Засушлівае надвор’е прыводзіць да таго, што ўзрастае рызыка лясных пажараў. І калі вялікія па сваёй плошчы краіны могуць без сур’ёзных наступстваў для эканомікі «перажыць» знішчэнне агнём дзясяткаў і нават сотняў гектараў лесу, то для невялікай Беларусі нават страта аднаго гектара з’яўляецца адчувальным ударам. Яшчэ трэба ўлічыць, што па шчыльнасці населеных пунктаў з-за той жа абмежаванасці тэрыторыі наша краіна апярэджвае, напрыклад, Расію або ЗША. Нярэдка вёскі знаходзяцца літаральна ў лесе, які пачынаецца адразу за ваколіцамі. І пры ўзнікненні пажару ёсць вялікая рызыка знішчэння жылых дамоў і гібелі людзей. Што, на жаль, здаралася ў гісторыі нашай краіны.
Менавіта па гэтых прычынах у сухое надвор’е уводзіцца рэжым забароны на наведванне лясоў. А з бягучага года выкарыстоўваецца яшчэ і абмежаванне, калі ў вызначаны перыяд часу забараняецца знаходзіцца ў лясных масівах.

Як зазначае інжынер па ахове і абароне лесу Пружанскага лясгаса Сяргей Чэрнік, лясныя пажары вельмі рэдка ўзнікаюць з-за непераадольных прычын, у прыватнасці, з-за маланкі. Калі прааналізаваць здарэнні, што адбыліся на Пружаншчыне ў мінулыя гады, то практычна ва ўсіх выпадках вінаваты так званы «чалавечы» фактар.
— Раскладзены касцёр, непатушаны акурак, нават кавалак шкла ў вывезеным у лес смецці могуць стаць крыніцай надзвычайнага здарэння, — расказвае Сяргей Віктаравіч. — Узгаранне хутка распаўсюджваецца па подсцілцы, прамачыць якую могуць толькі зацяжныя, на некалькі дзён, дажджы.
Лясныя пажары па хуткасці распаўсюджвання больш небяспечныя за палы сухой травы. Ды і змагацца з імі складаней, а без спецыяльнай тэхнікі, у тым ліку і авіяцыйнай, амаль што немагчыма. Для папярэджання пажараў работнікі лясной гаспадаркі праводзяць рэгулярную прафілактычную работу, арганізуюць тлумачальныя мерапрыемствы з дзецьмі і дарослымі. Ці дапамагае гэта? У выніках мы пераканаліся ўвачавідкі, калі разам з Сяргеем Чэрнікам і работнікам райаддзела па надзвычайных сітуацыях Інай Карпіла праехаліся па лясных наваколлях райцэнтра.

У летні сезон колькасць наведвальнікаў лясоў значна павялічваецца. Ягады, грыбы і проста пікнікі на прыродзе прыцягваюць сотні людзей. Вось толькі не ўсе ставяцца да аховы навакольнага асяроддзя адказна. Пасля правядзення акцыі «Чысты лес» работнікі лясгаса вывезлі з лясных масіваў вакол горада і іншых населеных пунктаў дзясяткі тон смецця. Нямала было і бітага шкла. Але ж чысціня захавалася ненадоўга, зноў там-сям узнікаюць стыхійныя звалкі.
Ёсць і такія «ціхія паляўнічыя», што пакідаюць пасля свайго адпачынку вогнішчы, добра, калі поўнасцю патушаныя. Леснікам даводзіцца рэгулярна кантраляваць свае ўгоддзі, каб пазбегнуць здарэнняў. У сухі перыяд у лясніцтвах дзяжураць спецыялісты, якія збіраюць ад патрулёў адпаведную інфармацыю з дапамагай рацый. Пэўны ўклад уносяць і камеры відэаназірання. А яшчэ леснікі трымаюць шчыльную сувязь з падраздзяленнямі МНС, куды могуць паступіць трывожныя тэлефанаванні аб узнікненні вогненнага здарэння.

— Станоўчы вынік даюць і забароны, а таксама абмежаванні з надыходам 3-га класа пажарнай небяспекі, якія, у прыватнасці, на Пружаншчыне, дзейнічаюць з 10 да 19 гадзін, — паведамляе Сяргей Віктаравіч. — У вызначаны перыяд ні ўязджаць, ні ўваходзіць у лес нельга. Інакш, згодна з арт.16.21 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях РБ, за парушэнне патрабаванняў пажарнай бяспекі ў лясах або на тарфяніках можна атрымаць штраф да 30 базавых велічынь.
Трэба прызнаць, што тлумачальная прафілактыка і кантроль сітуацыі — толькі палова справы. Работнікі лясной гаспадаркі пераважна спадзяюцца на ўласную падрыхтоўку і забяспечанасць сродкамі ліквідацыі магчымых узгаранняў у лесе. Па словах інжынера па ахове і абароне лесу, у кожным структурным падраздзяленні арганізаваны пункт пажарнага інвентару. У такіх ППІ ёсць усё неабходнае, каб справіцца з невялікімі па аб’ёме ўзгараннямі. Калі ж пажар разрастаецца, то на дапамогу прыходзіць тэхніка з пажарна-хімічнай станцыі, адна з якіх створана на базе лясгаса.

Як расказаў начальнік ПХС лясгаса Дзмітрый Несцяровіч, станцыя мае два пажарныя аўтамабілі, якія былі набыты ў мінулым годзе. У наяўнасці неабходны інвентар для таго, каб поўнасцю аснасціць мясцовую пажарную каманду ў колькасці 13 чалавек. Хаця, па словах Дзмітрыя Аляксандравіча, напрыклад, ручных апырсквальнікаў і абмундзіравання значна больш, каб экіпіраваць максімум ліквідатараў пажару. Наладжана і адпаведнае дзяжурства работнікаў станцыі.
— З дапамогай спадарожнікаў з космасу назіраем за тэрмакропкамі раёна, каб зрэагаваць на павелічэнне тэмпературы. А ў пажаранебяспечныя перыяды арганізуюцца пастаянныя дзяжурствы, працягласць якіх звязана з класам пажарнай небяспекі. Бывае, што і кругласутачна ў асабліва трывожныя перыяды. Таксама неабмежавана і зона кантролю, у напружаных сітуацыях, калі патрэбна пабочная дапамога, то мясцовыя экіпажы гатовы выехаць у любую кропку раёна. А летась пружанскія леснікі нават дапамагалі сваім калегам з Палесся, дзе ўзнік вялікі пажар на тарфяніках.
Такая падрыхтоўка і пільны кантроль усё-такі не вызваляе абывацеляў ад неабходнасці выканання правілаў пажарнай бяспекі. Памятайце, што ўзгаранне прасцей папярэдзіць. Для гэтага не патрэбны нейкія спецыяльныя веды. Проста трэба не паліць кастры ў лесе, тушыць акуркі і не выкідваць смецце. І лес аддзячыць сваёй прыгажосцю не толькі нашаму пакаленню. Калі ж сталі сведкам пажару, то неадкладна тэлефануйце па нумарах 101 або 112.
Алег Сідарэнка. Фота Кацярыны Масік