Понедельник, 28 апреля 2025

Віктар і Таццяна Мардань з Сонечнага: «Рабі людзям дабро, і табе будзе дабро»

598

Калядныя святы багатыя на неверагодныя гісторыі пра цуды, якія здарыліся з людзьмі, нечаканыя сустрэчы, ажыццяўленне даўніх мар. Сапраўды, гэтыя дні наскрозь прасякнуты падобнымі на чароўную казку падзеямі, самая цудоўная з якіх — само з‘яўленне на свет Немаўляці Ісуса. Ды толькі калі трапіла ў госці да Віктара і Таццяны Мардань з пасёлка Сонечны, падумала, што насамрэч вялікім цудам у сённяшнім зменлівым свеце становяцца моцная сям‘я, каханне і павага адзін да аднаго, пранесеныя праз гады і дзесяцігоддзі, традыцыі бацькоў і дзедаў, на якіх грунтуюцца жыццёвыя каштоўнасці.

Віктар і Таццяна Мардань.

— Як вы будзеце адзначаць свята? — пытаюся ў гаспадароў.

— Як заўсёды разам, усёй сям‘ёй: з‘едуцца дзеці і ўнукі, пірог спячом, накрыем стол, — усміхаецца Таццяна Васільеўна. — Паездзім з унукамі па горадзе, каб паглядзелі на ўпрыгожанні. Ды і ў нас, у Сонечным, райаграсэрвіс такую прыгажосць зрабіў каля канторы, што здалёк людзі едуць, каб палюбавацца. Калядоўшчыкі калі прыйдуць — сустрэнем з дарагой душой. Нашы малыя таксама пакалядаваць у бабулі з дзядулем умеюць: хто спявае, хто роцік проста адкрывае…
Мы ўжо, зразумела, не так дакладна выконваем абрады, як бацькі. Мужава мама шчырай верніцай была, пакуль сілы не падводзілі, часта ў царкву ў Шарашэва ездзіла. Мы ўжо радзей бываем. Але Бог павінен жыць у душы.

— А як наогул нараджалася ваша сям‘я, вашы ўласныя традыцыі?

— Мы родам з вёскі Чапялі, так што, лічыце, знаёмы былі з дзяцінства, — расказвае Віктар Лявонцьевіч. — Але я старэйшы за Таню, калі з арміі вярнуўся, яна яшчэ падлеткам была. Памятаю, хвалаўскім аўтобусам дадому прыехаў, па вуліцы іду (мы ў канцы вёскі жылі), а дзед яе пытаецца, маўляў, што за салдат? Таня каля плота стаіць, адказвае: «Ліды Марданёвай сын». Я і падумаць не мог, што гэта мая будучая жонка.

Некаторы час прайшоў, мы на вяселлі разам гулялі, пазнаёміліся бліжэй, пачалі сустракацца. А ў 1983 годзе самі пабраліся шлюбам, сёлета ў кастрычніку якраз 40 гадоў будзе. Тры дні вяселле гулялі! Я тады ўжо працаваў у сельгастэхніцы (гэта пазней яе ў Пружанскі райаграсэрвіс перайменавалі). Наогул прыйшоў у гэтую арганізацыю яшчэ перад арміяй: нас ад ваенкамата накіравалі на курсы ў ДТСААФ, дзе атрымаў і вадзіцельскае пасведчанне, і вайсковую спецыяльнасць.

У сакавіку ўладкаваўся, а ў маі прызвалі ў армію. У 1978-м адслужыў, вярнуўся на сваё месца працы. Так і застаўся верным яму на ўсё жыццё. Зараз вунь зноў свой МАЗ да веснавых сельгасработ рыхтую.

Віктар рана застаўся без бацькі: той загінуў, калі хлопчыку было ўсяго 12 гадоў. Старэйшы з трох дзяцей ён дапамагаў маці чым мог. Сям‘я якраз будавала дом. Хаця сваякі не пакінулі ў бядзе, давялося многаму вучыцца самому. Ды і працы па гаспадарцы ў вёсцы заўсёды хапала: трымалі карову, свіней, гусей, трусоў… Гэтая працоўная загартоўка і ў далейшым спатрэбілася, і сфарміравала характар.

— Мама сама паставіла нас на ногі, усім і вяселлі парабіла, — кажа Віктар Лявонцьевіч. — Шмат ёй дасталася працы і клопатаў, многае перажыла, яшчэ паўгода няма, як яна пайшла з жыцця.

— Калі распісаліся мы, то пераехалі ў Пружаны. Спачатку наймалі жыллё, потым прадпрыемства дало нам кватэру аднапакаёвую, а Новы 1988 год мы сустракалі ўжо вось у гэтай, — Таццяна Васільеўна акідвае гаспадарскім позіркам утульную залу, дзе, здаецца, усё даведзена да ладу. — Гаспадарку завялі адразу, бо ведалі, што бацькі не змогуць нам дапамагаць: у мяне хоць і тата, і мама былі, але ж чацвёра дзяцей у сям‘і, я таксама самая старэйшая. Нейкі час кандытарам працавала, але нарадзілася Юля, хутка за ёй — Дзімка, потым Веранічка… З дзецьмі малымі нязручна выходзіць пазменна, тым больш што Віктар пастаянна ў рэйсах. Прапанавалі прыбіральшчыцай пайсці ў райаграсэрвіс — я і згадзілася, часова, маўляў. Так гэтае часова і расцягнулася на 32 гады.

— Магчыма, ёсць у вас нейкія сакрэты сямейнага даўгалецця, разумення?

— Ведаеце, а асаблівых сакрэтаў няма, — усміхаецца гаспадыня. — Зразумела, як і ў кожнай сям‘і, часам паспрачаемся, але сур‘ёзных непаразуменняў ніколі і не было. А цяпер, праз столькі гадоў, наогул разумеем адзін аднаго з паўслова, з аднаго позірку. І, ведаеце, вельмі добра спрацоўвае тут адзін прынцып: цярпенне. Часам лепш прамаўчаць, устрымацца ад імкнення нешта даказаць. І дзецям, а цяпер ужо і ўнукам добры прыклад, яны бачаць, што можна дамовіцца без крыку і сваркі.

Наогул важна, каб дзеці паважалі бацькоў, імкнуліся іх зразумець. А дзяцей цяпер у нас пабольшала, дадаліся два зяці і нявестка ды пяцёра ўнукаў. Дапамагаюць заўсёды. Тата наш дае кожнаму каманду: хто што павінен рабіць. І мы дружна працуем: бульба дык бульба (мы заўсёды шмат садзілі), пабудаваць нешта трэба — таксама разам. Працавітасць нікога не сапсавала, а закласці яе, як і веру, і павагу да бацькоў, неабходна ў сям‘і, — разважае жанчына.

Шмат было гаворана-перагаворана падчас той сустрэчы за кубкам чаю.

Пра прыгажосць, створаную не толькі на сваёй сядзібе, але і на тэрыторыі прадпрыемства: «Дырэктар наш бачыць прыгажосць, кветкі любіць, і работнікаў гэта стымулюе».

Пра суседзяў, якім ніколі не адмаўлялі ў просьбах: «Рабі людзям дабро, і табе будзе дабро».

Пра ўнукаў: «Дзяўчынкі старэйшыя на танцавальны ходзяць, хлопчыкі — на спорт, малайцы. Так хочацца, каб мір на зямлі быў, каб не закранулі іх ніякія катаклізмы. Гэта галоўнае».

Дарэчы, нязвыкла, але на халадзільніку замест магніцікаў у гэтым доме прымацаваны фотаздымкі бацькоў. Вясельныя фота сына і дачок — у зале на пачэсным месцы, а дзіцячыя ў вялікім мностве ў прыгожых рамках аздабляюць сцены пакояў.

— Альбомы таксама ёсць, але ж пакуль іх дастанеш, адкрыеш, — кажа Таццяна Васільеўна. — А тут кожны раз паглядзела, замілавалася. Нібы ўся сям‘я заўсёды ў зборы.

Ірына Сядова. Фота Кацярыны Масік

На здымку: Віктар і Таццяна Мардань.
Фота Кацярыны Масік