5 жніўня ў доме ветэрана Вялікай Айчыннай вайны Марыі Аляксандраўны Бабрук, якая жыве ў вёсцы Шубічы, было надзвычай шматлюдна: столькі гасцей, што яблыку не было дзе ўпасці! Нагода для іх візіту асабліва пачэсная — 100-гадовы юбілей гаспадыні.
Традыцыя ўрачыста віншаваць з днём нара-джэння людзей сталага веку ў нашым раёне, і ў Шаняўскім сельсавеце ў прыватнасці, з кожным годам толькі ўмацоўваецца. Вось і цяпер прадстаўнікі мясцовай улады і грамадскасці ніяк не маглі абмінуць увагай шубіцкую доўгажыхарку, за плячыма якой (падумаць толькі!) ажно цэлае стагоддзе.
Марыя Аляксандраўна Бабрук нарадзілася ў в. Шубічы, у сям’і было пяць дзяцей. Скончыла 4 класы Шаняўской школы, а потым дапамагала бацькам па гаспадарцы, ткала на кроснах, вышывала. Пачатак вайны сустрэла ў вёсцы. Брата Івана Трафімчука адразу забралі на вайну, а ў 1943 годзе Марыю Аляксандраўну разам з пяццю аднавяскоўцамі вывезлі ў Германію. Там яна працавала ў гаспадыні ў паляводстве амаль два гады. Калі прыйшла Перамога, усе зазбіраліся дадому, але Марыі Аляксандраўне вярнуцца ў родную вёску адразу не ўдалося: яе вызначылі працаваць санітаркай у ваенным шпіталі Познані, дзе давялося затрымацца яшчэ амаль на год.
«Пры надыходзе нашых войскаў моцна бамбілі. У шпіталі было цяжка, абгарэлыя цяжкапараненыя паміралі на руках», — успамінае ветэран.
У 1946 годзе шпіталь расфарміравалі, Марыя Аляксандраўна ў краса-віку вярнулася дадому і… проста не пазнала сваю вёску: палова яе была спалена, у тым ліку і родны дом.
Ды жыццё працягвалася, прага да яго тут, на вызваленай радзіме, была неадольнай.
На Тройцу Марыя выйшла замуж за аднавяскоўца Мікалая (дарэчы, іх разам забіралі ў Германію, але будучы муж вярнуўся дадому раней), з якім выхавалі трох дзяцей. Працавала Марыя Аляксандраўна паляводам і цялятніцай у калгасе «Ленінскі шлях».
16 гадоў таму не стала мужа Мікалая Сяргеевіча, ды на дапамогу сваёй матулі прыходзяць дзеці. На ўсё лета прыязджае дачка Лідзія з Санкт-Пецярбурга, зімой Марыя Аляксандраўна жыве з сям’ёй сына ў Рудніках. Не забываюць бабулю і чацвёра ўнукаў, столькі ж праўнукаў і два прапраўнукі.
«Я вельмі люблю сваю родную вёску, — прызнаецца Марыя Аляксандраўна, вочы якой блішчаць святлом, ба-дзёрасцю, дабрынёй. — І, нягледзячы на свой узрост, да гэтага часу працую на градках у агародзе».
Вось яна, сапраўдная сіла вясковага чалавека! Нястомнасці, жыццёвай энергіі гэтай 100-гадовай бабулі здзіўляліся ўсе госці, якія з кветкамі і памятнымі падарункамі завіталі ў яе ўтульны домік. Старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, старшыня раённага аддзялення вязняў фашызму Валянціна Засядацель, старшыня Шаняўскога сельвыканкама Сяргей Лапука, старшыня савета ветэранаў Шаняўскога сельвыканкама Ганна Хаценка, спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ «Шані-аграпрадукт» Крысціна Асіпчук, загадчыца Шаняўскога СКБ Таццяна Кабрынец, стараста вёскі Шубічы Надзея Савіч, а таксама вучні і педагогі Шаняўской сярэдняй школы імя Міколы Засіма побач з роднымі і блізкімі — вось такой вялікай кампаніяй віншавалі віноўніцу ўрачыстасці са 100-гадовым юбілеем. Ветэрану Вялікай Айчыннай вайны ад усяго сэрца жадалі моцнага здароўя, дабрабыту і даўгалецця і дзякавалі за мужнасць і гераізм, праяўленыя ў гады вайны, за шматгадовую і добрасумленную працу на карысць краіны ў мірныя гады.
Таццяна Капіца, адказны сакратар раённага савета ветэранаў