Магчымасць дакрануцца да сапраўднага сімвала Нараджэння Хрыстова сёлета зноў атрымалі вернікі Пружаншчыны. На мінулым тыдні ў касцёлы раёна быў дастаўлены Віфлеемскі агонь.
Традыцыі перадачы гэтага незгасальнага сімвала аднаго з самых светлых хрысціянскіх свят сёлета спаўняецца 37 гадоў. Упершыню агонь узялі з Базілікі, якая лічыцца месцам нараджэння Ісуса Хрыста, у 1986 годзе. Акцыя перадачы агню тады была арганізавана з мэтай дапамогі дзецям-інвалідам.
Віфлеемскі агонь у Беларусь прывозяць ужо больш за 25 гадоў запар. Першым храмам, куды даставілі святло на мінулым тыдні, стаў кафедральны касцёл святога Францішка Ксаверыя ў Гродне. Дэвіз акцыі распаўсюджвання агню ў 2023-м — «Будзем ствараць мір», а гэтую пачэсную і вельмі адказную місію, зноў жа па добрай традыцыі, бяруць на сябе скаўты каталіцкай царквы.
Хлопцы з Івянца, што ў Валожынскім раёне Мінскай вобласці, як і летась, даставілі агонь у пружанскі касцёл Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі. Сімвалічна, што адбылося гэта 17 снежня, у трэцюю нядзелю Адвэнту — так у каталікоў называюць час чакання свята Нараджэння Хрыстовага. Сама ж трэцяя нядзеля мае назву «Радуйцеся!», тым самым падкрэсліваючы, што цудоўнае свята зусім хутка.
Адзін са скаўтаў, чатырнаццацігадовы Марк Новік, расказаў нам пра традыцыю перадачы агню і тое, як гэта адбываецца:
— Дастаўляем агонь у прыходы Беларусі мы не ўпершыню, але заўсёды гэта вельмі вялікая адказнасць. У Івянец Віфлеемскі агонь перадаюць з Мінска, а нашы скаўцкія «коп’і», ці, прасцей кажучы, групы, развозяць яго па розных прыходах. Летась да вас прыязджала група «Ваўчаняты», на гэты раз у іх іншы маршрут, мы ж прадстаўляем кап’ё «Зубр». Скаўты — гэта не толькі хлопцы, у распаўсюджванні Віфлеемскага агню ўдзельнічаюць і групы з дзяўчат. Для ўсіх нас гэта вельмі чаканая і прыемная місія.
Такім чынам, у мінулую нядзелю скаўты з Івянца пабывалі ў Слоніме, Ружанах, Пружанах, Бярозе і Івацэвічах. Дзякуючы дзейнасці такіх груп Віфлеемскае святло прыбудзе ва ўсе касцёлы Беларусі.
У Пружанах, Ружанах і Шарашэва агонь міру прабудзе да свята Нара-джэння Хрыстовага. Узяць жывое святло дадому могуць усе жадаючыя, незалежна ад канфесіі. Цікава, што ў некаторых каталікоў існуе традыцыя запальваць свечку ад Віфлеемскага агню падчас каляднай вячэры.
Уладзіслаў Шпарла. Фота аўтара