Пачну з біблейскай прытчы.
Аднойчы да цара Саламона прыйшлі дзве жанчыны і прынеслі маленькае дзіця. Кожная з іх сцвярджала, што маці — яна. Каб даведацца праўду, Саламон прапанаваў рассекчы немаўля напалам і даць кожнай жанчыне па палове. Вядома, ён і не думаў забіваць дзіця, але сказаў гэта для іх выпрабавання. Тады адна з жанчын сказала: “Сячыце: хай нікому не дастанецца!” Другая ж закрычала: “Лепш аддайце немаўля чужой жанчыне, але толькі не забівайце яго”…
Роўна 80 гадоў таму Сталін перадаў Вільню літоўцам. І яна стала Вільнюсам… Старажытны беларускі горад, заснаваны восем стагоддзяў таму, сустрэў мяне нібы пасынак, выхаваны на свой лад даволі стрыманай мачахай Літвой. І толькі ў апошні дзень гасцявання горад нарэшце “ўзяў” мяне за руку і, здаецца, не хацеў адпускаць…
Вільня сучасная
Сучасная еўрапейская сталіца жыве сваім “вольным” жыццём: блакітны сцяг з 12-цю зоркамі ганарліва “назірае” за нацыянальным трыкалорам, літоўскія літы вось ужо чатыры гады як саступілі еўра, а на вуліцах усё часцей гучыць англійская гаворка… Відавочна, інтарэсы Еўрасаюза пастаўлены тут вышэй за ўласныя. Добра гэта ці не – не мне вырашаць, вось толькі мой кашалёк, які ў Вільнюсе худнеў на вачах, з кожным днём усё больш схіляўся да адмоўнага адказу.
Тут не вітаюць ніякую іншую, акрамя еўра, валюту. Нават для долара, так паважанага ў той жа Польшчы, у аддзяленнях літоўскіх банкаў курс абмену не самы выгадны.
Калі параўноўваць з Беларуссю, то і кошт праезду ў грамадскім транспарце не дадае настрою: за кожную паездку ў аўтобусе ці тралейбусе (метро і трамваяў у літоўскай сталіцы няма) трэба выкласці па 1 еўра, за праязны на дзень — 5 еўра (на тры дні – 8). Пры гэтым разавы квіток можна купіць толькі ў вадзіцеля.
Свае “сюрпрызы” для гасцей і ў кіроўцаў таксі: калі вырашыце пракаціцца на аўтамабілі з “шашачкамі”, лепш выклікайце яго праз аператара сэрвіснай службы – па тэлефонах, якія напісаны з бакоў машын. Ні ў якім разе не “галасуйце” на дарозе і не дамаўляйцеся напрамую з вадзіцелем: кошт праезду ўзляціць вышэй за вільнюскую тэлевежу.
Уласная парада турыстам: па магчымасці рухайцеся па Вільнюсе пешшу. Паколькі самая цікавая і прыгожая яго частка – так званы Стары горад – па плошчы ўсяго каля чатырох квадратных кіламетраў, абысці ўсе яго славутасці цалкам можна за паўдня. Толькі майце на ўвазе, за ўваход у музеі давядзецца заплаціць у сярэднім каля 3-4 еўра, што ў два разы больш, чым кошт аднаго “літоўскага” хот-дога. Вось і выбірайце, што важней: “замарыць чарвячка” ці атрымаць асалоду ад духоўнай ежы, якая не выклікае пякотку.
Дарэчы, пра ежу. Цэны на прадукты найменш “кусаюцца” ў супермаркетах “Maxima” і “Norfa”. Таму ўсім жадаючым азнаёміцца з літоўскай кулінарнай спадчынай раю менавіта там запасціся напа-следак бюджэтнымі піражкамі “кібінай” (іх рэцэпт быў калісьці запазычаны літоўцамі ў караімаў), амаль празрыстым мядовым “хворастам” і тортам “Шакоціс” у выглядзе елачкі, цудоўны смак якога, паверце, запомніцца надоўга…
Нарэшце, некалькі слоў скажу пра людзей. Літоўцы ў адрозненне ад паўднёвых народаў – тых жа ўкраінцаў ці грузінаў – не любяць “сушыць зубы” перад турыстамі. Часам здавалася, што яны ў замежных гасцях увогуле не зацікаўленыя. Цяжка нават і ўявіць, за якія “пернікі” стрыманыя літоўцы гатовы “прадаваць” свае ўсмешкі…
Закрану яшчэ адно пытанне, якое, напэўна, цікавіць вас і хвалюе саміх літоўцаў, – моўнае, і папярэджу: не хвалюйцеся, у Вільнюсе без ведання літоўскай мовы вы дакладна не згубіцеся: “савецкае” пакаленне яшчэ не паспела забыць рускія выказванні, а моладзь добра разумее англійскую.
Гэтым мае сябры і не прамінулі скарыстацца. Я ж не паленавалася і па слоўніку вывучыла некалькі ветлівых слоў і распаўсюджаных фраз па-літоўску, паколькі лічу, што павагу да культурных каштоўнасцей іншай краіны, у прыватнасці, да мовы, яшчэ ніхто не адмяняў. Ды і не такія складаныя літоўскія словы. Прачытайце, напрыклад, гэтае: dekoju… Вам нічога не нагадвае?
Вільня свабодная
Дзякуй… Dekoju, Вільня, за тваю свабоду! За жыхароў творчай Рэспублікі Зарэчча (больш вядомай у свеце пад літоўскай назвай Ужупіс) – вольных мастакоў і музыкантаў, перформераў і скульптараў, плённую працу якіх ахоўвае бронзавы анёл з трубой.
На літоўскім “Манмартры” гучаць акардэоны і саксафоны, флейты і віяланчэлі, а ў невялічкім унутраным дворыку красуецца старое пацёртае піяніна, якое, здаецца, ужо ўрасло ў брук пад самыя педалі. Уздоўж набярэжнай расцягнуліся цікавыя арт-аб’екты і інсталяцыі, дакрануцца да якіх, між іншым, лічыцца добрым знакам. Пад мостам на ўскрайку нішы прымасцілася бронзавая Русалачка: здаецца, праз імгненне гэта пяшчотная прыгажуня, якая паводле легенды і заваблівае ва Ужупіс людзей з усяго свету, махне на развітанне шэрым хвастом і саскочыць у раку ў надзеі, што тая прывядзе яе да Капенгагена…
Вось ён які – горад вольнага самавыяўлення, які прыдумаў Канстытуцыю, перакладзеную на многія мовы свету, і на беларускую ў тым ліку!
“Кожны чалавек мае права на памылкі. Кожны мае права быць адзіным і непаўторным. Кожны мае права кахаць. Кожны можа быць свабодным. Кожны мае права не баяцца… Кожны мае права быць шчаслівым…” – вось галоўныя пастулаты Асноўнага Закона, напісаныя на вялікіх люстраных “скрыжалях”…
Верагодна, гэтымі запаветамі ў 90-х гадах мінулага стагоддзя і кіраваліся літоўскія барцы за незалежнасць. Сёння пра іх рух нагадвае адразу некалькі гіганцкіх артэфактаў. Самы высокі з іх – ужо згаданая вышэй тэлевежа, са 165-метровай вышыні якой можна агледзець усе ваколіцы Вільнюса. А самы працяглы – скульптурная кампазіцыя “Шлях свабоды”, якая ўяўляе сабой трохколерную (як літоўскі сцяг) цагляную сцяну даўжынёй 60 метраў з выразанымі ў ёй сілуэтамі людзей. Яна сімвалізуе той жывы ланцужок ад Вільнюса да Таліна даўжынёй амаль 600 кіламетраў, што 30 гадоў таму аб’яднаў два мільёны жыхароў Літвы, Латвіі і Эстоніі, якія імкнуліся да незалежнасці балтыйскіх рэспублік. Імёны і прозвішчы кожнага ўдзельніка акцыі, якая стала прыкладам негвалтоўнага пратэсту, выгравіраваны на цаглінах…
Вільня старажытная
Дзякуй, Вільня, і за тваю захаваную прыгажосць!
Вы толькі ўявіце: на некалькіх квадратных кіламетрах Старога горада паўстала амаль дзве тысячы сярэднявечных, гатычных, рэнесансных і барочных будынкаў. Не верыце і жадаеце палічыць? Тады падымайцеся на фунікулёры на самую вяршыню Замкавай гары, да сцен адзінай уцалелай вежы Верхняга замка – Гедымінавай (насамрэч, узведзенай яго слаўным унукам Вітаўтам). Сядайце, ножкі звесіўшы, на шырокую каменную замкавую агаро-джу і… лічыце…
Справа ад вас, за выгібам ракі Віліі, будзе новы горад са шклянымі высоткамі, а злева – архітэктурныя жамчужыны старажытнай сталіцы, уключаныя ў спіс Сусветнай спадчыны ЮНЕСКА.
Ажно дух захоплівае, калі глядзіш на панараму старой Вільні з вышыні! Там пранізваюць небасхіл гатычныя тэракотавыя шпілі-крыжы касцёла Святой Ганны, вытанчанасцю якога захапляўся сам Напалеон (дарэчы, пакуль французскі імператар марыў перанесці храм у Парыж, яго кавалерыя, нядоўга думаючы, спаліла ўсё драўлянае начынне касцёла)…
Адразу за царквой – чырванее касцёл Святога Францыска Асізскага, побач з якім знаходзіцца помнік вялікаму беларуска-польскаму паэту Адаму Міцкевічу… Касцёл Святога Міхаіла з музеем царкоўнай спадчыны і магільным склепам роду Сапегаў… Цэлы ансамбль Віленскага ўніверсітэта… Кафедральная плошча с бялюткімі “постацямі” званіцы і базілікі Святых Станіслава і Ула-дзіслава, у падзямеллі якой сярод іншых гістарычных асоб пахаваны князь Вітаўт і адна з найпрыгажэйшых жанчын Еўропы свайго часу Барбара Радзівіл…
Храм Святога Іаана, Святога Казіміра, Святых Пятра і Паўла… – гэты карагод шматколерных званіц над чырвонымі схіламі чарапічных дахаў дамоў, здаецца, сведчыць, што ў Вільні назаўсёды “пасяліліся” ўсе Святыя.
Вільня вечная
Слава Святым і вечная памяць усім людзям, якія знайшлі ў Вільнюсе свой апошні прытулак.
Могілкі Росы… Вялікі пантэон. Тут пахаваны вядомыя грамадскія і палітычныя дзеячы Літвы, Польшчы і Беларусі XIX-XX стагоддзяў: прафесары і артысты, урачы і літаратары, пісьменнікі і паэты, афіцэры і салдаты… Здаецца, па надпісах, выявах і эпітафіях надмагілляў можна вывучаць гісторыю адразу некалькіх краін-суседак.
Перакладчык, гісторык літаратуры і краязнаўца Уладзіслаў Сыракомля, славутыя браты-заснавальнікі беларускага нацыянальнага руху Іван і Антон Луцкевічы, драматург, пісьменнік і журналіст Францішак Аляхновіч і многія іншыя беларусы… Ужо хутка, напрыканцы лістапада, побач з імі будуць перапахаваны астанкі Кастуся Каліноўскага і іншых удзельнікаў паўстання 1863 года, якія былі знойдзены два гады таму падчас археалагічных раскопак на гары Гедыміна.
Да гэтай неардынарнай падзеі, на якую з’едуцца людзі з розных куткоў зямлі, літоўцы рыхтуюцца даволі грунтоўна. Зараз на могілках поўным ходам ідзе рамонт: выкладаюць пліткай ці засыпаюць пяском новыя сцежкі, мяняюць старыя заваленыя гранітныя помнікі, умацоўваюць некаторыя надмагільныя ўзгорачкі…
Вільня святая
“Вострая брама” – Ausros vartai — (літаральна “вароты зары”) адна з самых прыгожых славутасцей Вільнюса. Яе трэба проста бачыць.
Ты праходзішь праз адзіныя, што ўцалелі, вароты гарадской сцяны – і пачынаеш літаральна крычаць уголас ад захаплення. Веліч святога вобраза Вастрабрамскай іконы Багародзіцы прымушае тут жа стаць на калені побач з людзьмі розных канфесій і ў адзіным малітоўным парыве прасіць Заступніцу свету пра самае дарагое, што ў кожнага з нас ёсць… Адам Міцкевіч, Максім Багдановіч, Юліуш Славацкі і іншыя паэты апявалі ў сваіх творах гэты святы абраз (выява яго, між іншым, была вынесена на штандар пружанскай гімназіі імя Адама Міцкевіча). “Радуйся, Уладарка, што іконай Тваёй Вастрабрамскай мілату і ласку нам явіла!” – услаўляем яе мы, вернікі…
Ідзеш павольна далей, круціш галавою налева-направа… Адразу за касцёлам Святой Тэрэзы справа бачыш яшчэ адну арку з вась-міканцовым праваслаўным крыжам і трапляеш у двор Свята-Духава манастыра. У галоўным яго храме ў адным “каўчэгу” спачываюць мошчы Святых віленскіх пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія, забітых язычнікамі за веру па прамым указанні вялікага князя Альгерда. Менавіта таго Альгерда, які паводле аднаго з паданняў і прывёз Вастрабрамскую ікону ў якасці трафея з далёкага Херсанэса, адкуль пачалося Хрышчэнне Русі…
Бывай, мая святая Вільня…
Алеся Смайлік. Фота аўтара.