У мінулую суботу, калі праваслаўныя святкавалі Лазараву суботу, а каталікі рыхтаваліся да Вялікадня, у вялікай зале гарадскога Палаца культуры адбывалася чароўнае музычнае дзейства. На працягу амаль васьмі гадзін тут на поўную моц круціўся “Музычны калейдаскоп”.VI Міжрэгіянальнае свята-конкурс інструментальнай музыкі сабрала на пружанскай сцэне паўсотню дзіцячых і дарослых, прафесійных і аматарскіх аркестравых калектываў і інструментальных ансамбляў з усёй вобласці. І не толькі.
У гэтым годзе геаграфія конкурсу ўразіла сваёй маштабнасцю: да нас завіталі музыканты з Гродзеншчыны, а таксама суседняй Украіны і Польшчы. Цалкам верагодна, што пры такой папулярнасці наш “Калейдаскоп” хутка набудзе статус міжнароднага.
Шкада толькі, што пружанцы наўрад ці гэта заўважаць. З году ў год на музычным форуме даводзіцца назіраць адну невясёлую карціну: пустая глядзельная зала… Вось і сёлета аматараў прыгожай жывой музыкі было, на жаль, так мала, што першапачатковы зварот вядучага з просьбай сустракаць гасцей бурнымі апладысментамі выклікаў у некаторых сумную ўсмешку і пачуццё няёмкасці і збянтэжанасці.
Аднак артысты на тое і артысты, каб, нягледзячы на “непагадзь”, працаваць ад душы. Усе нумары “Калейдаскопа” былі яркімі і запамінальнымі. Сцэна літаральна зачароўвала сваімі разнастайнымі і непаўторнымі музычнымі “ўзорамі”: пранізлівыя гукі скрыпак і віяланчэлей спалучаліся з меладычнымі акордамі гітар і акардэонаў, а крышталёвы звон цымбалаў прыгожа гарманіраваў з пяшчотнымі трэлямі флейты.
І тыя нямногія пружанцы, хто прыйшоў на свята, каб адчуць асалоду ад музыкі, умомант аднавілі справядлівасць: апладзіравалі выступоўцам за ўсіх гараджан з такім імпэтам, што ўдзельнікам “Калейдаскопа”, без перабольшання, маглі пазайздросціць нават сталічныя зоркі эстрады.
Усе калектывы выконвалі па два рознахарактарныя творы. У рэпертуарах панавалі беларускія, рускія, італьянскія, іспанскія і нават яўрэйскія матывы, якія ўдала перапляталіся з элементамі стыля кантры і року.
А ацэньвала выступленні прафесійнае журы. Пад старшынствам кіраўніка аркестра беларускіх народных інструментаў Барана-віцкага дзяржаўнага музычнага каледжа Алены Якаўлеўны Хачкоўскай лепшыя выкладчыкі Брэсцкага і Баранавіцкага музычных каледжаў, а таксама спецыялісты абласнога грамадска-культурнага цэнтра вызначалі пераможцаў у дванаццаці намінацыях. Дарэчы, у трох з іх было заяўлена толькі па адным калектыве, таму прызавое месца – не ў крыўду артыстам! – у любым выпадку ім было гарантавана.
Ацэньваліся, перш за ўсё, ступень валодання інструментам (чысціня інтанацый, музычны строй) і дынамічнай палітрай гуку, сцэнічная культура выканаўцаў і касцюміраванне, арыгінальнасць пастаноўкі нумара і адпаведнасць рэпертуару выканальніцкім магчымасцям і ўзроставай катэгорыі выканаўцы, артыстычнасць і мастацкая трактоўка музычнага твора.
Пружанцы, да вялікай радасці нешматлікіх гледачоў, дадалі ў сваю скарбонку ўзнагарод ажно 14 ганаровых дыпломаў.
У намінацыі “Аркестры духавыя” вызначыўся народны духавы аркестр Пружанскага ГПК, фанфары якога, дарэчы, адкрывалі конкурсную праграму. Пад кіраўніцтвам віртуоза-мультыінструменталіста Сяргея Більшэвіча нашы музыкі адыгралі зладжана і арганічна і заслужана атрымалі дыплом I ступені. У чарговы раз пацвердзіў свой высокі ўзровень і дзіцячы духавы аркестр з Ліноўскай ДШМ, які быў таксама ўзнагароджаны дыпломам I ступені. У гэтай жа намінацыі вылучыўся і ўзорны духавы аркестр Пружанскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Мікалая Леўчука: юных музыкантаў адзначылі дыпломам II ступені.
У намінацыі “Аркестры эстрадныя” дыплом II ступені атрымаў народны эстрадны аркестр «Біг-бэнд» пад кіраўніцтвам таго ж Сяргея Більшэвіча.
Намінацыя “Аркестры народныя” скарылася адразу тром славутым калектывам з Пружанскай школы мастацтваў імя Р.Шырмы. Як і на мінулагоднім конкурсе, першае месца атрымалі члены ўзорнага аркестра народных інструментаў “Скамарошына” (кіраўнік — Людміла Кавалевіч), а таксама музыканты народнага аркестра народных інструментаў Пружанскай ДШМ (кіраўнік — Ірына Антанюк). А дыпломам II ступені быў узнагароджаны ўзорны баянны аркестр «Імпрэс» пад кіраўніцтвам Валянціны Захаркіў.
Найбольшая канкурэнцыя разгарнулася ў намінацыі “Ансамблі народныя”, у якой было заяўлена ажно 18 калектываў. Тым радасней канстатаваць, што ў сваёй узроставай катэгорыі дыпломам вышэйшай ступені быў адзначаны дзіцячы калектыў “Вясёлкавыя ноткі” Ліноўскай ДШМ пад кіраўніцтвам Марыны Пстыга, а на ганаровым другім месцы аказаліся не менш таленавітыя выхаванцы Навазасімавіцкай школы мастацтваў – ансамбль дамрыстаў “Сябрукі” (кіраўнік – Ірына Янюк).
У дарослай катэгорыі дыпломам I ступені быў узнагароджаны народны ансамбль народных інструментаў “Пружанскі палацык” школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Святланы Бартноўскай, які падзяліў перамогу з выступоўцамі з Брэста і гасцямі з Украіны. Трэба адзначыць, што вакальна-інструментальны ансамбль “Вясёлыя хлопцы” з г.п. Любяшоў Валынскай вобласці ўнёс найбольшую порцыю весялосці і запалу ў конкурсную праграму і абсалютна заслужана выклікаўся гледачамі на біс.
Вялікую хвалю апладысментаў і крыкаў “брава” таксама ўзняў у глядзельнай зале народны ансамбль “Феерверк” з Белаазёрскай ДШМ, што, вядома, не засталося і па-за ўвагай журы. Суддзі, уражаныя неверагодна якасным гучаннем і сучасным падыходам да прачытання класічных і эстрадных кампазіцый, уручылі музыкантам дыплом уладальнікаў Гран-пры.
У намінацыі “Ансамблі класічныя” дыпломам I ступені быў узнагароджаны дзіцячы скрыпічны ансамбль “Экспромт” Навазасімавіцкай ДШМ, а дыпломам III ступені — народны струнны ансамбль «ARCHI» Ліноўскага СДК пад кіраўніцтвам Вольгі Барысюк.
Сярод раённых эстрадных калектываў вызначыўся ансамбль Пружанскай школы мастацтваў пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Леўчука: музыканты занялі другое месца. А калектыў Аляксандра Малайчука з Ліноўскай ДШМ быў адзначаны дыпломам III ступені.
Увогуле ўсе артысты, якія на працягу свята сваімі яркімі, незабыўнымі выступленнямі дарылі гледачам пазітыўны настрой, былі адзначаны дыпломамі і памятнымі прызамі. І як адзначыў на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджання начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама К.І.Панімаш, не толькі пераможцы і прызёры, а кожны ўдзельнік VI “Музычнага калейдаскопа” заслужыў вялікую павагу за свой унёсак у агульную справу развіцця жывой інструментальнай музыкі, якая аздабляе наша жыццё прыгожымі гукамі-ўзорамі.
Алена Зялевіч, фота Сяргея Талашкевіча.