Штогод ветэраны органаў унутраных спраў па Брэсцкай вобласці арганізоўваюць выязную сустрэчу для вырашэння шэрагу пытанняў, якія тычацца работы пярвічных ветэранскіх арганізацый на месцах, абмену вопытам, а таксама перспектыў развіцця і далейшага супрацоўніцтва паміж абласцямі. Сёлета сустрэча адбылася на пружанскай зямлі.
Палацавы комплекс роду Сапег у Ружанах кожны дзень ветліва сустракае ўсё новых наведвальнікаў. На мінулым тыдні сярод іх былі ветэраны аддзелаў унутраных спраў Брэсцкай і Гродзенскай абласцей. Сабраліся ўсе тыя, хто прайшоў складаны і цярністы шлях служэння Айчыне ад лейтэнанта і нават да генерала, часам рызыкуючы сваім жыццём у імя міру і спакою нашых грамадзян у любы час дня і ночы.

— Брэсцкай абласной ветэранскай арганізацыі органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў, як і рэспубліканскаму савету ветэранаў нядаўна споўнілася 33 гады, — распавядае палкоўнік міліцыі ў адстаўцы, старшыня Брэсцкай абласной ветэранскай арганізацыі органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў Мікалай Радзяюк. — У нашых шэрагах больш за дзве з паловай тысячы ветэранаў, не лічачы следчыя падраздзяленні і МНС. У структуры арганізацыі 44 пярвічныя звяны ўсіх райаддзелаў вобласці, а таксама апарат упраўлення ўнутраных спраў.
Сапраўды, армія ветэранаў вялікая і задачы ў арганізацыі адпаведныя. За 20 і больш гадоў службы яны набылі багаты прафесійны і жыццёвы вопыт, якім ахвотна дзеляцца з новай зменай вайскоўцаў і сілавікоў, студэнтамі і школьнікамі.
— Пачынаючы з 2022 года, згодна з Указам Прэзідэнта, за №160 «Аб развіцці ваенна-патрыятычных клубаў», вядзецца вялікая работа ў гэтым напрамку і нашай арганізацыяй у тым ліку. Сёння мы гаворым аб ваенна-патрыятычным выхаванні на сур’ёзным узроўні, праводзім гутаркі, майстар-класы, арганізоўваем выязныя сустрэчы з моладдзю. Зараз мы бачым, наколькі гэта актуальна і важна ў сучасным свеце. Кожны юнак яшчэ са школьнай парты павінен усведамляць значнасць свайго абавязку і неабходнасць не толькі любіць радзіму, але і быць гатовым яе абараняць у любы час, — падкрэсліў Мікалай Мікалаевіч.

У гэтым годзе праграма сустрэчы ветэранаў прайшла ў больш пашыраным фармаце. У ёй прынялі ўдзел таксама ветэраны АУС па Гродзенскай вобласці, якія ў розны час працавалі ў Брэсцкім падраздзяленні. Даўняе сяброўства, адзіныя погляды і мэты — галоўнае злучальнае звяно паміж пакаленнямі супрацоўнікаў унутраных спраў розных гадоў. У гэтых структурах «былых» не бывае, ёсць людзі, якія шануюць сваю прафесію, і нават па выслузе гадоў не мяняюць сваіх прынцыпаў ніколі. Гэта і ёсць вернасць справе, якой прысвячаеш усё жыццё.
— Гродзенская ветэранская арганізацыя заўсёды падтрымлівае ініцыятывы брэсцкіх калег-аднадумцаў. Нашы сустрэчы і пасяджэнні плануем загадзя, абмяркоўваем бягучыя праблемы, вырашаем найбольш значныя пытанні, — гаворыць генерал-маёр міліцыі ў адстаўцы (начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама з 2014 па 2017 гг.) Фёдар Балейка. — Мэта ў нас адна — падтрыманне дзяржаўнага ладу.
Фёдар Фёдаравіч зазначае:
— Сваёй дзейнасцю мы працягваем служыць Айчыне, сустракаемся з сённяшнімі супрацоўнікамі сілавых структур, з моладдзю, падтрымліваем і аказваем пасільную дапамогу састарэлым ветэранам.
Ліпеньская сустрэча ветэранаў у Ружанах была вельмі сімвалічнай: у гэтыя дні 80 гадоў таму тэрыторыя нашага раёна была цалкам вызвалена ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, з гэтага знамянальнага часу пачалася новая гісторыя адраджэння і развіцця цэлага рэгіёна. Ветэраны службы ўсклалі вянкі да брацкай магілы салдат, якія загінулі ў баях за свабоду і незалежнасць Радзімы ў Вялікай Айчыннай вайне, ушанавалі памяць герояў мінутай маўчання.

— Безумоўна, ветэранская арганізацыя сістэмы МУС арганізавана і зладжана, удзельнічае ў розных мерапрыемствах патрыятычнай накіраванасці, праяўляе клопат і ўвагу ў стаўленні пажылых саслужыўцаў. Мы заўсёды віншуем нашых калег з юбілейнымі датамі, аказваем адрасную дапамогу. Як гаворыцца, было б жаданне, а работа заўсёды знойдзецца. Вось па такім прынцыпе жыве і працуе наша арганізацыя сёння, — кажа генерал-маёр міліцыі ў запасе (начальнік УУС Брэсцкага аблвыканкама з 2009 па 2012 гг.) Уладзімір Сычэўскі.
Уладзімір Васільевіч мае рацыю: поспех ветэранскай арганізацыі сістэмы МУС у тым, што традыцыі, закладзеныя папярэднікамі, шануюць і працягваюць іх сучаснікі, назапашваюць уласны вопыт і ахвотна дзеляцца ім з новаспечанымі калегамі па цэху.
Гэта і ёсць — сапраўднае «міліцэйскае братэрства», дзе плячо сябра надзейнае, а рука дапамогі заўсёды побач.
Ірына Велясевіч.
Фота Кацярыны Масік
Больш фотаздымкаў тут: https://vk.com/album-23306785_303386682 і https://ok.ru/budni/album/981063689096