Вторник, 18 февраля 2025

Вінаватыя выратавальнікі ці самі адпачываючыя? Спрабуем разабрацца, у чым прычына трагедый на вадзе і разважаем, як іх пазбегнуць

339

Купальны сезон толькі пачаўся, а на Брэстчыне зарэгістравана ўжо 30 патанулых. Лета, можна сказаць, толькі ўступае ў свае правы, а сумная статыстыка неверагодна палохае. З-за чаго адбываецца такі рост колькасці трагічных здарэнняў на вадаёмах вобласці? Няўжо нашы азёры і рэкі сталі настолькі небяспечнымі, што купацца ў іх могуць толькі экстрэмалы? Ці людзі сёлета развучыліся плаваць?

Гарадское возера ў Пружанах.

Аналіз кожнай трагедыі паказвае зусім іншыя высновы. Пераважная большасць здарэнняў звязана з купаннем у нецвярозым стане, а астатнія — з-за ігнаравання элементарных правілаў бяспекі. Што дае права так сцвярджаць? Прааналізуем на прыкладзе Пружанскага раёна.

Падрыхтоўка да купальнага сезона?

Штогод аб’ём адпаведных мерапрыемстваў толькі ўзрастае. Пару гадоў таму на тэрыторыі Пружаншчыны да сезона рыхтаваліся шэсць вадаёмаў, крыху раней — і таго менш. Зараз жа адкрыты (чытай падрыхтаваны належным чынам) 10 месцаў адпачынку ля вады. Там дзяжураць матросы-выратавальнікі стацыянарных або адказныя работнікі ведамасных пастоў. Дно гэтых вадаёмаў ачышчана ад небяспечных прадметаў, агароджана бяспечная акваторыя, за парадкам на пляжы перыядычна сочаць супрацоўнікі міліцыі. Пагаджуся, што хацелася б, каб такія зоны купання былі створаны ў кожным населеным пункце, вось толькі правесці неабходную работу на ўсіх — нерэальна. І не толькі з-за непамернага фінансавага цяжару, але нават і па прычыне недахопу часу: тады пачынаць падрыхтоўку давядзецца яшчэ ў снежні.

Заняткі і трэніроўкі з работнікамі ваенкамата праводзяць старшыня раённай структуры ТВВАД Юрый Амельянчук і ўрач аддзялення хуткай медыцынскай дапамогі Уладзіслава Ляўчук.

Словам, з гэтага боку канструктыўных заўваг быць не можа.

Адсутнасць аператыўнай дапамогі?

Пра рэгулярнае дзяжурства выратавальнікаў на пастах і станцыях адзначыў вышэй. Вось толькі службе матросаў-выратавальнікаў не пазайздросціш. За змену кожнаму даводзіцца выслухоўваць нямала непрыемнага ў свой адрас. То маці на заўвагу, што пакідае на беразе сваё дзіця без нагляду, адказвае: «Выконвай сваю работу і не вучы». То кампанія маладых абібокаў у лепшым выпадку адмахваецца. А здараецца, што і кулакамі пагражаюць, з-за чаго не адзін раз выратавальнікам даводзілася абараняць свой гонар у судзе.

Работнікі МНС адточваюць навыкі рэагавання на надзвычайныя сітуацыі па секундах.

Мяркуючы па ўсім, нашаму пакаленню не хапае ўзаемаразумення. Днямі ў Баранавіцкім раёне матрос выцягнуў з вады 12-гадовую дзяўчынку. Апошняя 11 мінут была пад вадой. Работнік на працягу паўгадзіны праводзіў рэанімацыйныя дзеянні і дзіця ажыло, задыхала. А калі ў малой спыталі, ці падзякавала яна выратавальніку, то адказ быў прыкладна такі: за што, гэта ж яго работа. Вось так…

Трэба сказаць, што да падобных трывожных выклікаў і просьбаў аб дапамозе рэгулярна рыхтуюцца і работнікі райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Выратавальнікі штотыднёва праводзяць вучэнні і трэніроўкі непасрэдна на вадаёмах. Але ж і ім патрэбны час, каб даехаць да месца здарэння.

Не ведаюць правілаў?

На маю думку, гэта самае смешнае сцвярджэнне. Пачынаючы з дзіцячага садка прадстаўнікі раённага таварыства выратавання на вадзе, МНС арганізуюць тэматычныя мерапрыемствы з навучаннем дзяцей. Вось і падчас школьных канікулаў ладзяцца рэгулярныя гульні, экскурсіі, лекцыі і конкурсы.

Правілы бяспечным паводзін на вадзе і гарадскім пляжы школьніка нагадвае старшыня раённай структуры ТВВАД Юрый Амельянчук.

Напрыклад, на мінулым тыдні падобныя мерапрыемствы праводзіліся ў гарадскім Палацы культуры з удзелам роставай лялькі Ратуйка і на беразе гарадскога возера. Там пабывала ўжо больш за 100 дзяцей, за ўдзел у конкурсах малыя атрымлівалі тэматычныя размалёўкі і іншыя карысныя прызы. Спадзяюся, што і вашы дачка ці сын пабывалі там, а значыць, змогуць расказаць мамам і татам, як паводзіць сябе ля вады.

Прафілактыцы трагічных здарэнняў на вадзе сярод дарослых таксама надаецца ўвага. Так, напрыканцы мінулага тыдня ў рамках правядзення Дня аховы працы работнікі райваенкамата наведалі выратавальную станцыю на гарадскім возеры. Матросы і работнікі станцыі хуткай медыцынскай дапамогі правялі з імі майстар-класы па аказанні даўрачэбнай дапамогі пацярпелым, а таксама расказалі, як пазбегнуць трагедый.

Такім чынам, для бяспекі падчас купальнага сезона робіцца ўсё магчымае і немагчымае. А што для гэтага зрабілі самі адпачываючыя? Пакуль адказу на пытанне няма, хаця намякнуць на яго ўжо можа міліцэйская статыстыка: з пачатку чэрвеня складзена 6 пратаколаў за купанне ў забароненых месцах. Яшчэ 14 пратаколаў — за ўжыванне спіртных напояў на пляжы…

Алег Сідарэнка, фота аўтара