Четверг, 17 апреля 2025

Виктор Дороневич: «Обстановка в районе спокойная, но воздержитесь от поездок на Радуницу»

1 235

Эпідсітуацыю, якая склалася ў раёне, каменціруе галоўны ўрач Пружанскай раённай бальніцы Віктар Міхайлавіч Дараневіч:


— Абстаноўка ў раёне стабільная. Усе кантакты 1-га ўзроўню (у тыдзень гэта адзін-два чалавекі), якія ў рамках правядзення каранцінных санітарных мерапрыемстваў пэўны перыяд знаходзіліся ці знаходзяцца ў стацыянары пад наглядам урачоў, абследаваны: на сённяшні дзень ніводнага станоўчага тэста не было. Паўтаруся, мы праводзім усе неабходныя прафілактычныя і лячэбныя мерапрыемствы, накіраваныя на прадухіленне распаўсюджвання інфекцыі ў раёне і стабілізацыю агульнай абстаноўкі.


Але хачу ў чарговы раз звярнуць увагу грамадства, якое знаходзіцца з намі, медыкамі, па адзін бок “каранавіруснага” фронту, на неабходнасць прытрымлівання рэспіраторнага этыкету і дыстанцыйнага рэжыму. Калі вы працуеце ў калектыве, дзе ўмовы работы не дазваляюць трымаць сацыяльную дыстанцыю ў 1,5-2 метры, ці трапляеце ў месцы масавага скаплення людзей, у прыватнасці, у такія суб’екты сферы абслугоўвання, як банкі, магазіны, грамадскі транспарт, а тым больш, паліклініку, — калі ласка, не саромейцеся, надзявайце медыцынскія маскі і, пры неабходнасці, гумовыя пальчаткі!

Таксама хочацца звярнуць увагу на тое, што набліжаецца Радаўніца, памінальны дзень, на які традыцыйна збіраюцца сваякі з розных рэгіёнаў краіны. Праявіце самасвядомасць: устрымайцеся ад наведвання сваіх далёкіх сваякоў, якія жывуць за межамі вобласці, шануйце асабліва пажылых людзей, якія ўваходзяць у групу рызыкі. У цяперашняй эпідсітуацыі масавыя зборы на Радаўніцу могуць несці небяспеку распаўсюджвання віруса. Падчас наведвання могілак цяжка выканаць дыстанцыю паміж людзьмі ў два метры, а яна патрэбна і на адкрытым паветры, а тым больш, у грамадскім транспарце.

Таксама прашу ўсіх людзей не звяртаць увагі на шматлікія фэйкі, якія працягваюць распаўсюджвацца ў сацыяльных сетках. Калі вас хвалюць нейкія пытанні або ўзнікла занепакоенасць з нагоды той ці іншай спрэчнай сітуацыі, не рабіце высновы самастойна. Звяртайцеся да спецыялістаў, кампетэнтных асоб, тэлефануйце да нас у паліклініку ці ў раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Мы гатовы вам усё растлумачыць.
Будзьце здаровы!
Алена Зялевіч.