Пятница, 1 ноября 2024

Віншаванне ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны і вязняў фашысцкіх канцлагераў праходзіць у Пружанскім раёне (+ многа фота)

342

Напярэдадні Дня Вялікай Перамогі кіраўніцтва раёна разам з прадстаўнікамі грамадскіх арганізацый, аддзела культуры віншавалі ветэранаў, удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, вязняў фашызму з гэтым блізкім для кожнага з нас святам.

Старшыня Пружанскага райвыканкама Міхаіл Грышкевіч на чале прадстаўнічай дэлегацыі пабываў у гасцях ва ўдзельніка Вялікай Айчыннай вайны Паўла Афанасьевіча Новікава. Міхаіл Міхайлавіч павіншаваў нашага ветэрана з надыходзячым святам Вялікай Перамогі, пажадаў яму моцнага здароўя і даўгалецця, уручыў віншавальную паштоўку, кветкі.

Ваенны камісар Пружанскага раёна Кірыл Шаўчэнка ўручыў Паўлу Афанасьевічу юбілейны медаль «80 год вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў».

Дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Нэлі Педчанка таксама віншавала ветэрана з надыходзячым святам і прыпаднесла вялікі пакет з прадуктамі.

Свае віншаванні і падарункі Паўлу Афанасьевічу перадалі старшыня раённай арганізацыі РГА «Белая Русь» Таццяна Кашкан, старшыня раённага савета ветэранаў Уладзімір Яцкевіч, старшыня раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын Наталля Чарэшка, першы сакратар раённага камітэта ГА «БРСМ» Ульяна Апаляйчук.

У выкананні артыстаў гарадскога Палаца культуры прагучалі знакамітыя і любімыя ўсімі песні «Кацюша» і «Дзень Перамогі».

Развітваючыся, Міхаіл Грышкевіч запрасіў ветэрана, калі будуць сілы, прыняць удзел у святкаванні Дня Перамогі.

Затым мы перамясціліся ў суседні дом, дзе пражывае Лідзія Дзмітрыеўна Феафілава, якая ў гады Вялікай Айчыннай вайны самааддана працавала, тым самым паскараючы нашу Перамогу. Гэтай цудоўнай жанчыне былі таксама ўручаны юбілейны медаль, падарункі і кветкі. Для яе прагучалі песні. Гасцінная гаспадыня ўсіх, хто завітаў да яе, частавала смачнымі піражкамі.

Лідзія Дзмітрыеўна затрымала мяне, каб выказаць удзячнасць за газету. Яна з’яўляецца пастаяннай падпісчыцай «раёнкі» і чытае яе ад пачатку да канца.

Наш шлях ляжаў да Герасіма Савельевіча Шмулянкова. Тут эстафету віншавання кіраўніцтва раёна пераняў старшыня Пружанскага раённага Савета дэпутатаў Мікалай Кудравец. Звяртаючыся да Герасіма Савельевіча, Мікалай Пятровіч сказаў, што дзякуючы працаўнікам фронту салдаты Вялікай Айчыннай змаглі адстаяць мірную будучыню.

І зноў былі падарункі, песні і абавязкова — уручэнне юбілейнага медаля. А ў адказ Герасім Савельевіч прачытаў некалькі вершаў.

У гэты дзень таксама віншавалі Івана Аляксеевіча Корсака, Юлію Леанідаўну Кузняцову, Лідзію Васільеўну Гуга, Уладзіміра Іванавіча Грабенку. З надыходзячым святам, паважаныя!

Віктар Ільюшчанка. Фота аўтара

Яшчэ больш фота — глядзіце ў альбомах у нашых групах «УКантакце» і на «Аднакласніках».