Вторник, 5 ноября 2024

Ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Васільевіч Бальцэвіч

311

Першае, на што ўпаў позірк, калі ўвайшлі ў дом, дзе пражывае ветэран Вялікай Айчыннай вайны Павел Васільевіч Бальцэвіч, — свежы нумар раённай газеты.

— Так, «раёнку» выпісваем, — у адказ на пытанне ківае галавой дачка Валянціна Паўлаўна. — Хоць бацька і страціў зрок, гады два, як зусім не бачыць, але навінамі цікавіцца, я яму пастаянна чытаю.

Нямала расказана і напісана, у тым ліку і ў пружанскай газеце, пра пакаленне, на дзяцінства і юнацтва якога выпалі выпрабаванні Вялікай Айчыннай вайны. І кожны раз, калі гутарыш з тымі, хто перажыў іх, адчуваеш жах і боль ваенных гадоў, а яшчэ — удзячнасць за Перамогу, атрыманую неймаверна цяжкай цаной.

Адзін з такіх людзей — жыхар Аранчыц Павел Васільевіч Бальцэвіч. Ва ўтульным доме 22 чэрвеня традыцыйна збіраюцца дзеці са сваімі сем‘ямі (а ў ветэрана тры дачкі, пяцёра ўнукаў, сем праўнукаў), сваякі, былыя калегі, прадстаўнікі мясцовай улады, ветэранскай арганізацыі: дзень нараджэння ветэрана прыпадае якраз на дату пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Сёння Паўлу Васільевічу спаўняецца 99. У такім шаноўным узросце кожны пражыты год можна лічыць за юбілейны.

— У сям‘і нашай было шасцёра дзяцей, — кажа Павел Бальцэвіч. — Чацвёра хлопцаў і дзве дзяўчыны. Жылі мы на хутары непадалёк ад чыгункі, тады ўбок рэчкі шмат хутароў было, дзясятка паўтара. Калі вайна пачалася, мне якраз 16 гадоў споўнілася. Неяк жылі. А ў красавіку 1943 года забралі мяне ў Германію на прымусовыя работы. Проста аднойчы паліцай падышоў, кажа, табе 15 мінут на зборы. А нашых хлопцаў да таго часу нямала ўжо вывезлі, так што рэчы напагатове мы трымалі. Ды якія там рэчы былі, кавалак сала ды няхітры скарб у фанерным чамадане… Пагрузілі ў цягнік — на вакзале ў Аранчыцах шмат людзей сабралася тады — і на захад.

Трапіў Павел да гаспадара на самую мяжу Польшчы з Германіяй, працаваў каля двух гадоў. А вясной 1945-га, калі нарэшце прыйшло вызваленне, апрануў салдацкі шынель і рушыў з войскамі 1-га Беларускага фронту да самага Берліна.

Няёмка прымушаць састарэлага чалавека вяртацца да цяжкіх успамінаў: як пехатою са стралковым палком ішоў праз Германію, як адчайна супраціўляліся фашысты. Але наколькі кранаюць за душу гэтыя ўспаміны.

— Біліся немцы да апошняга на сваёй зямлі, — зазначае ветэран, — жорсткія ішлі баі.

16 красавіка пачалася Берлінская наступальная аперацыя. Савецкія часці, у тым ліку полк, дзе служыў наш зямляк, падышлі да ракі Шпрэе, на супрацьлеглым баку якой занялі абарону гітлераўцы. Атрымалі загад — фарсіраваць водную перашкоду.

— Шмат нашых тут загінула. Ажно вада была чырвонай ад крыві. Але ж трэба неяк раку пераплыць! Быў у нас камандзірам маладзенькі лейтэнант з вучылішча. Дык мы з ім знялі дзверы з нейкіх нямецкіх дач — і на тых «плаўсродках» паплылі. Пашанцавала, нават не параніла, а ў выніку мы першымі пераплылі.

Праз некаторы час ім зноў давялося сустрэцца, і аказалася, што лейтэнант атрымаў ордэн Кутузава за гэты подзвіг. А Бальцэвіча ўзнагарода абышла: лічылася, што спачатку ён павінен быў загладзіць «віну» за знаходжанне ў нямецкім рабстве.

Але заслужаныя баявыя медалі на грудзях ветэрана ўсё ж з‘явіліся: «За ўзяцце Берліна», «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.» Толькі было гэта крыху пазней, калі ўжо адгрымелі пераможныя залпы. А за наступныя гады да іх дадалася нямала юбілейных узнагарод, а таксама ордэн Вялікай Айчыннай вайны ІІ ступені.

— У баях на вуліцах Берліна таксама шмат саслужыўцаў палягло, — працягвае аповед Павел Васільевіч. — Адзін салдат, ужо ва ўзросце, усё казаў, што ад самай Масквы ідзе і ніводная куля яго не бярэ. Маўляў, зусім крыху засталося, няма чаго баяцца. І вось мінамётны абстрэл — і міна трапляе проста ў яго… Бывала, што вядзем стральбу з падвала дома, а на верхніх паверхах фашысты заселі, таксама страляюць. З такога падвала мы з таварышамі бачылі, як на рэйхстаг караскаюцца чырвонаармейцы з чырвоным сцягам. Літаральна ў якой сотні метраў ад нас! А потым фашысты капітулявалі, і столькі палонных па вуліцах пайшло, генералы, афіцэры, ужо не кажучы пра салдат.

Бальцэвіч удзельнічаў у пераможным парадзе ў Берліне. Узгадвае, што салдатам выдалі новенькае абмундзіраванне, наладзілі святочны абед з рознымі нябачанымі падчас вайны смакоццямі. А са сталоўкі адразу ён трапіў у часць, застаўся служыць у арміі яшчэ на чатыры доўгія гады…

Вярнуўся дадому толькі ў 1949-м. Калі трапілі ў Мінск, аказалася, што маскоўскі цягнік на Брэст пойдзе толькі назаўтра. Настолькі не цярпелася хутчэй аказацца дома, што разам з Уладзімірам Плеска з Вялікіх Якавіч паехалі прыгараднымі цягнікамі, з перасадкамі. У Бярозе той маскоўскі іх і абагнаў.

— Быў другі дзень Вялікадня, 25 красавіка. Рушыў да нашага хутара, а вада разлілася, не прайсці праз луг, у боты цячэ. Раптам бачу — мама бяжыць насустрач…

Радаснай была сустрэча, але не дажыў да гэтага дня бацька Паўла, памёр ужо пасля вызвалення. А старэйшы брат Анатоль загінуў у студзені 1945-га пры вызваленні Польшчы і сям‘я нават не ведае, дзе ён пахаваны.

Нарэшце пачалося мірнае жыццё Паўла Бальцэвіча. Вясной 1949-га вярнуўся, а восенню згулялі вяселле, нават адразу два ў адзін дзень: Павел ажаніўся, а сястра яго выйшла замуж. Дэмабілізаваны вайсковец адразу ўладкаваўся на працу ў Пружанскі лясгас, а з 1956 года да выхаду на пенсію служыў на Аранчыцкай вайсковай нафтабазе начальнікам каравула.

Ветэран расказвае, а калі забывае нешта, падказвае Валянціна Паўлаўна, якая дасканала ведае пра ўсе моманты бацькавага ваеннага жыцця. Добра, калі ёсць каму перадаць гэтую памяць, з вуснаў у вусны, з пакалення ў пакаленне.

Здароўя Вам, Павел Васільевіч, бадзёрасці, яшчэ доўгіх гадоў жыцця, сустрэчы юбілейных дат і па-ранейшаму цёплых і клапатлівых адносін з боку блізкіх людзей, усіх навакольных. Вы гэта заслужылі сваім жыццём.

Ірына Сядова Фота Кацярыны Масік