У штатным рэжыме
Ці вярнулася медустанова да ранейшага распарадку працы, як часта на прыёмы прыходзяць пацыенты з падазрэннем на каранавірус, ці можна ўжо расслабіцца і забыць пра пандэмію?
Гэтыя і шматлікія іншыя пытанні, якія тычацца эпідэміялагічнай сітуацыі, мы папрасілі пракаментаваць галоўнага ўрача Пружанскай ЦРБ Віктара Дараневіча.
— Зыходзячы з сітуацыі, якая складваецца на сённяшні дзень: у першую чаргу, у сувязі са значным памяншэннем колькасці інфіцыраваных — COVID-19 ужо нельга называць пандэміяй, — падкрэслівае Віктар Міхайлавіч. — Але ёсць пэўныя нарматыўныя дакументы, якія вызначаюць работу медустановы ў цэлым. З мэтай своечасовага прыняцця мер пры пагрозе распаўсюджання каранавіруснай інфекцыі мы прытрымліваемся супрацьэпідэмічных мерапрыемстваў. Таму рэжым пакуль застаўся ранейшым: пацыенты з прыкметамі рэспіраторных інфекцый і здаровыя людзі ходзяць па розных калідорах і кабінетах.
Праўда, перапрафіліраванне, якое ўстанова была вымушана зрабіць у рамках барацьбы з пандэміяй, «згарнулася»: усе медыцынскія стацыянары ўвогуле ўжо працуюць у звыклым рэжыме, але на аб’ектах амбулаторна-па-ліклінічнай сеткі раёна захоўваецца рэжым «чыстых» і «брудных» зон.
— Што да раённай паліклінікі, з улікам колькасці паступленняў пацыентаў з павышанай тэмпературай і сімптомамі віруснай інфекцыі рэжым раздзялення на зоны мінімізаваны. Сёння «брудная» зона займае толькі плошчы жаночай кансультацыі, астатнія памяшканні паліклінікі працуюць у ранейшым рэжыме. Падобная сітуацыя і ў сельскіх амбулаторыях, — удакладніў галоўны ўрач цэнтральнай райбальніцы.
Росту COVID-19 няма. Пакуль
Сёння алгарытм лячэння пацыентаў з падазрэннямі на каранавірусную інфекцыю мяркуе самаізаляцыю хворага, здачу адпаведнага аналіза. У выпадку выяўлення пнеўманіі пацыент ізалюецца ў інфекцыйным аддзяленні і ў бліжэйшы час дастаўляецца ў інфекцыйнае аддзяленне абласной бальніцы. На дадзены момант лячэнне стацыянарных хворых на COVID-19 у Пружанскай ЦРБ не праводзіцца. Але ідзе выяўленне іх кантактаў першага ўзроўню.
Віктар Міхайлавіч звяртае ўвагу, што сёння ў жыхароў раёна ёсць магчымасць прайсці даследаванне на COVID-19 у Пружанскай ЦРБ і на платнай аснове.
— Але з папярэдняй дыягностыкай па імунаглабулінах — гэта значыць, на антыцелы. Кошт гэтай працэдуры складае 18 рублёў 36 капеек. Яна даступна ў любы час, вынік даецца на працягу аднаго дня.
Урач тлумачыць, што гэты аналіз дае адзнаку існуючага стану здароўя пацыента, паказвае, ці перанёс ён гэтае захворванне, ці выпрацаваўся імунітэт. Хаця сёння медыкі не раяць расслабляцца і тым, хто перанёс COVID-19. Так, колькасць пацыентаў, хворых каранавіруснай інфекцыяй, істотна паменшылася: апошнім часам за тыдзень такіх звяртаецца ва ўстановы аховы здароўя не больш трох-чатырох чалавек, прычым не кожны з іх мае клінічную карціну.
Пакуль пружанскія медыкі не бяруцца сцвярджаць, што ў раёне назіраецца рост захворвання «каронай», але не выключаюць, што яго можна чакаць у другой палове восені.
Вакцынацыя — гэта важна
— Сёння ў медыцынскіх колах ёсць усе падставы для таго, каб сцвярджаць, што чалавек, які перахварэў на COVID-19, не будзе мець пажыццёвы імунітэт да інфекцыі. Гэта міф. Больш за тое, як і грып, гэты вірус можа кожны год вяртацца, прайшоўшы мутацыю, — тлумачыць В.М.Дараневіч. — Таму абмежавальныя мерапрыемствы застаюцца ў сіле. Гэта тычыцца не толькі медыцынскіх, але і ўсіх арганізацый і, найперш, саміх людзей, якія не павінны губляць пільнасць. Бачу гэта нават па наведвальніках паліклінікі — людзі расслабіліся: прыходзяць без масак, не апрацоўваюць рукі антысептыкам, грэбуюць сацыяльным дыстанцыраваннем.
І з гэтым нельга не пагадзіцца: такія карціны назіраюцца і ў іншых грамадскіх месцах. Да слова, на Пружаншчыне, паводле слоў В.М.Дараневіча, каранавіруснай інфекцыяй перахварэла ўсяго каля аднаго працэнта насельніцтва.
У Пружанскай ЦРБ нагадваюць, што пачынаецца кампанія па прафілактыцы грыпу. Адно з яе мерапрыемстваў — вакцынацыя.
— Ва ўмовах існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі карысць своечасова зробленай прышчэпкі ад грыпу бясспрэчная, — лічыць галоўны ўрач. — Уявіце сабе, як можа абцяжарыць стан хворага спалучэнне адразу і грыпу, і COVID-19. Тым больш, што ў медыцынскіх колах ужо вывучылі гэтае пытанне і з вялікай доляй верагоднасці сёння можна сцвярджаць: прышчэпка ад грыпу можа мінімізаваць не толькі яго ўскладненні, але палегчыць цячэнне каранавіруснага захворвання. У складзе вакцыны ёсць яшчэ і імунамадулятар, які павышае імунітэт арганізма ў цэлым.
Таму сёлета як ніколі важна не ігнараваць прышчэпачную кампанію ад грыпу. І чым раней будзе зроблена прышчэпка, тым лепш.
Гаворачы пра сітуацыю з COVID-19, якая склалася на сённяшні дзень, пружанскія медыкі запэўніваюць: захворваемасць узяла спарадычны накірунак.
Спарадычная захворваемасць (ад грэчаскага sporadikos, што значыць адзінкавы, асобны) — гэта, гаворачы зразумелай для пацыента мовай, невысокі, звыклы для гэтай мясцовасці і часу ўзровень захворваемасці якой-небудзь хваробай, які праяўляецца ў выгля-дзе адзінкавых, не звязаных паміж сабой выпадкаў.
Марына Вакульская.
Фота носіць ілюстрацыйны характар.