вера Антонаўна і ў свой соты, юбілейны дзень нараджэння, 15 лістапада, калі павіншаваць яе сабраліся не толькі родныя, але і шмат народу. Сярод іх — старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, старшыня раённай арганізацыі вязняў Валянціна Засядацель, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, спецыяліст тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Святлана Прэдка. Прыехалі і прадстаўнікі Свіслацкага раёна: старшыня Дабравольскага сельвыканкама Віктар Філіновіч, старшыня ветэранскай арганізацыі Тэрэза Іванюк, старшыня прафсаюзнай «пярвічкі» СУП «ВМК-Агра» Аляксандра Забалоцкая.
Было шмат кветак, падарункаў і шчырых пажаданняў. Далучаемся да іх і мы: з юбілеем, шаноўная Вера Антонаўна, бадзёрасці і яснага розуму Вам, яшчэ доўгіх гадоў. Няхай Ваша любоў да жыцця, стойкасць, працавітасць стануць прыкладам для ўсіх Вашых нашчадкаў, для ўсіх нас.
Ірына Сядова. Фота Вольгі Грышкевіч