
Дзень пажылых людзей з‘явіўся ў календары для таго, каб нагадаць маладому пакаленню, што асобы «сярэбранага» і «залатога» ўзросту маюць патрэбу ў клопаце, увазе, падтрымцы.

Віншаванні ў мінулыя выхадныя і напярэдадні іх атрымлівалі ветэраны вайны і працы, былыя калегі, старэйшыя сваякі па ўсёй краіне — усяго каля 1,5 мільёна жыхароў Беларусі (16 працэнтаў насельніцтва) адносіцца да катэгорыі пажылых людзей. Але і самі пенсіянеры аказаліся на вышыні: актыўна паўдзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных уласнаму святу.

Напрыклад, свой справаздачны канцэрт «Час быць разам» наладзілі ў Палацы культуры ўдзельнікі аддзялення дзённага знаходжання для пажылых людзей Пружанскага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва. Цудоўным ён атрымаўся: з песнямі (у тым ліку на італьянскай мове), вершамі, танцамі і спартыўнымі нумарамі, камічнымі і павучальнымі сцэнкамі. Выклаліся на ўсе 100 і паказалі, што ёсць яшчэ порах у парахаўніцах! У вачах выступоўцаў свяціўся малады запал, а ў зале не змаўкалі апладысменты.

Віноўнікаў свята цёпла віншавалі начальнік аддзела ідэалагічнай работы і па справах моладзі райвыканкама Аляксандр Момлік, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка. Нэлі Георгіеўна ўручыла граматы самым актыўным наведвальнікам гурткоў аддзялення дзённага знаходжання.

Свае нумары прывезлі і наведвальнікі аналагічнага аддзялення ў Шарашэве — клуба «Радасць зносін» (яны ж і члены пярвічнай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Шарашэўскага сельвыканкама на чале са сваім старшынёй Раісай Бульчук).

Як заўважыў падчас свайго віншавання настаяцель Спаса-Праабражэнскай царквы протаіерэй Ігар Мрыхін, «пажылых людзей» на сцэне ён не ўбачыў. І справа зусім не ў колькасці гадоў, а ў энтузіязме, маладосці душы. Хутчэй, ужо да катэгорыі «старых» можна далучыць пэўную колькасць моладзі, якая не мае захапленняў, нічым не цікавіцца, бавіць час у гаджэтах.

Святочныя мерапрыемствы з нагоды Дня пажылых людзей не абмінулі ні адзін сельсавет. Мерапрыемствы ладзілі сумесна з раённай арганізацыяй ГА «Белая Русь», пярвічкамі Беларускага саюза жанчын, прафсаюзнымі арганізацыямі. У Крыніцы, напрыклад, у нядзелю наладзілі канцэрт «Славім узрост залаты» на летняй пляцоўцы, які быў адначасова прысвечаны і Дню настаўніка. Яго адкрыла стараста вёскі Марыя Шука. Музычныя віншаванні гучалі ад удзельнікаў аматарскага аб‘яднання «Голас» Шарашоўскага ЦКіА, а невялікія падарункі падрыхтавала суполка ГА «БСЖ».

Быў наладжаны канцэрт у Сухопальскай бальніцы сястрынскага догляду.
А ў Ліноўскай сельскай бібліятэцы прайшоў вечар адпачынку «Мае гады — маё багацце». Віншавалі прысутных пажылых людзей старшыня сельвыканкама Таццяна Мардань і настаяцель Аранчыцкага храма іерэй Аляксандр Мялешка. Канцэртную праграму падрыхтавалі артысты мясцовых Дома культуры і дзіцячай школы мастацтваў.
Сваіх ветэранаў ушаноўвалі ў арганізацыях і на прадпрыемствах. Вучні школ карысталіся магчымасцю, каб павіншаваць педагогаў-ветэранаў адразу з двума святамі. І не толькі павіншаваць: навучэнцы СШ № 4 г. Пружаны, напрыклад, дапамаглі ім прыбраць апалае лісце каля дома.
Ірына Уладзімірава. Фота Кацярыны МАСІК
