Радзіма не там, дзе нарадзіўся. Радзіма там, дзе ты шчаслівы, дзе ёсць тыя, каго любіш ты, і тыя, хто любіць цябе. Гэтая думка стала ключавым матывам «Сустрэчы землякоў»: так называлася свята вёсак Мокрае і Казлы, якое сабрала нядаўна ўсіх тых, для каго гэтыя населеныя пункты з’яўляюцца не проста кропкамі на карце.

Жыхары Мокрага і Казлоў (а гэта больш за 400 чалавек) — вялікая дружная сям’я. Тут — развітая інфраструктура: ёсць і Дом культуры, і школа, дзіцячы сад, пошта, ФАП, магазіны. Асаблівы гонар куточка — грамадска-турыстычны цэнтр «Мікалаеўскі». Увогуле ж, родная зямля, прырода, людзі — вось тое, што здольна выклікаць у нас шчырае пачуццё гонару.
— Адзін з галоўных складнікаў таго, што вызначае сутнасць чалавека, — яго адносіны да сваёй малой радзімы. Наша сённяшняе свята няхай сабе і невялікае па маштабе, аднак грандыёзнае па сваёй ідэі, — падкрэсліла старшыня Мокраўскага сельвыканкама Вольга Грышкевіч, звяртаючыся з прывітальным словам да вяскоўцаў.
Падтрымала гэтую думку і падзякавала мясцовым людзям за працу намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ААТ «Жураўлінае» Зінаіда Усік:
— Годнае свята роднай зямлі – гэта, па вялікім рахунку, прызнанне ёй у любові. А яшчэ гэта прызнанне важкасці асобы кожнага з вас, на вас жа і трымаецца дабрабыт гэтага куточка Беларусі.

Безумоўна, менавіта самі жыхары вёсак-імянінніц сталі галоўнымі героямі гэтага дня. Ушанаваць лепшых, праявіць павагу да старэйшых, раздзяліць радасць асабістых сямейных падзей… Нагод для ўрачыстасці было нямала. Першымі падымаліся на сцэну па ўзнагароды вяскоўцы, якія многія гады свайго жыцця прысвяцілі рабоце ў школе: заслужанымі педагогамі вёскі былі названы Марыя Аляксандраўна Карунас, Лідзія Іванаўна Барадоўская, Святлана Уладзіміраўна Каранковіч, Алена Іосіфаўна Сцепанюк.
Атрымалі ўзнагароды і самыя мудрыя мясцовыя жыхары: Марыя Іванаўна Шамрук і Анастасія Мікалаеўна Кульгаўчук. Як жа цудоўна, што ў іх ёсць пераемнікі, у тым ліку нядаўна народжаныя дзеткі — самыя маленькія жыхары вёскі: Ганна Шыцікава, Соф’я Шыцікава, Варвара Хілюк. Малыя і іх бацькі таксама былі ўшанаваны на свяце.
Словы віншавання гучалі і ў адрас сёлетніх юбіляраў сумеснага жыцця. Аляксандр Якаўлевіч і Дамініка Сцяпанаўна Карунасы адзначылі, напрыклад, ужо 45-ю гадавіну свайго вяселля. Сорак гадоў з дня ўтварэння сям’і святкавалі Васіль Аляксеевіч і Алена Міхайлаўна Аблаушкі, а таксама Уладзімір Мікалаевіч і Лідзія Васільеўна Мацаюкі.

Як зазначылі вядучыя мерапрыемства Людміла Улога і Алена Аблаушка, іх зямля багатая на таленавітых людзей: у Мокрым і Казлах ёсць свае цудоўныя працаўнікі, гаспадыні, майстрыхі, кветкаводы, пчаляры і, безумоўна ж, артысты. Апошнія, дарэчы, сталі душой гэтага свята. Салісты Мокраўскага СДК, а таксама вакальная група «Клепачанка» Кляпацкага СДК сваімі творчымі нумарамі здолелі абудзіць у душы кожнага прысутнага радасныя, утульныя, па-дамашняму цёплыя адчуванні роднасці, адзінства і любові.
Эмоцыі ва ўдзельнікаў свята выклікалі вогненнае шоу, а таксама выступленне сапраўднага фокусніка.

Пасля вяскоўцаў запрашалі да дэгустацыйнага стала мясцовыя гаспадыні, якія прыгатавалі спецыяльна да свята свае лепшыя хатнія стравы: мясныя вырабы, выпечку, кансервацыі. Кожны мог пакаштаваць гэтую смакату, даведацца пра сакрэты яе прыгатавання, а таксама падзяліцца сваімі рэцэптамі.

Неардынарнасць давялося праявіць удзельнікам веласіпеднага маскараду, у якім удзельнічалі дзеткі: напярэдадні разам з бацькамі яны павінны былі ўпрыгожыць свае веласіпеды ў пэўным стылі і падабраць адпаведны ўбор для сябе. Вобраз кожнага ўдзельніка атрымаўся цікавым: на веласіпедах па вёсцы пракаціліся і байкер, і хіпі, хтосьці зрабіў акцэнт на ўпрыгожванні свайго транспартнага сродку кветкамі, хтосьці — паветранымі шарыкамі.
Завяршылася свята вёсак Мокрае і Казлы дыскатэкай з кампазіцыямі 1980-х гадоў. Ды, па вялікім рахунку, усё мерапрыемства было аформлена ў стылі 80-х: адпаведныя дэталі прысутнічалі і ў адзенні вядучых, у дэкоры фотазоны і сцэны, нават песні, абраныя для выканання салістамі, былі з таго, яшчэ не настолькі далёкага, часу.
Свята закончылася, ды толькі не ў сэрцах мясцовых людзей. Росквіту вам, родныя нашы вёскі!
Вольга БАСАК. На здымках: прыемныя моманты святкавання.