Среда, 17 декабря 2025

Ветэрынарны фельчар Лізавета Шваб

468
На здымку: ветэрынарны фельчар Лізавета Шваб: маладосць зусім не перашкода для сур’ёзнай і адказнай працы.

Прыгажосць можа быць рознага фармату. Нехта можа мець пра-вільныя рысы твару або цудоўную постаць. Але гэта вонкавая прыгажосць, за якой, бывае, хаваецца пустая душа, поўная эгаізму і абыякавасці да навакольнага свету. Здараецца і наадварот: чалавек, нічым не адметны знешне, поўны шчырасці і ўсёабдымнай любові. А ці ёсць сярод нас людзі, у якіх спалучаецца і знешняя, і ўнутраная прыцягальнасць? Канечне! Прыкладам можа служыць Лізавета Шваб, якая працуе ветэрынарным фельчарам на МТК «Гарадзечна» ААТ «Шані-аграпрадукт».

Гераіня нашага артыкула — ураджэнка горада Кобрына. Як жа яна трапіла на Пружанскую зямлю?

Ну, гэта зусім не сакрэт. Дзяўчына пасля дзевяці класаў паступіла ва УА «Пінскі дзяржаўны аграрны тэхналагічны каледж» з вялікім жаданнем асвоіць спецыяльнасць «Ветэрынарная медыцына». Мара спраўдзілася, цяпер Лізавета — кваліфікаваны ветэрынарны фельчар. А з Пружаншчынай пазнаёмілася яшчэ падчас вучобы, калі на вышэйзгаданым комплексе праходзіла практыку. Была магчымасць і бліжэй да дому ўладкавацца, але вельмі ж ужо раілі дзяўчыне ААТ «Шані-аграпрадукт» як гаспадарку трывалую і перспектыўную. Таму пытання, куды пайсці на двухгадовую адпрацоўку, ужо не ўзнікала. І з 1 чэрвеня бягучага года Лізавета прыступіла да выканання сваіх службовых абавязкаў у якасці ветфельчара на МТК «Гарадзечна».

Сельгаставарыства выдзеліла Лізавеце кватэру ў аг. Шані і дапамагло перавезці рэчы з Кобрына. Таму на зручнасць быту грэх скардзіцца. Атрымала і грашовую падтрымку.

Ды і на малочнатаварным комплексе ўсё складваецца найлепшым чынам. Лізавета адразу адчула шчырасць у адносінах да сябе. Кожны з калег гатовы дапамагчы парадай. Замацаванай настаўніцай у прымяненні атрыманых ведаў на практыцы з’яўляецца галоўны ветэрынарны ўрач сельгаставарыства Наталля Шчэрба. У адказ дзяўчына плаціць жаданнем працаваць на сумленне, з усімі падтрымлівае таварыскія адносіны.

Лізавета на сваім месцы, пры любімай справе. Хоць і гараджанка, але з дзяцінства марыла аб тым, каб дапамагаць жывым істотам, з задавальненнем глядзела праграмы аб жывёльным свеце. Таму цяпер з 8 гадзін раніцы і да 5 вечара на працягу шасці дзён у тыдзень усю сваю ўвагу аддае сваім падапечным — цяляткам. Тут і лячэнне, і вакцынацыя, і апрацоўкі, і проста добрае слова, якое нікому яшчэ не нарабіла шкоды. Часам даводзіцца працаваць і з дойным статкам, праводзіць гінекалагічныя працэдуры. Хоць і стамляецца, не без таго, але дэвіз маладога ветэрынарнага фельчара: рух — гэта жыццё. Таму і жыве Лізавета з верай у светлае будучае і свае сілы, з пазітывам глядзіць на свет гэты.

Зразумела, ёсць і планы на гады ўперад. Калі і надалей на працы ўсё будзе складвацца такім чынам, то чаму б і не застацца ў ААТ «Шані-аграпрадукт» пасля адпрацоўкі? А там, глядзіш, і сям’ю стварыць, дзетак нарадзіць. І гледзячы на гэтую сціплую і ўсмешлівую дзяўчыну, хочацца пажадаць: Лізавета, будзь шчаслівай заўжды, каб ніколі не сустракала гора і бяды!

Вадзім Раўнейка. Фота Кацярыны Масік