Эпідэміялагічную сітуацыю, якая склалася ў сувязі з распаўсюджаннем у свеце каранавіруснай інфекцыі COVID-19, тлумачыць галоўны ўрач Пружанскай ЦРБ В.М.Дараневіч.
Па дадзеных на 20 сакавіка ў нашым раёне не зарэгістравана ніводнага выпадку заражэння вірусам Covid-19.
Пад наглядам у інфекцыйным аддзяленні бальніцы знаходзіцца адзін пацыент, які вярнуўся з-за мяжы з сімптомамі віруснай інфекцыі, таму ў рамках правя-дзення каранцінных санітарных мерапрыемстваў быў ізаляваны і шпіталізаваны. У яго быў узяты мазок на каранавірус і адпраўлены ў рэспубліканскую лабараторыю. Чакаем выніку тэста, спадзяемся, што ён, як і ўсе папярэднія, будзе адмоўным.
На сённяшні дзень ужо знята з дыспансернага назірання 43 чалавекі, з іх 41 — студэнты БНТУ, дзе быў зарэгістраваны першы ў краіне выпадак захворвання, і два кіроўцы велікагрузных аўто.
Назіраем таксама за 12-цю некантактнымі пацыентамі, у тым ліку медыцынскімі работнікамі, якія па загадзе Міністэрства аховы здароўя павінны проста назірацца без дадатковых абследаванняў.
Мы праводзім усе неабходныя мерапрыемствы, накіраваныя на абмежаванне патоку пацыентаў у медыцынскія ўстановы нашага раёна. У прыватнасці, адмянілі планавую дыспансерызацыю і правядзенне скрынінгавых мерапрыемстваў, абмежавалі планавую стаматалагічную дапамогу і вакцынацыю дарослага і дзіцячага насельніцтва, арганізавалі работу лабараторных службаў з прыярытэтам аказання медыцынскай дапамогі на даму.
На сённяшні дзень у паліклініцы арганізаваны асобны ўваход пацыентаў з віруснымі захворваннямі і праводзіцца работа па раздзяленні патокаў пацыентаў з сімптомамі ВРІ і іншых катэгорый наведвальнікаў установы.
Просім грамадскасць звяртаць увагу на актуальную інфармацыю, размешчаную на тэрыторыі бальніцы і на ўваходных дзвярах, і на памятку, у якой акцэнты ставяцца на абмежаванне наведвання людзьмі паліклінік.
Памятка для пацыентаў: http://www.budni.by/?p=38550
Падрыхтавала Алена Зялевіч.