Май для сям’і Ляхоцкіх — асаблівы месяц. А сёлета дык як ніколі: галава сям’і адзначае не проста дзень нараджэння — юбілей, а пераможны май, які шмат гадоў таму так набліжаў і Мікалай Іванавіч, зробіць свой адлік ужо 75 раз. Сёмага мая Мікалай Ляхоцкі пераадолеў — толькі ўявіце сабе — векавую мяжу жыцця.
Сёмага мая, у дзень, калі Мікалай Ляхоцкі адзначаў свой векавы юбілей, у ветэрана было мноства гасцей. І не толькі яго родныя, але і шматлікія прадстаўнікі раённай улады, ветэранскай і іншых грамадскіх арганізацый, мясцовыя артысты.
Памятныя падарункі і цёплыя словы — гэтага ў Мікалая Іванавіча ў яго дзень нараджэння было ў дастатку. Але старшыня райвыканкама Ю.Ю.Бісун пажадаў юбіляру, каб у жыцці было яшчэ нямала радасных момантаў, а паток увагі да яго быў невычэрпным. Невыпадкова напярэдадні 9 Мая выказваліся словы ўдзячнасці за мірнае неба над галавой. «Не дай Бог, каб яшчэ некалі здарылася такая бяда, з якой у маладосці сутыкнуліся Вы. Шчыра ўдзячны за тое, што, нягледзячы на такі паважаны ўзрост, займаеце актыўную грамадзянскую пазіцыю, дзеліцеся сваім жыццёвым вопытам з моладдзю. Рады, што на Пружаншчыне ёсць такія годныя людзі, якія ва ўсіх сэнсах з’яўляюцца прыкладам для астатніх», — зазначыў Юрый Юр’евіч, звяртаючыся да ветэрана Вялікай Айчыннай вайны.
Бадай, самым дарагім падарункам для імянінніка стаў
юбілейны медаль «75 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.». Шматлікія госці пажадалі ветэрану сілы і жадання прыняць удзел у святочным парадзе з нагоды Дня Вялікай Перамогі ў наступным годзе.
У свае сто гадоў Мікалай Іванавіч можа паскардзіцца на дрэнны слых, які не дае паўнавартасна падтрымліваць зносіны з субяседнікам, на тугу, якая апанавала пасля сыходу з жыцця яго другой палавінкі (пражылі разам з Лідзіяй Паўлаўнай амаль 70 гадоў)… Але толькі не на памяць, якая захоўвае нямала ўспамінаў: сумных і радасных, жудасных і прыемных, неверагодных і недарэчных. Быццам учора гэта было, памятае ветэран і свой франтавы шлях.
— Мяне мабілізавалі адразу ж пасля вызвалення Пружан. Спачатку нас, навабранцаў, адправілі на вучобу. А як толькі навучыліся трымаць у руках аўтаматы — на перадавую, — расказвае М.І.Ляхоцкі.
У барацьбе за мірнае неба салдату не раз даводзілася глядзець смерці ў вочы, рызыкаваць жыццём. Так цудам застаўся ў жывых і падчас аднаго з баёў пры вызваленні Польшчы. Вось як пра гэты эпізод сваёй франтавой біяграфіі расказвае сам Мікалай Іванавіч:
— Бой быў складаны: мы з цяжкасцю прарвалі варожую абарону. Толькі сабраліся ў напаўразбуранай хатцы адпачыць, а ў камандзіра ўзвода — новы загад. Мусілі выйсці на вуліцу, і раптам — выбух. Ды такі, што ад хаціны нічога не засталося…
Асколак гэтай міны дастаў і яго. Праўда, толькі лёгка чыркнуў па спіне, прабіў кацялок.
Нямала кіламетраў кулямётчык пяхотных войскаў прайшоў па Усходняй Прусіі. Тады ён ізноў быў паранены. Як мяркуе сёння ветэран, відаць, нарадзіўся ў кашулі: на гэты раз яго ўратавала брытва, што ляжала ў кішэні ватоўкі, у яе і трапіла куля. У медсанбаце яе кавалачкамі даставаў з цела ўрач. Да сваіх паранены Мікалай Іванавіч «з гарачкі» дабраўся сам — вельмі баяўся, што яго пакінуць на полі бою. Але на гэтым яго франтавы шлях завяршыўся. Вестку аб доўгачаканай Перамозе сустрэў ужо ў шпіталі: нага доўга не загойвалася, давялося двойчы рабіць аперацыю.
Летам 1945-га М.І.Ляхоцкі вярнуўся ў Пружаны. Пазнаваў і не пазнаваў горад — разбіты, спалены, бязлюдны. Цудам застаўся цэлым родны дом, у якім яго чакала жонка. У мірным жыцці заняўся не менш пачэснай справай: уладкаваўся вадзіцелем у аддзяленне «хуткай дапамогі». Больш за трыццаць гадоў адпрацаваў там.
Мікалай Іванавіч больш любіць расказваць пра сямейнае жыццё, працоўныя будні. Як старажыл горада добра памятае, якімі шмат гадоў таму былі родныя Пружаны, як пераўвасабляліся, набывалі сучаснае аблічча. З задавальненнем дзеліцца сваімі ўспамінамі з гісторыкамі, краязнаўцамі і шматлікімі гасцямі, якія завітваюць да яго з розных нагодаў: хто шукае свае карані, хто па дробках збірае забытыя факты з гісторыі горада. Рады ветэран і гасцям, якія завітваюць да яго напярэдадні 9 Мая, каб падзякаваць за мірнае неба над галавой і, вядома ж, павіншаваць з днём нараджэння.
Дажыць да такога «круглага» ўзросту ў 100 гадоў, як і Мікалай Іванавіч, наканавана не кожнаму. Як гэта ўдалося?
— Мяне ж было «пахавалі». Напэўна, гэта пасля таго гарачага бою, — расказвае юбіляр. — У 80-ыя гады мінулага стагоддзя ў «раёнцы» быў змешчаны спіс жыхароў Пружаншчыны, якія загінулі пры вызваленні Польшчы. Я зацікавіўся, а раптам сустрэну знаёмае прозвішча? А прачытаў… сваё. Указана было, калі загінуў, і нават нумар магілы, дзе пахаваны. Патэлефанаваў аўтару М.А. Шульману: маўляў, я ж на самай справе жывы! Міхаіл Аркадзьевіч патлумачыў, што гэта архіўныя дадзеныя, і шчыра папрасіў прабачэння за чужую памылку. Тады я падумаў: значыць, буду жыць доўга — за тых, хто не вярнуўся з поля бою…
Марына Вакульская. Фота Сяргея Талашкевіча.