Четверг, 25 апреля 2024

Ветэран вайны ў Афганістане Васілій Кніга: «Была магчымасць дэмабілізавацца пасля шпіталя, але вырашыў, што гэта здрада перад маімі баявымі таварышамі»

432

Амаль 40 гадоў мінула з той «камандзіроўкі» Васілія Кнігі ў далёкі Афганістан у саставе абмежаванага кантынгенту войскаў, якія выконвалі інтэрнацыянальны абавязак па падтрыманні законнай улады. Тады гэта называлася «камандзіроўка», сёння ж мы дасканала ведаем, што многім беларускім хлопцам давялося пабываць на сапраўднай вайне. Вось толькі не такой, дзе ёсць вызначаны фронт, калі перад табой ворагі, а за спінай тыл, які падтрымае і дапаможа сваім байцам. А на той, дзе мірныя днём тэрыторыі ноччу могуць ператварыцца ў перадавую, дзе на кожнай гары можа чакаць засада. Дзе смерць была літаральна за варотамі ўмацаванага вайсковага лагера…

Вось толькі гэта ўжо даўно не ўспамінаецца Васілію Васільевічу. Больш памятаецца сапраўднае сяброўства, нават пабрацімства, якое ў такіх умовах станавілася крыштальна празрыстым. А таксама ўспамінаецца тое, што кожны «афганец» выконваў не эфемерны «абавязак», а сапраўдны доўг перад сваімі баявымі таварышамі.

Прызыў… у Афганістан


Васілія Кнігу, навасёлкаўскага хлопца (Сухопальскі сельсавет), прызвалі на тэрміновую ваенную службу ў 1984 годзе, калі яму якраз споўнілася 18 гадоў. Тады ўжо актыўна цыркулявала пагалоска, што многіх навабранцаў накіроўваюць у Афганістан. Але нікому пра гэта адразу не гаварылі, і пэўныя спадзяванні, што не трапіш на вайну, былі ў кожнага. Як і ў Васілія, якога спачатку накіравалі ў Мар’іну Горку, на прахаджэнне курса маладога байца. Вось па заканчэнні КМБ і сталі ўзнікаць падазрэнні наконт будучага лёсу.

— Прайшла інфармацыя, што частку з нас будуць накіроўваць у Германію, што пацвердзілася, калі некаторыя атрымалі бушлаты і ялавыя боты, — успамінае Васілій Васільевіч. — Нам жа выдалі шынялі з кірзачамі, а ў ваенна-ўліковых дакументах была прастаўлена літара «А».

Так і атрымалася: у Мінску шляхі навабранцаў разышліся, адны адправіліся на захад, а іншыя — на ўсход. Праз кароткі час, напачатку 1985 года, Васілія перавялі ў Кушку, дзе праходзіла канчатковае навучанне будучых воінаў-інтэрнацыяналістаў.

За «рэчкай»


У студзені 1985 года падраздзяленне, дзе служыў Васілій Кніга, было пераведзена ў правінцыю Панджшэр, а праз некаторы час ён трапіў на ахову ваеннага аэрадрома ў Баграме. Там прабыў пару месяцаў, да прыезду «купцоў», якія шукалі папаўненне для 177-га атрада спецыяльнага прызначэння пад камандаваннем маёра Барыса Керымбаева, ці «Кара-маёра», як яго называлі душманы. Васілій Васільевіч лічыўся адным з вопытных вадзіцеляў грузавых аўтамабіляў, з-за чаго яго прозвішча трапіла ў спісы адабраных літаральна ў першых радках. Так ён трапіў у правінцыю Газні, дзе знаходзіўся пункт дыслакацыі атрада. Вось толькі паездзіць давялося па самых гарачых кропках Афганістана.

Звязана гэта было з тым, што спецназаўцы праводзілі аперацыі ў самых складаных кропках, там, дзе агульнавайскавымі сіламі справіцца было немагчыма. Пры гэтым «радыус адказнасці» атрада распаўсюджваўся на 180-200 кіламетраў. Вось за дастаўку падраздзяленняў і адказваў Васілій Кніга з іншымі напарнікамі-вадзіцелямі. Напрыклад, у снежні 1985 года на знішчэнне караванаў са зброяй у цясніне Ургун, якая была выключнай вотчынай душманаў. Па словах ветэрана, непасрэдна ў баявых дзеяннях яны не прымалі ўдзел, аднак іх службу наўрад ці можна назваць мірнай. І першае такое выпрабаванне адбылося 21 мая 1985 года, што запомніў наш зямляк на ўсё жыццё.

У архіве Васілія Кнігі ёсць нярэзкі фотаздымак, дзе можна разгледзець яго ў палявой форме на фоне грузавіка. Здаецца, што такога адметнага ў звычайным сюжэце? Вось толькі гісторыя ў гэтага фота незвычайная. Зроблена яно якраз 21 мая 1985 года, пасля абстрэлу калоны атрада, калі тая трапіла ў засаду. Тады душманы гранатамётамі і стралковай зброяй знішчылі 2/3 калоны. Пасля заканчэння бою былі падлічаны страты: падраздзяленне страціла забітымі і параненымі 21 чалавека. У грузавіку спераду ехаў саслужывец Васілія, які і сфатаграфаваў момант, калі сціхлі выстралы і выбухі. Вось толькі потым аказалася, што ён быў паранены ў абедзве нагі, з-за чаго і не атрымалася навесці рэзкасць…

Пасля гэтага калоны, у якіх ездзіў наш зямляк, яшчэ не адзін раз траплялі ў засаду. Даводзілася пад абстрэлам вывозіць байцоў з месца правядзення аперацый.

Ці было страшна?


— Не памятаю, ды і не да страху было ў такія моманты, літаральна ператвараешся ў робата з аўтаматычнымі дзеяннямі, задача якога — даехаць як мага хутчэй да зацішша, даставіць тэрмінова параненых, — дзеліцца ўспамінамі ветэран.

За правільныя дзеянні ў першай засадзе Васілій Кніга быў прадстаўлены камандаваннем атрада да медаля «За адвагу». Пазней было яшчэ адно прадстаўленне — на медаль «За баявыя заслугі». Але ў абодвух выпадках прыйшла адмова з фармуліроўкай «за недастатковасцю гераізму». Магчыма, па прычыне таго, што Кніга раўнадушна паставіўся да прапановы стаць камуністам… Хаця пры дэмабілізацыі ўсё-такі атрымаў Грамату Вярхоўнага Савета СССР за подпісам Гарбачова.

А пра сваё стаўленне да «інтэрнацыянальнага абвязку» наш зямляк расказвае наступнае.

— Напрыканцы 1985 года я захварэў на гепатыт, з-за чаго разам з саслужыўцам быў эвакуяваны ў шпіталь у Саюз. Там было прапанавана дэмабілізавацца. Угаворвалі і бацькі, якія тэрмінова самалётам прыляцелі да сына. Але я вырашыў, што гэта будзе здрада перад маімі баявымі таварышамі. І пасля выпіскі са шпіталя вярнуўся назад у Афганістан. Хаця саслужывец скарыстаўся магчымасцю і вярнуўся дадому, ва Украіну…

— Што пісалі ў лістах дадому?

— Толькі пра тое, што жывы і здаровы, апісваў надвор’е, пра тое, што ёсць сапраўдныя сябры, нават пра зручнае адзенне. Словам, пісаў так, каб бацькі думалі, што ў мяне ідзе руцінная служба, без усялякіх пагроз. Так жа потым паступаў і мой брат, які пайшоў служыць за дзень да маёй дэмабілізацыі. Яго падраздзяленне пагранвойскаў знаходзілася на афганскіх землях, хаця бацькі ўвесь час думалі, што ён служыць у Саюзе.

Беражыце мір!


Восенню 1986 года тэрміновая служба для Васілія Кнігі закончылася. Яму пашчасціла вярнуцца дадому жывым і здаровым. Тут пазнаёміўся з будучай жонкай, з якой выхавалі сына і дачку, ужо маюць адну ўнучку. Тут пайшоў працаваць спачатку ў аўтапарк, праўда, потым на «вольны хлеб» падаўся, але зноў вярнуўся ў родную арганізацыю, дзе і працуе зараз вадзіцелем грузавога аўто.

Вось толькі тыя амаль два ваенныя гады пакінулі свой след. Да арміі Васілій успамінае сябе як вясёлага, гарэзлівага хлопца. Пасля звальнення ў запас вярнуўся негаваркі мужчына, які кожны свой крок, дзеянне пастаянна ўзважвае і плануе.

— Не ўсе здолелі жыць з тым, што там убачылі, многія са знаёмых, хто таксама пабываў у такой «камандзіроўцы», нават да ўнукаў не змаглі дажыць, — смуткуе ветэран-інтэрнацыяналіст. — Для мяне яскравым прыкладам заўсёды быў мой камандзір узвода Мікалай Грышын, які зараз жыве ў Баранавічах. У той першай засадзе 21 мая 85-га ён быў паранены і поўнасцю страціў зрок, з-за чаго далейшага жыцця для сябе не бачыў. Але сям’я пераканала яго, і зараз Мікалай гадуе ўжо некалькіх унукаў, піша вершы, на якія пакладзена музыка і выконвае песні на гітары. На такое здатны толькі моцны духам чалавек.

Таксама, як і чытачы нашай газеты, ведаю такіх людзей, нашых землякоў, якія знайшлі сябе ў цывільным жыцці. Як бы склалася іх жыццё, калі б ім не давялося пабываць «за рэчкай»? Тая «камандзіроўка» навучыла іх больш цаніць жыццё, шчыра ставіцца да дапамогі і самім падтрымліваць іншых. А яшчэ захоўваць спакой на сваёй зямлі, каб ужо іх унукі маглі бестурботна будаваць сем’і, дамы, планаваць адпачынак і адзначаць толькі мірныя святы.

Алег Сідарэнка.

Фота Кацярыны Масік і з архіва ветэрана